Страница 96 из 104
Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.
Дырэктар скардзiўся:
- Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
- Парайце, што купiць у падарунак жонцы.
- Сямён Парфёнавiч! - з дакорам зазначыў дырэктар. - Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?
"Падхалiм", - падумаў Гукан i строга адказаў:
- Я гэтага не люблю.
Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.
- Што б вы хацелi? - спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.
"Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну", - усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
- Далiбог, не ведаю. На ваш густ.
- Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
- Пенсiённы век.
У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi:
- Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi.
Гукану хацелася спытаць: "А на прылаўках яны ў вас ёсць?" Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
- Давайце шаль. Давайце кофтачку.
- Вось гэта муж! - аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць.
На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзiла нямнога, з Гуканам прывiтаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамi ў руках i размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе i калi сустракаўся з iм, Сямён Парфёнавiч нiяк не мог. I раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.
- Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам.
- Дзякую. Вас таксама.
- Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю.
- Вiншую вас.
- Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць...
- Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi...
- Не валiце з хворай галавы...
Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара.
- Малады чалавек! Не забывайце!..
- Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, - хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.
Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае - пра яго далейшы лёс - не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: "Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма".
Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!..
"З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!"
Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi - у адбудове горада. "Выселкi забудоўваюцца дрэнна". "Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан".
Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў.
Можна было iсцi дадому - рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьцi зрабiлася страшна iсцi ў пустую кватэру цi, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такiх размоў у свой службовы кабiнет, у якiм ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна i ўпэўнена.
Рабочы дзень быў кароткi - напярэдаднi выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзiны. Аднак работнiкi разыходзiлiся. Праўда, убачыўшы старшыню, многiя збянтэжылiся, вярнулiся. Гукан умеў трымаць дысцыплiну, i яго баялiся. Ён не помнiў, каб калi-небудзь вось так разыходзiлiся. Гэта яго таксама спалохала. "Няўжо пранюхалi? Трэба сабраць усiх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну i павiншаваць з наступаючым". I тут жа падумаў, што выйдзе так, як павiншавалi яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збiраць супрацоўнiкаў. Яго ашаламiла, што няма сакратаркi. I пустата ў прыёмнай - нiводнай жывой душы. "Гэты пiсака мог раззванiць па горадзе раней, чым прынята рашэнне", - падумаў ён пра Шыковiча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.
Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкiнуўся на спiнку, выцягнуў ногi. Толькi цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусiм разбiты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома i бяздумна. Нiкога не хацелася выклiкаць, нiкога не хацелася бачыць. Толькi калi ў калiдоры загудзелi крокi i галасы - супрацоўнiкi выходзiлi ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзiннiк - было роўна тры - i падумаў зноў са злосцю:
"Адной хвiлiны лiшняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамi". I яму захацелася, на злосць усiм, працаваць да позняга вечара. Але што рабiць?
Пазванiў свайму старому сябру Мухлю.
- Пятро Макаравiч! З наступаючым... Прабач, брат, але навагоднi баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавiна. Дзякую. Перадам. Тваiм таксама.
Трэба яшчэ двум чалавекам званiць - адмяняць запрашэнне. А жонка нiчога не ведае i, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазванiць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабiлася шкада жонкi. I падарункi, якiя купiў, здалiся мiзэрнымi i непатрэбнымi. Хiба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як нiколi раней, ён зразумеў, што яна - той адзiны чалавек, якi нiколi не пакiне яго, што б нi здарылася, з якiм яму давядзецца дажываць свае пенсiённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, i захацелася зрабiць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункi.
Заказаў Менск. Далi хутка, хвiлiн праз дзесяць. Адказала дачка.
- Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабi ты маме навагоднi падарунак. Якi? Бяры нашчадка, сядай у цягнiк - i да нас пад Новы год. Што? У Вовiка панос? - Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовiк, Сямён Парфёнавiч узлаваўся: - Панос, панос... - i гаркнуў на ўвесь кабiнет: - У мяне таксама панос! - i сярдзiта кiнуў слухаўку.
Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавiча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамi хворага адчынiў шуфляду стала, дастаў цюбiк з валiдолам, укiнуў таблетку ў рот.
Увайшоў Кушнер.
Гукан не любiў свайго намеснiка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кiм-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамi - апошняй справай года, якi мiнае.
- З наступаючым, Сямён Парфёнавiч.
- Цябе таксама, Iван Фёдаравiч.
Кушнер сваёй адзiнай левай рукой моцна, да болю, сцiснуў правую руку старшынi, зблiзку зазiрнуўшы ў твар.
- Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавiч, несвяточны выгляд.
Гукан паскардзiўся:
- Сэрца зноў. Бачыш, валiдол смакчу.
- Але, iнвалiды мы з табой.
- Ну, ты яшчэ iнвалiд баявы. А я, брат, усё. - I даверлiва прызнаўся: Хачу прасiцца на пенсiю.
- Ды што вы! - шчыра здзiвiўся Кушнер.
- Як думаеш, персанальную дадуць?
- Безумоўна. Каму ж тады даваць.
- Ты ведаеш усе мае заслугi?
- А хто iх не ведае! Ты сам iх распiсаў...
Гукана ўсяго перасмыкнула.