Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 65 из 104

Ён спынiў дзяўчыну, здзiвiўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасцi, памяркоўнасцi.

- Не, не... Няхай заходзяць. Калi ласка, - сказаў мiтуслiва, разгублена, а сам думаў:

"Абодва. Без званка. Не папярэдзiўшы. Што iм трэба?"

Намеснiк яго, Кушнер, з якiм яны працавалi над пiсьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсцi. Гукан i яго спынiў:

- Не, не... Застанься.

Пайшоў да дзвярэй, шырока i прыветлiва расставiўшы рукi, нiбы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.

- Ну, ну!.. Каго я бачу! - выгукнуў ён, калi ў дзвярах з'явiлася мажная постаць Яраша. - Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьмiч, старшыня камiсii, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кiрыла, даўно ўжо не быў, - пацiскаючы руку Шыковiчу, усмiхнуўся Гукан. - Усё ездзiш? Шукаеш герояў?

- Шукаю, - адчуўшы хiтра схаваную iронiю ў Гуканавых словах, сур'ёзна i цвёрда адказаў Шыковiч.

- Прашу, прашу, - паказваў на мяккiя крэслы каля рабочага стала Гукан.

Калi яны прывiталiся з Кушнерам i селi насупраць адзiн аднаго, Гукан зiрнуў на вялiкi гадзiннiк, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгiя размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:

- Якi клопат звёў разам медыцыну i лiтаратуру?

Яраш сказаў проста, без дыпламатыi:

- Сямён Парфёнавiч, трэба памагчы аднаму чалавеку.

- Трэба - паможам. Калi хадайнiчаюць два дэпутаты...

- Жанчыне, - сказаў Шыковiч, зазiраючы старшынi ў вочы.

Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковiч не зводзiць з яго вачэй, i гэтыя дапытлiвыя позiркi - "Што ён хоча ўбачыць?" - нервавалi яго.

- Тым больш неабходна памагчы.

- Трэба невялiчкая, на адзiн пакой, але асобная кватэрка.

Гукан цiха свiснуў:

- Таварышы дарагiя, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.

- Жанчына ў бальнiцы. Пасля цяжкай аперацыi.

- На сэрцы, - падказаў Шыковiч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукi, у якiх ён круцiў тоўсты зялёны аловак.

- Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? - зацiкаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасцiўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. - Што ў яе - нiкога няма родных?

- Няма.

- А дзе яна жыла да аперацыi?

- Наймала прыватны куток. На ўскраiне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.

- Безумоўна, - згадзiўся Кушнер i пакiваў галавой. - Выпадак цяжкi. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.

Гукан падсунуў да сябе вялiкi настольны каляндар, нацэлiўся ў яго алоўкам:

- Як яе прозвiшча?

- Савiч, Соф'я Сцяпанаўна, - хутка адказаў Кiрыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.

Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкi твар каля вачэй i тут жа звузiўся шчокi аплылi ўнiз. Абяскровiлiся глыбокiя залысiны. Гукан залiшне доўга не ўзнiмаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, i нешта накшталт сумнай усмешкi скрывiла яго вусны:

- Гэта не таго Савiча?

- Таго, - жорстка адказаў Кiрыла.

- Яна прапiсана ў нас? - спытаў Гукан абыякавым голасам.

- Чатыры гады жыве. I працуе.

Шчокi аплылi яшчэ раз - нiбы пад гладка паголенай скурай перакочвалiся нейкiя валiкi.



"Чорт! - вылаяўся Сямён Парфёнавiч у думках. - Трэба мiлiцыi накруцiць, каб такiх без майго дазволу не прапiсвалi".

Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п'едэстал, засунуў рукi глыбока ў кiшэнi штаноў. Сказаў афiцыйна i катэгарычна:

- Што ж... Паглядзiм. Можа, возьмем на чаргу.

- Не будзь бюракратам! - амаль пагрозлiва папярэдзiў Шыковiч.

Гукана ашаламiлi не столькi словы, колькi тон, тое, што "пiсака гэты" вось так да яго - на "ты".

- Дзён праз дзесяць Савiч можна выпiсаць, - спакойна паведамiў Яраш i наском чаравiка наступiў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.

- Праз дзесяць дзён, Антон Кузьмiч, i размовы не можа быць. - Гукан звяртаўся цяпер толькi да хiрурга. - Што вы! Ды яшчэ асобная... Такiх i кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.

- Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфiскацыi маёмасцi няма. Дом належыць ёй, - сказаў Шыковiч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.

- Яслi? - на мiг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамi, як журавель на ўзлёце крыламi, i закрычаў, здавалася, узрадавана: - Цудоўна! Цудоўна! - Да Кушнера: - Ты чуў? Выкiнем на вулiцу дзяцей! Сотню дзяцей! I аддамо дом, у якiм, дарэчы, амаль нiчога не засталося Савiчавага, ён перабудаваны i надбудаваны намi з табой... аддамо гэты дом - каму? Дачцэ...

- Вiна Савiча не даказана! - злосна перапынiў яго Кiрыла.

Гукан шырокiмi крокамi выйшаў з-за стала i стаў перад Шыковiчам у непахiснай паставе, з цвёрдасцю i жорсткасцю ў твары.

- Не, таварыш Шыковiч, даказана! Вельмi добра даказана! Усiмi органамi. А вы не думайце, што калi знайшлi нейкую знахарку i яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалi, зрабiлi пераварот у гiсторыi падполля. Вы наiўны чалавек, Шыковiч. Для мяне цяпер ясна, чаму напiсаны ваш артыкул. Як толькi паявiлася гэтая асоба...

- Пра асобу гэту ты памаўчы. - Кiрыла хацеў сказаць: "Хто, як не ты, загнаў яе ў Сiбiр?", але Яраш зноў штурхануў яго нагой.

Антону Кузьмiчу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта - кватэра. Ён даў сабе слова любымi сродкамi вырваць для Зосi пакой, i сварыцца з Гуканам зусiм не ўваходзiла ў яго планы.

- Не прэтэндуе яна на дом, - сказаў ён. - Налiха ёй той дом!

- А вось камунiст, работнiк рэдакцыi прэтэндуе. - Гукан адступiў ад Шыковiча, павярнуўся да свайго намеснiка. - Дзеля гэтага ён гатовы выкiнуць дзяцей... Чаго хочаш... Абы даказаць сваё...

"Ох i дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе", - думаў Шыковiч, але пад выразнымi позiркамi i жэстамi сябра маўчаў.

- А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? - неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкi, але, чалавек сумленны, просты i шчыры, адчуў, што праўда на баку хiрурга i пiсьменнiка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.

Гукан аж крутнуўся на адной назе - да намеснiка:

- Ты можаш даць?

- Магу, - з добрай усмешкай адказаў Кушнер. - Роўна праз тыдзень рачнiкi здаюць дом па Элеватарнай. Напiшам iм гарантыйнае пiсьмо, i яны пазычаць адну кватэру. Такi выпадак!

- Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны i грамадскi кантроль.

- Якi ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросiм таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнiкамi. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. - Спакойная разважлiвасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсiх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахiлiўся ў адчыненае акно i сарваў зялёны калючы плод каштана. I тады Сямён Парфёнавiч закрычаў вiсклявым, як у iстэрычнай бабы, голасам:

- Не рвi каштанаў! Абшморгаў усё дрэва!

21

Яны стаялi перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якiм пахла фарбай i цэментам. Пакой быў на другiм паверсе. Але i адгэтуль памiж садамi вiднелася лукавiна ракi i зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя i лясныя прасторы.

- Цудоўна! Малайцы рачнiкi! - ухвалiў Шыковiч пасля добрых пяцi хвiлiн маўклiвага любавання i далёкiмi прасторамi, i блiзкiмi садамi, i гонтавымi, шыфернымi дахамi дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпiлiся на пакатым беразе.

- Малайчына Кушнер! - адгукнуўся Яраш. - Ён вытрымаў галоўны бой.

- А ты маўчаў?

- Не маўчаў. Але калi пачалася бойка памiж старшынёй i намеснiкам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставiць слова...

- Не было мяне!

- Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты - флегматык, а ты - афрыканец.

Маша, якая стаяла крыху збоку ад iх, павярнула сваю залатую галаву, усмiхнулася Шыковiчу, як бы ўхваляючы, што ён вось такi, неспакойны.

- Не, ты растлумач, Антон... Здаецца, усё разумею, а паводзiн яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савiч вораг... Хоць зноў-такi, чаму такое нежаданне сур'ёзна, па-новаму разабрацца з фактамi? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбiвалася ў галаву формула, што сын цi дачка не адказваюць за бацьку.