Страница 4 из 104
- Не, без жартаў... "Паказвай прыклад". У чым, дарагая Галiна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благiя прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаваннi чалавека? Праца. Я працую. I ты працуеш! - крыкнуў ён жонцы. - Дык чаму нашы дзецi не навучылiся працаваць? Чаму растуць эгаiстамi? Вось што мяне хвалюе...
- Твае дзецi не горшыя за iншых, - сказала гэта Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з'явiўшыся на парозе з кiлiшкамi i шклянкамi ў руках.
- Не горшыя... Супакоiла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.
- Няпраўда. Пры дзецях я нiколi не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым iм.
- Словы нiчога не значаць, - зноў жа нiбы так сабе, мiж iншым, кiнула Галiна Адамаўна.
Шыковiч узмахнуў рукамi, як ястраб крыламi.
- Вось табе, калi ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялiкую сiлу слова. Жыў за слова, кармiў дзяцей...
Наўрад цi чула Галiна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кiрылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусiм не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнiвая... А вось у размове з iм, асаблiва калi размова пераходзiць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышынi кiдае бясспрэчныя iсцiны. Яна пайшла - i Кiрылу расхацелася шумець i спрачацца. Цяпер толькi ён прыкмецiў, якi доўгi, нязграбны Вiктар. Кожны раз, калi пры iм дарослыя пачыналi гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такiя абражалi хлопца. Наадварот, Наташа слухала iх, разявiўшы рот. I цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кнiжку, а вухам лавiла кожнае слова дарослых. Ёй вельмi хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цiкавiў адзiн стол: як заўсёды, ён наводзiў на iм парадак i прыгажосць. Нi мама, нi цётка Валя не ўмеюць гэта рабiць лепш за яго.
Калi Галiна вярнулася i паставiла на стол талеркi са смажанымi лiсiчкамi i салату са свежых гуркоў, Кiрыла сказаў памяркоўна, прымiрэнча:
- Я толькi адзiн магу зрабiць вывад: залiшне многа выгод даём мы дзецям. Вiдаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам...
Тут не вытрымала Наташа:
- Няпраўда, дзядзька Кiрыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзецi.
Усе засмяялiся з яе непасрэднасцi.
- Давайце за стол, фiлосафы, - запрасiла Валянцiна Андрэеўна.
Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна i хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслi свежасцi, яны апусцiлi на зямлю млявую парнасць. Замерлi дрэвы, нават трапяткая асiна над ручаём сцiшылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусцiўшы на траву кнiгу i звесiўшы руку.
Кiрыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кiдаючы асобныя словы ў размову жанчын i Яраша, часам неўпапад. Гэта iх смяшыла. Смех будзiў знясiленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:
- Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага... ага? - I галава яго зноў падала на грудзi.
- Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, - сказаў Яраш i пайшоў з Вiктарам збiраць рыбацкiя прылады.
Збiраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабiў грукату на верандзе, закрычаў:
- Кiрыла! Даволi дрыхнуць! Хадзем вудзiць.
Шыковiч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногi i павярнуўся на бок. Але Валянцiна Андрэеўна са смехам перакулiла шэзлонг, выкiнуўшы мужа на зямлю.
- Iдзi, iдзi. Няма чаго пуза гадаваць. Цягнi яго, Антон.
Сухое сена (на ўзгорку ляжалi першыя пакосы) разлiвала далёка навокал не толькi густы водар, якi п'янiў, але i асаблiвую цяплынь, якая ўзнiмала настрой, будзiла фантазiю, уяўленнi i ўспамiны маленства. Млявасць была ад нечага iншага, можа, ад тонкага водару кветак у нiзiнах цi едкага паху выкiнутых на бераг водарасцяў, iлу i малюскаў.
Нерухомае возера-старыца нiбы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбiвала такiя ж нерухомыя хмары i дубы. Толькi каля травянiстага берага нябачныя мошкi цi вадзяныя жукi чарцiлi на гэтай гладзi адмысловыя iероглiфы. Рыба лягла на дно - нiводнага ўсплёску. Пакуль Вiктар не разбудзiў цiшу i гладзь блешняй спiнiнга. I адразу возера ажыло: разышлiся кругi, быццам несучы сiгналы небяспекi; з травы вылецела качка, кракнула i ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нiбы кiнулi вялiкi камень.
- Шчупак! Тата, бачыў, якi шчупак? - азартна крыкнуў Вiктар i пачаў кiдаць у тое месца блешню. Калi круцiў катушку, дзiўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзiльна пратыкала яго худы жывот наскрозь.
Мужчыны пастаялi, паглядзелi. Шыковiч прапанаваў тут жа i павудзiць ленаваўся iсцi далей, ён аблiваўся потам.
- Гэтая лужына як заварожана... Браканьерамi... Колькi яны выцягваюць сеткамi рыбы! А я на вуду i спiнiнг не ўзяў нiводнай маляўкi, - сказаў Яраш.
I яны рушылi далей. Адзiн Вiктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.
Рака дыхнула вiльготнай свежасцю i прахалодай. Пахла дажджом. Наблiжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракi. Недарма ў народзе кажуць: рэкi прыцягваюць дождж. Рэкi i лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнiмаецца ўсёй сваёй вiльгаццю насустрач далёкаму дажджу.
Яраш умеў не толькi любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомнiць цi выявiць законы яе з'яў. Шыковiч, нягледзячы на сваю прафесiю, не любiў глыбока пранiкаць у сутнасць гэтых з'яў. У хвiлiны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокiм беразе над вiрыстай плынню, ён узмахнуў рукамi, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду i ад захаплення галёкнуў:
- О-го-го! Хараство-о-о! - i сеў на спаленую жорсткую траву, звесiўшы з абрыву ногi. - Нiкуды далей не iду. Вось тут маё месца. - Кiнуў унiз вуду i сам з'ехаў на спiне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскiнуўшы, як забiты, рукi i ногi.
Яраш, пасмiхаючыся з яго дзiвацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца i сядзець на гэтым месцы - марна трацiць час. А вось ён ведае мясцiну, дзе акунi самi лезуць на кручок.
Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазiны сцёбалi па твары, па руках. Кiрыла лаяўся:
- Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагiнаўся. Цябе Валя падкупiла? Прызнайся.
Яраш смяяўся, iдучы наперадзе. Выйшлi з лазнякоў. Яраш спынiўся i расчаравана свiснуў.
- Захапiў нейкi тып наша месца.
Бераг тут панiжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынiчка: яна жывiла сенажаць, даўжэй трымаючы разлiў, а таму i ўлетку, калi на сухадолах пабляклi ўжо фарбы, пойма яе вабiла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спынiлiся крыху расчараваны Яраш i абыякавы Шыковiч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышалiся мяцёлкi цiмафееўкi i лiсахвосту, кастрыцы i шчаўя. I толькi зязюлiны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалi свае дробныя яркiя кветкi. А там, нiжэй, усё яшчэ цвiло, кожная травiнка; жоўтыя, чырвоныя, лiловыя, васiлькова-сiнiя, блакiтныя кветкi, злiваючыся ў дзiвосны вясёлкавы колер, закрывалi яркую зелень травы.
I там, на мысе, дзе ручай улiваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапiў улюбёнае месца Яраша.
Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякi, але Шыковiч угледзеўся i здзiўлена выгукнуў:
- Фу, чорт! Калi ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта - сам Гукан. Далiбог, ён!
Яны наблiзiлiся. Сапраўды, гэта быў ён - старшыня гарсавета Гукан. Шыковiч прывiтаўся. Гукан адказаў няўважлiва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькi. Адно бамбукавае вудзiльна ён трымаў у руках, другiя былi ўтыркнуты ў глiнiсты бераг. Ён стаяў, шырока расставiўшы свае доўгiя ногi, нахiлiўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокiмi вачамi i густымi сiвымi брывамi, ён нагадваў у профiль ястраба, якi выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракi. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня i рыбнай лоўлi - у белы палатняны касцюм. Але адразу кiдалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нiбы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пiнжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцiкам, з вялiкiмi нагруднымi кiшэнямi, моцна адтапыранымi, i яшчэ большымi бакавымi, таксама нечым напакаванымi. (Можа, гэта i зручна для рыбалова - такое мноства кiшэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвiслая ззаду, яна неяк смешна маладзiла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.