Страница 3 из 104
- Я не люблю ўспамiнаць сваю падпольную дзейнасць, ты ведаеш. На маю долю выпадала самае цяжкае.
Яраш адвярнуўся, упёрся рукамi ў парэнчы так, што пабялелi костачкi пальцаў, i глядзеў на луг. Пад дубамi, па беразе старыцы хадзiла жанчына ў купальным касцюме. "Валя цi Галя?" - падумаў ён, стараючыся пазнаць. I адчуў нейкi дзiўны прылiў вялiкай любвi i замiлаванасцi да жонкi, да дзяцей, да сям'i Шыковiча - да ўсiх добрых людзей i да гэтай цудоўнай прыроды, да зямлi i да неба. Да ўсяго на свеце. Чалавек ён быў сентыментальны, i ад гэтай замiлаванасцi вочы яго сталi вiльготныя. Каб схаваць сваю слабасць, не паварочваючыся, сказаў сурова:
- А папрокаў такiх мне не кiдай! Я тых людзей не забываю.
Шыковiч узяў яго за плячо i прымусiў павярнуцца.
- Не забываеш? - спытаў мякка i раптам груба адштурхнуў ад сябе i зноў закрычаў: - А што ты зрабiў, каб подзвiг iх стаў вядомы?! Каб расказаць пра iх Вiктару, Iрыне, Наташы? Новаму пакаленню?
- Не кожны ўмее расказваць.
- Ты ўмееш! Але табе перашкаджае твая хiрургiя.
- Ну-у, ведаеш...
- У цябе гуманная прафесiя. Ты збаўляеш людзей ад пакут. I табе здаецца, што гэтым ты ўзводзiш помнiк сваiм сябрам.
- Але. Няхай гэта банальна, па-газетнаму... Але ўрэшце нашы добрыя справы... Сапраўды, толькi яны могуць стаць помнiкам.
- Добрыя справы часам рухаюцца нашым эгаiзмам i самалюбствам. Я хацеў хутчэй закончыць аповесць i адмахваўся нават ад таго, каб напiсаць фельетон у газету i памагчы людзям... А ў цябе адна дысертацыя, цяпер - другая... Аперацыi... Справы добрыя ўсе... I ты выдумаў сабе фiласофiю... За яе лёгка схавацца. Працуеш ты - дай бог кожнаму. Але падумай, як было б крыўдна i несправядлiва, каб, напрыклад, гiсторыя абароны Брэсцкай крэпасцi так i засталася пахаванай пад яе руiнамi...
Шыковiч неяк дзiўна, бокам, адкацiўся да дзвярэй, стаў у iх вузкiм праёме, упёршыся локцямi ў вушакi. Ён гарэў жаданнем паспрачацца. I не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй, каб зарадзiць, распалiць самога сябе. Ён чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым i не згаджаўся. Ды гэтае "нешта" нялёгка было яму адразу выказаць, бо ўвогуле ён не любiў i не ўмеў спрачацца.
Ён сказаў пасля паўзы:
- Я першы напiсаў, што не згодны з вашай кнiгай.
- А пасля - у кусты? Так? - саркастычна прыжмурыў свае маленькiя вочкi Шыковiч.
Яраш глыбока ўдыхнуў паветра i рушыў да яго.
- Не будзь, Кiрыла, як кажа мая Наташка, разумны задам. Я вось што скажу табе, - ён узяўся левай рукой за адчыненыя дзверы. - Калi гэтага гарэння ў цябе не на адзiн дзень, калi ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука. - Шыковiч пацiснуў працягнутую руку. - А калi ты паклiкаў Гукана, каб паказаць перад iм сiлу "вызваленага негра", папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульнi не ўдзельнiчаю. Нягледзячы на яго кнiгу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра i папрацаваў - дай бог кожнаму, як ты кажаш. Iдзi пiшы свой артыкул. - Яраш жартаўлiва ўпiхнуў сябра ў пакой.
2
Гукан на абед не прыехаў.
Кiрыла, шумны з ранiцы, вясёлы i лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець i злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасiў у госцi старшыню гарсавета.
Валянцiна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпiкнула нiводным словам.
- Калi ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.
Кiрыла паглядзеў на гадзiннiк, яму хацелася есцi, можа, таму i злаваўся. Пайшоў да Яраша, якi ляжаў каля ручая пад дубам i чытаў часопiс на ангельскай мове.
- Хам.
- Хто? - Ярашу чамусьцi зрабiлася смешна, i ён закрыў твар далонямi.
- Калi я быў патрэбны яму, тады ён знаходзiў мяне ўсюды. Я знарок прасiў у рэдактара камандзiроўкi ў самыя далёкiя куткi. Ён адклiкаў назад i яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. "Гэта не мая кнiжка. Гэта партыйнае даручэнне. I мне, i табе". Вось як!
- Юпiтэр, ты злуеш... I паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасiць чалавека, каб...
- Дальбог, а запрашаў шчыра. I пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змянiлiся? Усё змянiлася.
- А калi шчыра, то цярплiва чакай i, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такi ўжо акуратны.
- Есцi хачу.
- Табе карысна пагаладаць.
Кiрыла лёг на спiну, палажыўшы рукi пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лiсце дуба. У яго гушчары шасталi, церушылi мохам нейкiя птушкi, але ён нiяк не мог убачыць iх i са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзiць старасць. Хацелася пафiласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважлiва чытаў. Кiрыла паглядзеў на сябра i не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў iм павага да людзей, якiя чытаюць на замежнай мове. Павага i зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём i не вывучыў нiводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзiў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хiба Яраш не з яго пакалення?
Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўнiць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калi пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.
А неба... неба якое сёння! Яснае, яно нiколi, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. I адценнi гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. I хмаркi-аўчынкi заўсёды розныя - па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над ляснiцтвам, падобна на... На што? На прычоску Элы, машынiсткi рэдакцыi. Кiрыла сумна ўсмiхнуўся: ён не вельмi багаты на метафары i параўнаннi. Заўсёды пакутлiва шукаць iх, каб былi трапныя, арыгiнальныя. Ён вiнавацiць газету яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасцi, хоць якой-небудзь.
- Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расцiснем. Употай. А за абедам, на здзiўленне сваiм "Богам падараваным", будзем пiць адно кiсленькае вiно.
Яраш засмяяўся:
- У цябе авантурны характар, Кiрыла.
Абедалi разам, за агульным сталом, як рабiлi часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такi час дня там быў цень. Толькi Iра за стол не прыйшла.
- Яна перакусiла, - адказала Валянцiна Андрэеўна на мужава запытанне.
Кiрыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкi да iх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца "з сямейным эгаiзмам", а галоўнае - з iндывiдуалiзмам дзяцей. Праявы такога iндывiдуалiзму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкi i сына супрацьлегла, па-рознаму.
- Гэтая твая неарганiзаванасць кормiць iх эгаiзм, - папракнуў Шыковiч жонку. - Але, ты яго падаграваеш! Што iм да другiх, да парадку! Парадак - гэта для бацькоў. А для iх - анархiя. Захацела - паела, i бывайце здаровы. Нiякiх турбот. Мама нагатавала, мама i талеркi памые...
Галiна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковiчаў, старэйшых па ўзросту, на яе Вiктара i Наташу. Але не любiла, калi пры малых залiшне многа гаварылi пра эгаiзм i ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабалiся па сутнасцi сваёй правiльныя, глыбакадумныя разважаннi Шыковiча ў прысутнасцi дзяцей. Яна лiчыла, што выхаванне - такi хiтры механiзм, якi павiнен быць заўсёды схаваны i разам з тым нi на мiг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дымiць, не чадзiць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы мiж iншым, раскладаючы вiдэльцы i нажы:
- А ты паказвай прыклад.
I быццам кальнула Кiрылу вiдэльцам у бок. Ён з грукатам ад'ехаў на крэсле ад стала, усхапiўся.
- Не, ты слухай... Выходзiць, ва ўсiм вiнаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылi. Што я - труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмi! Я працую дзень i ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасцi пiсьменнiк? Рэдка нават падхалiмнiчаю.
- Але - бывае? - з iронiяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку вiна.
- Часцей перад жонкай.
- А як жа... Нешта я не адчуваю, - адгукнулася Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працiрала кiлiшкi.