Страница 15 из 104
"Дзяжурыць будзе Клешч! - i сурова загадаў мне па-расейску: - Дзяжурыць пойдзеш ты!"
Я замалiў:
"Пан начальнiк, - у прысутнасцi Лотке ўсе мы цвёрда трымалiся субардынацыi, дысцыплiны, - вы ж самi чулi, што мяне толькi што запрасiлi на iмянiны i я даў згоду. Што падумае чалавек? Лепшы сябра. Прашу вас".
"Адпусцiце яго", - кiнуў Лотке, не гледзячы нi на мяне, нi на Хiндэля.
Начальнiк закiпеў.
"Гэта не пажарная каманда, - выдавiў ён па-нямецку, потым крыкнуў па-расейску: - А банда п'янiц! Цi тое было..." - Пэўна, ён хацеў сказаць: "Цi тое было пры Саветах!", але ўспомнiў i асекся.
Лотке сказаў:
"Вы стары асёл, Хiндэль".
"Добра, добра. Няхай будзе Гвоздзiк. Гвоздзiк!"
Той ускочыў, як падменены:
"Слухаюся, пан начальнiк!"
А Лотке зноў сказаў спакойна, без злосцi, без нацiску:
"Вы стары баран, Хiндэль", - i пайшоў з дзяжуркi.
Гвоздзiк мацюкнуўся. Хiндэль сумiраваў па-нямецку:
"Я стары асёл i стары баран", - i вылаяўся па-расейску.
Я змаўчаў, бо мне гэтая кароткая размова i заступнiцтва механiка не падабалiся больш, чым каму другому. Дзiўныя прафесii меў я ў акупацыi! Першую выбраў сам - грузчыка: трэба было рабiць, каб жыць. Там я звязаўся з падпольшчыкамi. Пасля ўзрыву эшалона з авiябомбамi давялося хавацца. Схавалi мяне хлопцы дасцiпна: уладкавалi ў нямецкi шпiталь вартаўнiком у трупярню. "Начальнiк морга", як здзеклiва называлi мяне самi немцы. З мёртвымi фашыстамi я абыходзiўся далiкатна i любоўна. Гэта забаўляла i страшыла жывых. Яны любавалiся маёй фiзiчнай сiлай i цешылiся з маёй дурноты. Я добра-такi iграў прыдуркаватага здаравяка, якi мог выпiць дзве шклянкi чыстага спiрту i з'есцi пяць шпiтальных абедаў. Але нават у мяне, студэнта-медыка, будучага хiрурга, не вытрымалi нервы. Звычайнаму чалавеку звыкнуцца з мёртвымi... Я папрасiў Паўла знайсцi мне новую работу. I што, ты думаеш, ён прапанаваў мне неўзабаве? Асенiзацыйны абоз. Не смейся. Я не прызнаюся дзецям, што працаваў залатаром. Вядома, я абразiўся. Але Павел даказаў мне, што начныя паездкi, начны пропуск, найлепшая магчымасць перавозак небяспечнага грузу - гэта зусiм нядрэнна для маёй галоўнай прафесii - падпольшчыка. Сапраўды, хутка я сам пераканаўся, што новая праца мая была шмат у чым зручная. Галоўнае, амаль не трэба было вытыркацца на людзi ўдзень у звычайным выглядзе. Мой рост, мая постаць залiшне прыкметныя, а горад наш у акупацыю быў не вельмi густанаселены. Зручнасць была, нарэшце, у тым, што побач са мной працавалi тупыя, абмежаваныя людзi, поўныя крэцiны. Наўрад каму прыйшло б у галаву засылаць у такую ўстанову шпiка. А калi я рабiў вылазку ўдзень зусiм у новай ролi (у рэдакцыю, напрыклад, калi атрымаў заданне выканаць прысуд над Хмарай, я прыходзiў як паэт, прыносiў чужыя вершы - любоўную лiрыку), то амаль быў упэўнены, што не сустрэнуся са сваiмi калегамi па начной рабоце. Многа правалаў было выпадковых. Сустрэнецца добры чалавек, але плясне ўголас сапраўднае прозвiшча, стары адрас цi яшчэ што - i гатова, правал.
Карацей кажучы, калi месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую у пажарнай, я не вельмi каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) "наблiзiць мяне да палiцыi", i я пайшоў на гэтае "зблiжэнне". Я салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклiвы механiк. Я раскусiў яго адразу, адчуў хiтрага ворага i ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нiдзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усмiхнуўся i адказаў:
"Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць".
I я па сваёй маладосцi, не вельмi разумнай смеласцi пачаў азартную гульню: давесцi, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзiн з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасцi, называў "нямецкiм казлом", казаў, што механiк з яго, як з г... куля. Ён рабiў выгляд, што нiчога не разумее. Але калi гэты ж паскудны Гвоздзiк, дробны шпiёнчык, перадаў яму праз Хiндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе i сказаў лагодна:
"Вялiкая i дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калi ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, - вочы яго пры гэтым нядобра блiснулi, - ты пазнаеш яе сiлу".
Хiндэль пераклаў i ад сябе злосна папярэдзiў:
"Калi ты не заткнеш свой дзiравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерцi не пырснеш".
Тады я пайшоў на "прымiрэнне": запрасiў Лотке выпiць з намi (хлопцы раздабылi спiрту). Але механiк ветлiва адмовiўся, памацаўшы свой худы жывот:
"Кранк".
"Ну i хрэн з табой. Нам больш застанецца", - сказаў я.
Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала:
"Клешч сказаў, што вельмi шкада, што пан механiк не можа з iмi выпiць чарку вiна".
Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава i Лотке i нас. Перакладала яна архiдрэнна, але ганарылася сваiм веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзiвiлася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе цi Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў i пацвердзiў:
"Але, шкада. Я таксама шкадую".
Актор быў, падла.
Адна акалiчнасць бянтэжыла мяне: нi разу я не ўбачыў, каб Лотке шпiёнiў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з'яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзiў па пятах у часе пажараў. Але нi разу не вынырнуў на нашай ускраiне, дзе я кватараваў, не трапiў на вочы ў другiм месцы. У мяне нават часам узнiкала думка: а цi не перабольшаны мае падазрэннi?
Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткi самагонам i... "напiўся". Выпiў адну шклянку, а iшоў далей i... мераў вулiцу, заводзiў гутаркi з хлапчукамi. Гаспадыня мая, добрая i цiхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у армii... Але жанчына ёсць жанчына... Яна кахала мяне, i ёй вельмi хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасцi, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала i асцерагала, як малога. Гэта была адзiная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажанiўся. Можаш паверыць?
Яраш звярнуўся з пытаннем, i Шыковiч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцiвай яму жартаўлiвай лёгкасцю:
- Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.
- Перад Галяй, - задумлiва паўтарыў Яраш i змоўк.
Яму зноў зрабiлася балюча i прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасцi. I, бадай, нiколi ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка i непачцiва, як падумаў у тую хвiлiну. Вось яна спiць, заспакоеная i задаволеная. А ён не можа заснуць.
Пакуль ён расказваў, а Шыковiч моўчкi слухаў, яны прайшлi колькi разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлi ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. I вось тут на мяжы гаю i бору было ў iх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палiлi касцёр. Яны любiлi агонь. Усе любiлi дзецi, жонкi. Часам пяклi бульбу ў прысаку i сала на ражне. Яраш, гаспадарлiвы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.
Яны даўно ўжо стаялi каля свайго старога вогнiшча. На зямлi чарнела куча сухога галля. Было такое правiла: удзень дзецi збiралi дровы, увечары палiлi. Але ў мiнулы вечар, вiдаць, касцёр не палiлi: не было "бога агню" - Яраша.
У часе паўзы Антон сеў на сваю лавачку, а Шыковiч апусцiўся на каленi, чыркнуў запалку. Весела затрашчала сухое галлё. Водблiскi ўпалi на дрэвы, пазалацiлi сосны i пасерабрылi дубы. На зямлю ляглi няроўныя ценi. А за мяжой святла яшчэ больш згусцiлася цемра.
Не ўпершыню начны агонь заварожваў Яраша. Хацелася глядзець, як гуляе, пералiваецца полымя, i маўчаць. Цяпер жаданне памаўчаць зрабiлася асаблiва моцнае. Ён падумаў, што дарэмна паклiкаў Кiрылу. Трэба было прыйсцi сюды аднаму i запалiць гэты цудадзейны агонь. I, напэўна, да ранiцы ўсё прыйшло б у норму.