Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 102 из 104



- Не вешай носа, Валя. Прыйшоў Новы год - прыйдуць новыя радасцi. Трэба нам з табой, Кiрыла, хоць спiрту па мензурцы цяпнуць за Новы год.

- Трэба, - панура згадзiўся Шыковiч. Валянцiна Андрэеўна, не будучы нiколi ханжой, аднак, амаль узненавiдзела iх у гэты мiг, мужа i доктара, якi ўратаваў яе сына i якога яна ўвогуле богатварыла, - за тое, што ў такi момант, калi Славiк, можа, на валаску ад смерцi, яны збiраюцца пiць спiрт. Кашчунства!

- Туды можна, Антон Кузьмiч?

- Нельга. Зашываюць. Перавязваюць. Навошта мацi глядзець на гэта. Хутка яго прывязуць у палату.

- Ты няўмольны.

- Я няўмольны. Папяроска ёсць, Кiрыла?

Ведаючы, што Яраш закурвае толькi ў выключных выпадках, Валянцiна Андрэеўна раптам зразумела, якой нялёгкай была для яго аперацыя, i ўмiг даравала яму i спiрт, i абыякава грубы тон.

У калiдоры зашоргалi крокi людзей i шыны хiрургiчнай каляскi. Мацi насцярожана прыслухалася, а калi зразумела, што гэта, кiнулася да дзвярэй. Людзi ў белым правезлi каляску мiма яе. Яна не ўбачыла Славiка - адны бiнты. Жахнулася, але не закрычала, не заплакала. Моўчкi, вельмi асцярожна ступаючы, пайшла следам. У дзвярах пасляаперацыйнай палаты яе руку сцiснула чыясьцi вельмi далiкатная, мяккая i халодная рука. Валянцiна Андрэеўна павярнула галаву. Знаёмыя залатыя вочы глядзелi на яе з ласкавым спачуваннем, з тым разумным жаночым спачуваннем, якое не паглыбляе болю, не кранае ран, а прыносiць заспакаенне i надзею: побач добрыя людзi, яны адгоняць бяду.

39

Апошняя думка была: "Толькi б не загарэлася. I не заклiнiла дзверцаў".

Праўда, у мiлiцэйскай машыне Славiк апрытомнеў i хвiлiн колькi мацюкаў мiлiцыю. Нават спрабаваў выскачыць з машыны, што моцна ўзлавала добрага начальнiка. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Лекар раённай бальнiцы беспамылкова ўстанавiла дыягназ i сур'ёзна ўсхвалявалася за жыццё пацыента, хоць мiлiцыя i сказала ёй, што гэта вядомы злодзей-рэцыдывiст i ўмее хiтра прытварацца: паўгадзiны назад крычаў i рваўся з машыны, а цяпер, бачыш, ляжыць быццам нежывы.

Нежывым позiркам ён сустрэў мацi, якая прыляцела на санiтарным самалёце. Гэта яе вельмi напалохала. Такiмi ж вачамi ён глядзеў на Яраша, калi яго прывезлi ў бальнiцу, не пазнаваў яго. Але Машу, здаецца, пазнаў: спрабаваў усмiхацца ёй i нешта гаварыць...

Мацi спалохалася яшчэ больш, калi пасярод дня - першага дня новага года Славiк раптам пачаў трызнiць i кiдацца на ложку. А Яраш зразумеў: найбольш небяспечнае - шок - пераможана. Толькi ён адзiн уяўляў поўную карцiну таго, што тварылася ў разбiтым целе i ў мазгу хворага. Ён пайшоў адпачываць, здалося Валянцiне Андрэеўне, у самы небяспечны момант.

Хлопец гарэў - у машыне. Кiдаўся, каб адчынiць дзверцы, iх заклiнiла. Як жа выбрацца з гэтай палаючай мышалоўкi? Разбiць шкло? Ветравое шкло! Але што з рукой? Ён не можа падняць яе - як бервяно. Няўжо ў яго не хопiць сiлы разбiць шкло? IIаклiкаць на дапамогу? Каго? Мiлiцыю. Не, ён не паклiча нiкога! Але полымя блiжэй, яно палiць, гудзiць у вушах.

- Ма-ма!

- Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся.

I раптам цiшыня. Няма спякоты, не гудзiць полымя. Снежная бель перад вачамi. Ага, яго выкiнула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу i ўстаць на ногi - i бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец.

Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы мацi, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лiлася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапiлi яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да мацi, удзячнасцi ёй. Гэта яна, мацi, ратавала яго. Яна першая з'явiлася, калi ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькi здаецца? Можа, яму хочацца, каб мацi была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:

- Ма-ма!

Ён, забiнтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што мацi кажа:

- Дурненькi мой! Хiба можна так?

Не, гэта не трызненне. Мацi сапраўды каля яго. Славiк адразу ўсё прыгадвае, нават санiтарны самалёт, Яраша i Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. I вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалiчнасцi напаўняе яго такой радасцю, што, каб былi сiлы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальнiцу, на ўвесь свет.

Валянцiна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальнiцы ў першы, святочны, дзень новага года i не толькi памагала дзяжурнаму лекару i сёстрам, але бадай што кiравала iмi, трымаючы сувязь з Ярашам. Нiхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылi пра ўсё на свеце. I Маша ўсё расказала ёй. "Чаму iм так не пашанцавала ў каханнi, маiм дзецям?" - з горыччу думала мацi.

Кожная мацi ў любых абставiнах думае пра будучае сваiх дзяцей, верыць у iх шчасце. Валянцiна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую "залатую дзяўчыну" сваёй дачкой.

На другую ноч Маша прымусiла знясiленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабiнеце. Сама засталася ў палаце. Славiк застагнаў ад болю i прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзiн сiнi начнiчок) - затрывожыўся са сну. Маша запалiла настольную лямпу, схiлiлася над iм. Ён здзiвiўся i ўзрадаваўся.



- Даць пiць?

Прагна пiў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамi, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразiла пальцам:

- Не варушыся, будзе балець.

Балела прыступамi, часам нясцерпна моцна, галава i рука. Боль знiмалi сёстры ўколамi. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сiлы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела залiў непрыемны лiпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славiк вачамi паклiкаў, каб Маша наблiзiлася.

Спытаў:

- Ты выйшла эамуж?

- Не.

- Не iдзi ад мяне.

- Я не пайду. Спi.

Другога студзеня, пасля работы, прыйшлi хлопцы - уся брыгада. Iх не пусцiлi. Маша выйшла да iх у вестыбюль. I ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалi сустрэла са Славiкам у кiно. Нiчога дзiўнага - разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула i адышла ўбок? Хлопцы сустрэлi Машу прыветлiва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:

- Добра ўсюды мець сваiх людзей.

- Як там наш аўтааматар?

Яны не ведалi таго, што ведала яна.

- Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нiчога не было. Абавязкова перадай.

А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.

- Вы хацелi выгнаць яго з брыгады? Завошта?

Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую вiну. Увогуле ён быў маўклiвы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другi, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля - сябе. Адчула смутак, нiбы ёй трэба было развiтацца з нечым вельмi дарагiм i паехаць у невядомае.

40

Яраш i Маша разам выйшлi з бальнiцы. Скончыўся рабочы дзень, даволi напружаны - былi аперацыi, якiя заўсёды стамлялi. Славiк адчуваў сябе добра, нават мацi нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам i санiтаркам.

Да аўтобуснай супынкi iшлi моўчкi. Свяцiла марознае сонца, якое, здавалася, прамянiла не цяпло, а холад. Снег пад нагамi ў прахожых звiнеў на сотнi ладоў.

Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабiлася весела. Яна сказала:

- Сёння я буду страчаць Новы год. Ох i пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзiнку, дык яна нейкая кiслая была. Засумавала.

Антон Кузьмiч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год i нiчога не адказаў. Ён абяцаў ранiцай Вiцю i Наташы пайсцi з iмi на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад цi варта ў такi мароз выводзiць дзяцей у поле. Мацi, напэўна, будзе супраць.

У апошнiя днi нечакана Галiна Адамаўна прыкметна змянiлася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знiкала напружанасць. Праўда, жонка iшла на прымiрэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымi сродкамi прымiрыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нiчым не паспяшаў падзей, але нiчым i не запавольваў iх. Няхай усё iдзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у iх гадах: менш гарачых прызнанняў у любвi - менш будзе трагедый, рэўнасцi i сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькi энергii i нерваў прыходзiцца трацiць на глупства? Калi гэта людзi стануць такiмi, каб разумелi адзiн аднаго ва ўсiм, у палiтыцы, навуцы, мастацтве, у сям'i, побыце? А можа, i не трэба такое iдэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей - закон жыцця i руху. Любоў i нянавiсць, любоў i рэўнасць, цяпло i холад...