Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 101 из 104



А яна гэтак жа нечакана i раптоўна - жанчыну нiколi нельга зразумець! выслiзнула з яго рук, павярнулася i, нiчога не сказаўшы, пайшла ў пакой.

Антон Кузьмiч неўразуменна пацiснуў плячамi i цiхенька, нiбы ў кватэры спала дзiця, выйшаў.

38

Яны сядзелi ў кабiнеце ў Яраша. Кiрыла - у старым скураным крэсле, схiлiўшыся, закрыўшы твар рукамi; Валянцiна Андрэеўна - на краi жорсткай канапы, на якой аглядалi хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвiлiнку, на момант i тут жа падхоплiвалася, нецярплiва камечачы мокрую хусцiнку, ломячы пальцы рук. Падыходзiла да стала, нервова перастаўляла на iм канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмiчнай ракеты. Баязлiва дакраналася да чорнай скрынкi танометра. Адны i тыя ж рухi кожны раз. Потым кiдалася да прыадчыненых дзвярэй i напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цiшыню бальнiцы. Хоць увогуле цiшынi не было. Угары, над iмi, хадзiлi, гаманiлi, ляпалi: хворыя страчалi Новы год.

Кiрыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыццi ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасцi. Зрэдку адсоўваў далоню i сачыў за жонкай.

Вось яна зноў тройчы пераставiла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозлiва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы - i "ракета" разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася.

- Я не магу. Я пайду туды.

Кiрыла адняў ад твару рукi, папрасiў:

- Не трэба, Валя. Iдзе аперацыя.

- Але, але, - адразу пакорлiва згадзiлася жанчына, прысела на канапу, зацiснула хусцiнкай распухшы ад слёз нос.

Нейкi момант было чуваць, як цiкаў Кiрылаў ручны гадзiннiк. А потым зноў гучна затупалi ўгары. Нехта, вiдаць, скакаў па лесвiцы на мылiцах. Валянцiна Андрэеўна прыглушана ўсхлiпнула:

- Калi ён памрэ, я таксама не выжыву.

- Ну навошта такiя думкi? Усё будзе добра.

- Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымiзм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымiзм пераходзiць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра - навошта ж ламаць галаву? Хапае другiх праблем...

Яна кiнула гэта са злосным дакорам.

Кiрыла зноў папрасiў:

- Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца... Цяпер...

Яна разумела i ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такi момант, калi сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такi маўчаць. Чалавек робiцца прымхлiвы, калi ведае, што блiзкi яго на краi жыцця. Не трэба думаць пра яе - смерць. Але Валянцiне Андрэеўне лезлi ў галаву самыя жахлiвыя думкi, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасцi i тым больш маўчаць. Яна зноў усхапiлася. Зноў падышла да стала. Механiчна працягнула руку, але нi да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла "ракета").

- Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ... Пiсаць разумныя кнiгi, разумныя артыкулы i... не разумець, не ведаць уласных дзяцей... чым яны жывуць...

Жонка за гэтыя колькi гадзiн, як прыйшло трагiчнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлiвай чуллiвасцю, то цвяроза-злосна. Кiрыла ўрэшце не вытрымаў i першы раз кiнуў ёй глуха, нязлосна:

- Вучыць чужых дзяцей...

Валянцiна Андрэеўна змоўкла, да нечага прыслухалася. Паўтарыла яго словы, здавалася, неўсвядомлена:

- Вучыць чужых дзяцей... - i, мабыць, асэнсаваўшы, загаварыла з горыччу, з болем: - Але, вучыць чужых... У тым i бяда. Хiба я апраўдваю сябе? Я хачу разабрацца. Чаму... чаму так выходзiць? Чаму ты... мы так мала ведалi... так мала цiкавiлiся жыццём сына? Справы, праблемы, пошукi, знаходкi... Некалi ты быў проста бацька. Сябраваў з сынам. Ездзiлi з iм на рыбалку, хадзiлi на лыжах... А потым... ты ўмеў толькi накрычаць на яго i нават ударыць. Як пасля ён мог даверыцца табе, калi ты не верыў яму? А ён такi чуллiвы. Ты лiчыў яго шалапутам... А ён вось як... Калi ўжо пакахаў... У кiшэнi ў Славiка знайшлi неадасланае пiсьмо Машы. Не, не, не кажы мне, што гэта няшчасны выпадак.

- За iм гналiся.

- Божа мой! Якая недарэчнасць! Бацька падняў на ногi ўсю мiлiцыю, каб злавiць сына, якi...

- Не трэба, Валя...

- А што трэба? Што нам з табой трэба цяпер? Кiрыла? Калi С-л-ла-вiк...



- Валя!..

Яна змоўкла i нейкi час стаяла ў нерухомасцi.

Зноў настала такая цiшыня, што чуваць было цiканне ручнога гадзiннiка.

Ды раптам цiшыню гэтую разарваў рэзкi званок. Званiў тэлефон на стале. Яны абое трохi спалохана глядзелi на белы апарат. Нарэшце Валянцiна Андрэеўна схапiла слухаўку.

Званiла Iра. Яе звайшлi на iнстытуцкiм бале, каб паведамiць пра няшчасце з братам. Пазнала мацi, заплакала: што са Славiкам?

Кiрыла здзiвiўся, як разважлiва i амаль спакойна адказвала жонка:

- Нiчога, Iрачка. Не плач, - i паўтарыла яго словы: - Усё будзе добра. Перакулiўся на машыне. Пералом рукi. Антон Кузьмiч аперыруе. Не пускаюць? Дай трубачку вахцёру. - Яна доўга i цярплiва ўгаворвала вартаўнiка, каб дазволiў прайсцi дачцэ. Але той быў няўмольны, нi просьбы, нi доказы не памагалi. Пачакай там, Iрок. Антон Кузьмiч дазволiць, - супакойвала яна дачку, калi тая зноў узяла слухаўку. - Што? Не думай пра гэта. Я ведаю, што ты любiш яго.

Валянцiна Андрэеўна паклала слухаўку i, зусiм знясiленая, прысела на канапу.

- Якiя жорсткiя людзi. Гэты стары - што чурбан. "Не магу", i ўсё.

- Ён выконвае свае абавязкi.

Пасля даволi працяглай паўзы Валянцiна Андрэеўна сказала:

- У нас добрыя дзецi, Кiрыла. Iра так перажывае, што яны пасварылiся. "Ты ведаеш, кажа, мама, як я люблю яго..."

Валянцiна Андрэеўна заплакала, па-дзiцячы ўсхлiпваючы.

- Не трэба, Валя. Ты ж сама сказала: усё будзе добра.

- Маўчы, калi ласка! Зноў твой дурны аптымiзм!

Яны доўга пасля гэтага сядзелi ў маўчаннi. Думалi пра адно. Але, магчыма, па-рознаму. Мацi магла задаць тысячу пытанняў сабе, мужу, усяму свету, але ў такiм стане ёй было не да пошукаў адказаў на iх, на гэтыя трывожныя пытаннi. Ёй уяўляўся Славiк маленькiм, добрым, ласкавым, чулым, i яна вiнавацiла сябе, што так рана палiчыла яго дарослым, i думала, як зоймецца дзецьмi ў будучым, калi няшчасце мiне сям'ю.

Кiрыла, наадварот, спрабаваў даць адказы на гэтыя "чаму?", жончыны i свае ўласныя. Ён думаў шырока i самакрытычна, што ў яго, таксама як i ў тых, каго ён выкрывае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блiзкага. Валя мае рацыю: здараецца, i, на жаль, нярэдка, што за карыснымi i патрэбнымi справамi, якiмi займаешся, за гуманнымi i высакароднымi мэтамi часам хаваюцца звычайнае сябелюбства, эгаiзм, iндывiдуалiзм. Вiдаць, найлепшае жыццёвае правiла: будзь добры да другiх i бязлiтасны да сябе. А мы яшчэ часцей бываем лепшымi ў адносiнах да сябе, чым да другiх...

Крокi ў калiдоры хуткiя, лёгкiя, але з цяжкiм поступам, аж, здалося, дрыжалi сцены i брынчалi шыбы. Яраш!

Шыковiчы адразу абодва падхапiлiся. Чакалi, як найвышэйшага суддзю, - са страхам i надзеяй.

Антон Кузьмiч у дзвярах звыклым рухам рукi ссунуў на падбародак павязку. Выгляд яго, суровы i велiчны ў асляпляльна белым каўпаку i ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянцiну Андрэеўну. Яна застыла з нямым пытаннем на твары, у вачах.

- Нiчога. Арганiзм малады, здаровы. Аперыравалi своечасова. Адужае.

Мацi ўзрадаваў яго бадзёры голас, яго лекарская ўпэўненасць, але адначасова непрыемна i ўразiла: лепшы друг сям'i, Яраш гаворыць пра Славiка як пра звычайнага хворага.

- Мяне непакоiлi раны на галаве. Але яны дробязь. Рассек, вiдаць, казырком. А так зламаны ўсяго тры рабрыны...

- Усяго! - жахнулася Валянцiна Андрэеўна.

- ...Пералом рукi... Шок. Траўматычны. Гэта нам не вельмi падабаецца, але нiчога, цяпер мы ўзброены лекавымi ракетамi. Пусцiм у ход усе сродкi. - Яраш плюхнуўся, аж застагналi спружыны, у тое крэсла, дзе толькi што сядзеў Кiрыла, закiнуў нагу на нагу, дастаў з-пад халата гадзiннiк, глянуў: - О-о! З Новым годам, сябры мае!

- З Новым... - горка ўсмiхнулася Валянцiна Андрэеўна.