Страница 9 из 15
— Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.
Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.
— Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, — сказала яна, — людзей з усеабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця… Дарагі мой чалавек. Я ведаю — у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне, хутчэй за ўсё, чакае Сібір.
Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.
— Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі… Дай вам бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.
— Не трэба, пані, - сказаў Гораў.
— Маўчыце, — сказала яна амаль сурова. — Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.
— Рушай, — сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. — Бывайце, дарагі.
— Бывайце.
Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.
Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.
- Ідзіце… Ідзіце, — шэптам сказала яна.
Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.
Бясконцыя лугі ляжалі вакол.
А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу,
Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і "ўціхаміранне".
I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.
Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём "За ўціхаміранне"… Медаль ён не насіў.
I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.
Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб'іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - агарнула туга.
Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону,
Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.
У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.
Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, — Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.
Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.
Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галявінаю свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. I, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.
І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.
Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.
Ноч плыла над балотамi.
I раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.
На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з'яўляліся новыя, новыя, новыя.
Гэта былі Леаніды.
Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца.
Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў:
"Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць зараз. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзевятым, на парозе новага стагоддзя, — я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, — мяне ўжо не будзе. I нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года… А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразумець радасць і боль тых людзей?".
Ён стаяў, прыхіліўшыся да камля сасны, а проста над ім, з невядомай глыбіні, з чорнага начнога шатра ляцелі і згасалі халодныя зеленаватыя іскры, пакідаючы імгненны незваротны след.
Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.
I, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў:
"Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з'явяцца нашы браты, ці з'явімся мы самі на зямлі яшчэ раз… Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж".
Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.
Гінулі Леаніды.
Р а з д з е л І
Леаніды не вярнуліся. Астраномы тлумачылі гэта тым, што Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе, у лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы. Ноч была звычайнай глухой ноччу позняй восені, а ў паэтаў адабралі яшчэ адну прыгожую легенду.
Леаніды здрадзілі нашай зямлі.
Урэшце, акрамя паэтаў, ніхто занадта не засмуціўся гэтым. На зямлі хапала свайго болю і сваіх клопатаў.
Пячаць стагоддзя ляжала на ўсім, і гэта было жорсткае стагоддзе.
Завея хавала пад гурбамі гарбатыя палескія хаты і хаўтурыла над імі. Замець белымі змеямі бегла па каменных плошчах Пецярбурга, паўзла ў стылую арку генеральнага штаба і бяссільна разбівалася аб падножжа Зімняга палаца. I з вялізнага люстранага акна глядзелі на яе лупатыя, са строгай слязой вочы чалавека. Глядзелі на замець, на халодны граніт, што скаваў увесь горад, і далей, на ўсю няўтульную зямлю, што рабалепствавала ля яго ног.
Горад-сфінкс бязрадасна смактаў з зямлі жыццё, а чалавек быў сэрцам гэтага сфінкса.
I ўсё гэта было падобна на трызненне. У чалавека ўжо аднойчы стралялі ля рашоткі Летняга саду, чалавеку сніліся прывіды, якія хочуць яго смерці. I тады зноў быў выкліканы кат Беларусі і Літвы, каб звіць вяроўку на таго, хто страляў. Потым памёр і кат, — і яго падла, распухлае ад вадзянкі, падла, якое кішэла робакамі, закапалі ў зямлю: ён не заслужыў ад удзячнай бацькаўшчыны нават бальзамацыі.
Усё менш ставала верных людзей. Апошняю надзеяй, як мара, блішчаў за ракою шпіль Петрапаўлаўкі. Туды, у гэтыя муры, ён хацеў бы запакаваць усю Расію. I людзей выводзілі з брамы пад покрывам цемры, садзілі ў чаўны і страчвалі на востраве Галадай.