Страница 8 из 15
— Вы падлюга і нягоднік, — сказаў Гораў.
— На тры крокі… - іранічна сказаў Леановіч. — Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.
I раптам пасур'ёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.
— Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму… Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы. Я вас даганю… Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.
I спакойна павярнуўся да Горава спіной. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты…
…Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.
Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.
— Пойдзем да Камарына. Там зручней.
Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра — доўгае і вузкае возера ў лутах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.
Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:
— Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы намераны заняцца, пагражае цытадэла. Таму — той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага — на інсургентаў.
Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.
Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.
— Пі-іць, пі-ць, — крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача "жы-ыць, жы-ыць".
Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе ўпала ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.
— У вас правая не ў парадку. Не пужайцеся, я таксама буду левай.
— Я не пужаюся, — адказаў Гораў і, хоць зусім не думаў пра гэта, сказаў з паважнасцю, — я хачу толькі хутчэй стрэліць у вас. Вы мне абрыдлі.
Недзе далёка скупы прамень сонца прабіўся праз хмары і зрабіў на мокрай траве ізумрудную пляму. Каржакаватыя дубы над Камарынам патыхалі блажэннай вільгаццю. Бліснула стужка затокі.
Здзічэлы конь — іх многа было ў тое лета — старожка ўзняў галаву ад вады (з цёплых шэрых губ падалі кроплі) і кінуўся прэч. Коні баяліся людзей. Ад людзей пахла не хлебам, а крывёю, як ад ваўкоў.
— Досыць, — сказаў Пора-Леановіч, — далей не пойдзем. У выпадку чаго будзем казаць, што забілі з хмызоў пад дубамі.
Хмызы былі крокаў за дзвесце. А вакол мокрыя лугі з высокай, перастаялай травой.
Леановіч дастаў з ягдташа скрыначку з дуэльнымі пісталетамі.
— Мае, — сказаў ён, — дагледжаныя, выбірайце першы-лепшы.
I, кінуўшы на зямлю плашч, пачаў мераць ад яго крокі.
— Дзесяць крокаў, спадзяюся, не многа? — са злоснай іроніяй спытаў ён.
I хоць гэта была адлегласць смерцi, — бледны Гораў сурова хiтнуў галавой.
— I ад бар'ера яшчэ пяць крокаў, на падыход, — сказаў Леановіч.
Яны разышліся на крайні след.
— Па першым крыку кнігаўкі, - крыкнуў Леановіч.
У дваццаці кроках, зусім блізка, Гораў бачыў постаць ворага з пісталетам у апушчанай руцэ. Бачыў страшныя блакітныя вочы, прыгожы рот, сціснуты ў змрочнай і жорсткай усмешцы. I ён ведаў, што, як бы ні хацелася жыць, ён, Гораў, не стане на бар'еры бокам да ворага, не заслоніць грудзей пісталетам — хоць правілы дуэлі і дазваляюць гэта. Таму што было нешта большае за страх, які жыў у ім.
— Па першым крыку кнiгаўкi, — паўтарыў Леановiч.
Кнiгаўкi, спуджаныя крокамi, стаiлiся, але потым пачулi цiшыню i пачалi ўзлятаць.
Каўкнула першая.
— Пара, — сказаў Леановіч.
Гораў пайшоў, уздымаючы пісталет. Як праз сон, ён бачыў усё бліжэй і бліжэй пустыя сінія вочы. Крок. Яшчэ адзін. Яшчэ.
Мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак. I Гораў з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці, бачыў гэта.
I яшчэ бачыў, як са спакойнай усмешкай ішоў на яго вораг і ягоны пісталет быў ужо амаль на ўзроўні грудзей.
I тады, ведаючы, што даволі ісці, што гэта апошняя хвіліна жыцця, і пакутуючы гэтым, і не шкадуючы ні аб чым, Гораў удыхнуў гаркаватае паветра і, не цэлячыся, націснуў курок.
Лёгкі дымок празрыстым камячком вэлюма паплыў на ўзроўні яго вачэй. Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся ўперад, быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў.
Хіснуўся, неяк дзіўна заводзячы руку з пісталетам і гледзячы на Горава. А потым страшэнна моцным узмахам рукі адкінуў свой пісталет у балоціну.
Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго нечалавечае моцнае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыжачыя калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.
I Гораў кінуўся на дапамогу, забьгўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.
Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві. Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта.
Леановіч варухнуў вуснамі.
— Пісталет… пісталет у багну, — заспяшаўся ён.
Здзіўленыя, неяк па-дзіцячаму светлыя вочы спыніліся на Гораве, які трэсся ад непапраўнасці зробленага.
Пора-Леановіч заварушыў рукамі па грудзях і раптам, на апошнім дыханні, сказаў ясным і чыстым голасам:
— Дзякуй вам… Дзякуй…
I паймаўшы руку Горава, пацалаваў яе дрыжачымі вуснамі.
Потым гэтыя вусны замёрлі, а позірк здзіўлена і безуважна спыніўся на шэрым небе, пад якім усё яшчэ лёталі і енчылі аб літасці кнігаўкі.
— Усё, што я вам расказаў, - праўда, — сказаў Гораў.
Гэта было праз два днi пасля двабою. За кардонам, у лугах, непадалёк ад той вярбы, ля якой яны стрэлiся ў дзень дуэлi, стаяла на Збароўскай дарозе знаёмая параконная брычка. Жанчына ў чорным сядзела на заднiм сядзеннi, прыклаўшы да рота чорную карункавую хустачку. Гораў стаяў адной нагою на прыступцы брычкi. У абаiх былi празрыстыя ад бледнасцi твары.
— Вам не варта насіць жалобу, — сказаў Гораў, - вы ж ведаеце, што Мураўёў забараніў нашэнне жалобных убораў, ён і тут бачыць жалобу не па забітых, а па радзіме. Вас могуць з гэтай прычыны абразіць на дарозе…
Ён убачыў вялізныя змучаныя вочы. Амаль на паўтвару.
— Мне ўсё адно, — сказала жанчына.
— I ўсё ж накіньце паўзверх плашч другога колеру. Пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства афіцэра.
— Вы расказалі мне жахлівую рэч, — сказала жанчына, — я і сама здагадвалася, што з гэтым мураўёўскім загадам не ўсё добра. Цяпер я пераканалася ў гэтым. Але чаму зараз менавіта вы начальнік кардона?
— Я ж казаў: пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства капітана Пора-Леановіча.
— Хто яго забіў? — уважліва гледзячы на Горава, спытала жанчына. — Няўжо інсургенты зноў з'явіліся?
— Яго забіў я, — цвёрда і сумна сказаў Гораў, - не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.
— Не варта было. Ён толькі выконваў загад.
— Варта было, — сказаў Гораў, - варта для яго самога.
Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, дрэмлючыя пад плямамі скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага кофра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.
— Бадай што, ваша праўда, — сказала яна. — Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.
— Куды вы зараз?
— У Вільню. Да Мураўёва, Я даб'юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.