Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 64

Яна павесiла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукi на плечы, спыталася:

— Якi цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павiнен усынавiць яго, а я ўжо адпiсала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпi яшчэ гарбаты; у Галандыi ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасi iспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсмiхацца, калi пойдзеш у войска; паводзь сябе цiха i памятай, што на свеце, дзе за адзiн толькi жэст рукi можна заплацiць жыццём, гэткiя пачуццi нiчога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва — быццам там можна неяк сябе суцешыць. "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; ах, мой хлопчык, яны забiлi таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына — яна не магла вытрываць гэткага цiску; i тут ужо не дапаможа ладнае слоўца «тыраны»; бацька не здолее больш вытрываць у сваiм кабiнеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павiнен замiрыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабiць гэта; ну, калi ласка, iдзi ўжо.

Спробы замiрыцца з Отам; ён шмат разоў рабiў iх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелi на яго як на чужака; за шырокiм бледным Отавым iлбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлiвымi школьнымi таварышамi, над прахожымi, што не вiталi iхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьцi ўзрушваць, калi б яна выяўлялася толькi ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вулiцы, калi б Ота хацеў атрымаць тры маркi за выйграны баксёрскi паядынак альбо — як пераможца — схадзiць у кiно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы i па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нiчога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць — таго, што ён часам знаходзiў у Нэтлiнгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскi бой i не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабiлася формулай, пазбаўленай карысцi, вызваленай ад iнстынктаў; у ёй амаль не было нянавiсцi, улада ажыццяўлялася механiчна: удар за ўдарам.

Брат; вялiкае слова, Гёльдэрлiнава слова — гэткае агромнiстае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўнiць яго, калi гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замiрэння: "Загiнуў пад Кiевам!" — у гэтых словах маглi прагучаць трагiзм, велiч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэннi з Отавым узростам маглi б узрушваць, як словы надмагiльнага надпiсу: дваццаць пяць год, загiнуў пад Кiевам; але нiчога ў тых словах не прагучала для яго, i ён дарэмна спрабаваў памiрыцца з Отам пасля яго смерцi; "вы ўсё-ткi браты…" — казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў «хлеб», гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова "pain",[8] пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць — «хлеб»; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту «браткам», адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху — ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт "пакаштаваць бычынага прычасця": Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.

А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: "Ну што?" Ён меў тут рацыю — сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.

Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары — як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: "Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?" Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: "Што было, тое было". Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. "Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца…"





Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм — праклён, чары — калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Госпад кажа: "Помста мая", а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?

Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна — адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу — як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: "У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу". Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.

— Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: «Гiндэнбург»; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова «Гiндэнбург»? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: "…Хай Госпад заўсёды будзе з табой"; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: "…Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць — датуль яго iменi ў сэрцах жыць"; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова «яго», амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае — i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне… Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: "Гiндэнбург! Наперад! На бой!"; толькi той адзiн-адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: «Гiндэнбург».

8

Хлеб (франц.).