Страница 51 из 102
— Магчыма, хто-небудзь сыдзе ў Брэшыі, — сказаў швейцар.
— У Брэшыі яшчэ сядуць, — сказаў кулямётчык. Я развітаўся з імі, і яны паціснулі мне руку і пайшлі. Яны абодва былі засмучаны. Усе тыя, хто застаўся без месцаў, стаялі ў калідоры, калі цягнік крануўся. Я глядзеў у акно на стрэлкі і ліхтары, міма якіх мы ехалі. Дождж усё яшчэ ішоў, і хутка вокны сталі мокрыя, і нічога нельга было разглядзець. Пазней я лёг спаць на падлозе ў калідоры, засунуўшы спачатку свой кашалёк з грашыма і дакументамі пад сарочку і штаны, так што ён трапіў паміж бядром і штанінай. Я спаў усю ноч і прачынаўся толькі на прыпынках у Брэшыі і Вероне, дзе ў вагон уваходзілі новыя пасажыры, але адразу ж засынаў зноў. Адну паходную сумку я падклаў сабе пад галаву, а другую абхапіў рукамі, і хто не хацеў наступіць на мяне, той мог якраз мяне пераступіць. Па ўсім калідоры на падлозе спалі людзі. Іншыя стаялі, трымаючыся за аконныя парэнчы або прыхінуўшыся да дзвярэй. Гэты цягнік заўсёды быў перапоўнены.