Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 50 из 102

— Цудоўнае віно, — сказаў я. — Забываешся пра ўсё дрэннае.

— Цудоўнае, — сказала Кэтрын. — Але ў майго бацькі ад яго вельмі моцная падагра.

— У цябе ёсць бацька?

— Так, — сказала Кэтрын. — У яго падагра. Але табе зусім не трэба будзе з ім сустракацца. А ў цябе хіба няма бацькі?

— Не, — сказаў я. — У мяне айчым.

— А ён мне спадабаецца?

— Табе не трэба будзе з ім сустракацца.

— Нам з табой так добра, — сказала Кэтрын. — Мяне больш нічога не цікавіць. Я такая шчаслівая жонка.

Прыйшоў афіцыянт і сабраў посуд. Неўзабаве мы прыціхлі, і было чуваць, як ідзе дождж. Унізе, на плошчы, прагудзеў аўтамабіль.

— Выразна чую я імклівы

Бег часу коней легкакрылых,

— сказаў я.

— Я ведаю гэтыя вершы, — сказала Кэтрын. — Гэта Марвел. Толькі ж гэта пра дзяўчыну, якая не хацела жыць з мужчынам.

Галава ў мяне была вельмі ясная і свежая, і мне хацелася гаварыць пра звычайнае.

— Дзе ты будзеш раджаць?

— Не ведаю. У самым лепшым месцы.

— Як ты ўсё ўладкуеш?

— Самым лепшым чынам. Не турбуйся, мілы. Да сканчэння вайны ў нас можа быль яшчэ шмат дзяцей.

— Нам хутка трэба ісці.

— Я ведаю. Калі хочаш, лічы, што ўжо трэба ісці.

— Яшчэ не.

— Тады не нервуйся, мілы. Ты увесь час быў зусім добры, а цяпер пачынаеш нервавацца.

— Не буду. Ты мне будзеш часта пісаць?

— Кожны дзень. Вашы пісьмы чытаюць?

— Там так дрэнна ведаюць англійскую мову, што гэта не мае значэння.

— Я буду пісаць вельмі блытана, — сказала Кэтрын.

— Але не зусім блытана.

— Не, толькі крыху.

— Відаць, трэба ісці.

— Добра, мілы.

— Мне не хочацца ісці з нашага доміка.

— I мне таксама.

— Але трэба ісці.

— Добра. Мы ж ніколі яшчэ доўга не жылі дома.

— Яшчэ пажывём.

— Я табе падрыхтую цудоўны домік да твайго вяртання.

— Мо я вярнуся вельмі хутка.

— А раптам цябе параняць у нагу.

— Альбо ў мочку вуха.

— Не, я хачу, каб твае вушы засталіся такімі ж.

— А ногі не?

— У ногі ты ўжо быў паранены.

— Трэба ісці, дарагая.

— Добра. Ты ідзі першы.

Мы не выклікалі ліфт, а спусціліся па лесвіцы. Дыван на лесвіцы быў выцерты. Я заплаціў за абед, і афіцыянт, які яго прынёс, сядзеў каля дзвярэй. Ён ускочыў і пакланіўся, і я пайшоў з ім у кантору і заплаціў за нумар. Адміністратар прыняў мяне як сябра і адмовіўся атрымаць наперад, але, расстаўшыся са мной, ён паклапаціўся пасадзіць каля дзвярэй афіцыянта, каб я не збег не заплаціўшы. Верагодна, такія выпадкі ў яго здараліся, нават з сябрамі. За час вайны бывае столькі сяброў.

Я папрасіў афіцыянта схадзіць па экіпаж, і ён узяў у мяне з рук скрутак Кэтрын і, раскрыўшы парасон, выйшаў. З акна мы бачылі, як ён пераходзіў вуліцу пад дажджом. Мы стаялі ў канторы і глядзелі ў акно.

— Як ты сябе адчуваеш, Кэт?

— Хочацца спаць.

— А мне тужліва і хочацца есці.

— У цябе ёсць што-небудзь з сабой?

— Так, у паходнай сумцы.

Я ўбачыў экіпаж. Ён спыніўся, конь стаяў, апусціўшы галаву пад дажджом, афіцыянт вылез, раскрыў парасон і пайшоў да гатэля. Мы сустрэлі яго ў дзвярах і пад парасонам пайшлі па мокрым тратуары ў экіпаж. Па сцёкавай канаве бегла вада.

— Ваш скрутак на сядзенні, — сказаў афіцыянт. Ён стаяў з парасонам, пакуль мы садзіліся, і я даў яму на чай.

— Дзякуй. Шчаслівай дарогі, — сказаў ён. Вазніца падабраў лейцы, і конь рушыў. Афіцыянт павярнуўся са сваім парасонам і накіраваўся да гатэля. Мы паехалі ўздоўж тратуара, потым звярнулі налева і выехалі на вакзал з правага боку. Два карабінеры стаялі каля ліхтара, куды амаль не трапляў дождж. Іх капелюшы блішчалі пад ліхтаром. Пры святле вакзальных агнёў дождж быў празрысты і чысты. З-пад навесу выйшаў насільшчык, хаваючы ад дажджу галаву ў каўнер.

— Не, — сказаў я. — Дзякуй. Не трэба.

Ён зноў схаваўся пад навес. Я павярнуўся да Кэтрын. Яе твар быў у цені ад паднятага верху.

— Што ж, развітаемся?

— Я зайду.

— Не трэба.

— Бывай, Кэт.

— Скажы яму адрас шпіталя.

— Добра.

Я сказаў вазніцы куды ехаць, ён кіўнуў.

— Да пабачэння, — сказаў я. — Беражы сябе і маленькую Кэтрын.

— Да пабачэння, любы.

— Да пабачэння, — сказаў я.

Я выйшаў пад дождж, і вазніца рушыў. Кэтрын высунулася, і пры святле ліхтара я ўбачыў яе твар. Яна ўсміхалася і махала мне рукой. Экіпаж паехаў па вуліцы. Кэтрын паказвала пальцам у бок навеса. Я азірнуўся: там быў толькі навес і двое карабінераў. Я зразумеў, што яна хоча, каб я схаваўся ад дажджу. Я стаў пад навес і глядзеў, як экіпаж зварочвае за вугал. Потым я прайшоў праз будынак вакзала і выйшаў да цягніка.

На пероне мяне чакаў швейцар. Я ўвайшоў за ім у вагон, праціснуўся праз натоўп у праходзе і, адчыніўшы дзверы, уціснуўся ў перапоўненае купэ, дзе ў куточку сядзеў кулямётчык. Мой рукзак і паходныя сумкі ляжалі над яго галавой у сетцы для багажу. Шмат народу стаяла ў калідоры, і тыя, хто сядзеў у купэ, паглядзелі на нас, калі мы ўвайшлі. У цягніку не хапала месцаў, і ўсе былі настроены варожа. Кулямётчык устаў, каб саступіць мне месца. Хтосьці ляпнуў мяне па плячы. Я азірнуўся. Гэта быў вельмі высокі і худы артылерыйскі капітан з чырвоным рубцом на шчацэ. Ён бачыў усё праз шкляныя дзверы і ўвайшоў услед за мной.

— У чым справа? — спытаў я. Я павярнуўся да яго тварам. Ён быў вышэйшы за мяне, і яго твар здаваўся вельмі худым у цені ад казырка, і рубец быў свежы і блішчасты. Усе пазіралі на мяне.

— Так не робяць, — сказаў ён. — Нельга пасылаць салдата, каб загадзя заняць месца.

— А я вось зрабіў.

Ён глынуў паветра, і я ўбачыў, як кадык яго падняўся і апусціўся. Кулямётчык стаяў каля пустога месца. Праз шкляную перагародку калідора глядзелі людзі. Усе маўчалі.

— Вы не маеце права. Я прыйшоў сюды на дзве гадзіны раней за вас.

— Што вы хочаце?

— Сядзець.

— Я таксама.

Я глядзеў яму ў твар і адчуваў, што ўсё вакол супраць мяне. Я не асуджаў ix. Ён меў рацыю. Але я хацеў сядзець. Вакол усе як і раней маўчалі. «Aт, д'ябал!» — падумаў я.

— Сядайце, signоr kapitano, — сказаў я. Кулямётчык саступіў убок, і высокі капітан сеў. Ён паглядзеў на мяне. У яго поглядзе быў неспакой. Але месца засталося за ім. — Дастаньце мае рэчы, — загадаў я кулямётчыку. Мы выйшлі ў калідор. Цягнік быў перапоўнены, і я ведаў, што на месца нельга разлічваць. Я даў швейцару і кулямётчыку па дзесяць лір. Яны выйшлі з вагона і прайшлі па ўсёй платформе, заглядаючы ў вокны, але месцаў не было.