Страница 35 из 102
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Той ноччу кажан уляцеў у пакой праз адчыненыя дзверы балкона, у якія нам відаць была ноч над дахамі горада. У пакоі было цёмна, толькі ноч над горадам слаба свяціла ў балконныя дзверы, і кажан не спалохаўся і стаў насіцца па пакоі, як пад адкрытым небам. Мы ляжалі і глядзелі на яго, і, відаць, ён нас не бачыў, бо мы ляжалі вельмі ціха. Калі ён паляцеў, мы ўбачылі прамень пражэктара і глядзелі, як светлая паласа перасоўвалася па небе і потым знікла, і зноў стала цёмна. Сярод ночы падняўся вецер, і мы пачулі галасы артылерыстаў каля зенітнай гарматы на суседнім даху. Было халаднавата, і яны надзявалі плашчы. Сярод ночы я раптам устрывожыўся, каб хто-небудзь не ўвайшоў, але Кэтрын сказала, што ўсе спяць. Адзін раз сярод ночы мы заснулі, і калі я прачнуўся, Кэтрын у пакоі не было, але я пачуў яе крокі ў калідоры, і дзверы адчыніліся, і яна падышла да ложка і сказала, што ўсё ў парадку: яна была ўнізе, і там усе спяць. Яна падыходзіла да дзвярэй міс Ван-Кампен і чула, як тая дыхае ў сне. Яна прынесла сухіх галет, і мы елі іх, запіваючы вермутам. Мы былі вельмі галодныя, але яна сказала, што раніцай усё гэта трэба будзе вычысціць з мяне. Пад раніцу, калі стала світаць, я заснуў зноў, і калі прачнуўся, убачыў, што яе зноў няма ў пакоі. Яна прыйшла, бадзёрая і прыгожая, і села на ложак, і пакуль я ляжаў з градуснікам у роце, узышло сонца, і мы адчулі пах расы на дахах і потым пах кавы, якую варылі артылерысты каля гарматы на суседнім даху.
— Зараз добра было б пагуляць, — сказала Кэтрын. — Каб тут было крэсла, я магла б вывезці цябе.
— А як бы я сеў у тое крэсла?
— Як-небудзь.
— Добра было б паехаць у парк, паснедаць на паветры. — Я паглядзеў у адчыненыя дзверы.
— Не, зараз мы зоймемся іншай справай, — сказала яна. — Трэба падрыхтаваць цябе да прыходу твайго сябра доктара Валенціні.
— Праўда, ён цудоўны доктар?
— Мне ён не так спадабаўся, як табе. Але ён, напэўна, добры доктар.
— Хадзі да мяне, Кэтрын. Чуеш? — сказаў я.
— Нельга. А як добра было ноччу!
— А ты не можаш узяць дзяжурства і гэтай ноччу?
— Верагодна, і буду дзяжурыць. Але толькі ты мяне не захочаш.
— Захачу.
— Не захочаш. Табе яшчэ ніколі не рабілі аперацыю. Ты не ведаеш, якое ў цябе будзе самаадчуванне.
— Ведаю. Вельмі добрае.
— Цябе будзе нудзіць, і табе будзе не да мяне.
— Ну, тады хадзі да мяне зараз.
— Не, — сказала яна. — Мне трэба вычарціць крывую тваёй тэмпературы, мілы, і падрыхтаваць цябе.
— Значыць, ты мяне не кахаеш, калі не хочаш прыйсці.
— Які ты неразумны! — Яна пацалавала мяне. — Ну, вось, крывая гатова. Тэмпература ўвесь час нармальная. У цябе такая цудоўная тэмпература.
— А ты ўся цудоўная.
— Не, не. Вось у цябе тэмпература цудоўная. Я страшэнна ганаруся тваёй тэмпературай.
— Напэўна, ва ўсіх нашых дзяцей будзе выдатная тэмпература.
— Баюся, што ў нашых дзяцей будзе агідная тэмпература.
— А што трэба зрабіць, каб падрыхтаваць мяне для Валенціні?
— Дробязь, толькі гэта не вельмі прыемна.
— Мне шкала, што табе даводзіцца з гэтым важдацца.
— А мне не. Я не хачу, каб хто-небудзь іншы да цябе дакрануўся. Я дурная. Я ашалею, калі хто-небудзь да цябе дакранецца.
— Нават Фергюсон?
— Асабліва Фергюсон і Гэйдж, і гэтая, як яе?
— Уокер?
— Іменна. Занадта шмат тут сясцёр. Калі не будзе яшчэ раненых, нас перавядуць адсюль. А так і будзе, калі не прыбавіцца раненых.
— Я тады таксама паеду.
— Не кажы глупства. Ты яшчэ не можаш нікуды ехаць. Але ты хутчэй папраўляйся, мілы, і тады мы з табою куды-небудзь паедзем.
— А што пасля?
— Мо вайна скончыцца. Не вечна ж будуць ваяваць?
— Я папраўлюся, — сказаў я. — Валенціні мяне вылечыць.
— Ну, вядома, з такімі вусамі! Толькі ведаеш, мілы, калі табе дадуць эфір, думай пра што-небудзь іншае — толькі не пра нас з табой. А то пад наркозам многія балбочуць.
— Пра што ж мне думаць?
— Пра што хочаш. Пра што хочаш, толькі не пра нас з табой. Думай пра сваіх родных. Ці пра якую іншую дзяўчыну.
— Не.
— Ну, тады чытай малітву. Гэта зробіць цудоўнае ўражанне.
— А мо я не буду балбатаць.
— Магчыма. Не ўсе ж балбочуць.
— Вось і я не буду.
— Не хваліся, мілы. Калі ласка, не хваліся. Ты такі добры, не трэба хваліцца.
— Я не скажу ні слова.
— Зноў ты хвалішся, мілы. Зусім не трэба хваліцца. Проста, калі табе скажуць дыхаць глыбока, пачні чытаць малітву, ці вершы, ці яшчэ што-небудзь. Тады ўсё будзе добра, і я буду ганарыцца табой. Я наогул ганаруся табой. У цябе такая цудоўная тэмпература, і ты спіш, як маленькі хлопчык, абдымаеш падушку і думаеш, што гэта я. А мо не я, а іншая? Якая-небудзь італьянская прыгажуня?
— Не, ты.
— Ну, вядома, я. I я цябе вельмі кахаю, і Валенціні прывядзе тваю нагу ў поўны парадак. Як добра, што мне не давядзецца бачыць гэта.
— А ты будзеш дзяжурыць ноччу?
— Так. Але табе будзе ўсё роўна.
— Пабачым.
— Ну, вось і ўсё, мілы. Цяпер ты зусім чысты, і звонку і знутры. Скажы мне, колькі жанчын ты кахаў за свае жыццё?
— Ніводнай.
— I мяне не?
— Цябе — кахаў.
— А колькі яшчэ?
— Ніводнай.
— А колькі — як гэта гавораць? — колькі ты ведаў?
— Ніводнай.
— Ты кажаш няпраўду.
— Праўду.
— Так і трэба. Ты мне ўвесь час кажы няпраўду. Я так хачу. Яны былі прыгожыя?
— Я ніводнай не ведаў.
— Правільна. Яны былі вельмі прывабныя?
— Не ведаю.
— Ты толькі мой. Гэта праўда, і ніколі нічым ты не быў. Але мне ўсё роўна, нават калі і не так. Я іх не баюся. Толькі ты мне не расказвай пра іх. А калі жанчына кажа мужчыне пра тое, колькі гэта каштуе?
— Не ведаю.
— Ну вядома, ты не ведаеш. А яна гаворыць яму, што кахае яго? Скажы мне. Я хачу ведаць.
— Так. Калі ён гэтага хоча.
— А ён гаворыць ёй, што кахае яе? Скажы. Гэта вельмі важна.
— Гаворыць, калі хоча.
— Але ты ніколі не гаварыў? Праўда?
— Не.
— Не, праўда? Скажы мне праўду.
— Не, — зманіў я.
— Ты не гаварыў, — сказала яна. — Я так і ведала, што ты не гаварыў. Ты мілы, і я цябе вельмі, вельмі кахаю.
Сонца высока стаяла над дахамі, і я бачыў шпілі сабоpa з сонечнымі водбліскамі на іх. Я быў чысты звонку і знутры і чакаў прыходу доктара.
— Значыць, так? — сказала Кэтрын. — Яна гаворыць усё, што яму хочацца?
— Не заўсёды.