Страница 34 из 102
— Ён у чыне капітана, праўда?
— Так, але ён вельмі добры хірург.
— Я не хачу, каб у маёй назе капаўся нейкі капітан. Калі б ён быў нешта варты, то быў бы маёрам. Я ведаю, што такое капітан, доктар.
— Ён вельмі добры хірург, і я з яго думкай лічуся больш, чым з чыёй-небудзь іншай.
— Можна паказаць маю нагу іншаму хірургу?
— Вядома, калі вы захочаце. Але я асабіста паслухаўся б парады доктара Варэла.
— Вы можаце запрасіць да мяне іншага хірурга?
— Я запрашу Валенціні.
— Хто ён такі?
— Хірург з Ospedale Maggiore.
— Добра. Я вам буду вельмі ўдзячны. Зразумейце, доктар, не магу я ляжаць на ложку.
— Вы не будзеце ляжаць на ложку. Спачатку вы будзеце прымаць сонечныя ванны. Потым можна перайсці да лёгкіх практыкаванняў. Потым, калі утворыцца капсула, мы зробім аперацыю.
— Але я не магу чакаць паўгода.
Доктар далікатным рухам пагладзіў кепі, што трымаў у руцэ, і ўсміхнуўся.
— Вам так хочацца вярнуцца на фронт?
— А чаму б і не?
— Як гэта цудоўна! — сказаў ён. — Высакародны малады чалавек. — Ён нахіліўся і вельмі далікатна пацалаваў мяне ў лоб. — Я пашлю па Валенціні. Не хвалюйцеся і не нервуйцеся. Будзьце разумнікам.
— Шклянку віна, доктар? — прапанаваў я.
— Не, дзякую. Я не п'ю.
— Ну, адну шклянку. — Я пазваніў, каб швейцар прынёс шклянкі.
— Не, дзякую, мяне чакаюць.
— Да пабачэння, — сказаў я.
— Да пабачэння.
Праз дзве гадзіны ў пакой зайшоў доктар Валенціні. Ён вельмі спяшаўся, і кончыкі яго вусоў тырчалі ўверх. Ён быў у чыне маёра, і ў яго быў загарэлы твар, і ён увесь час смяяўся.
— Як гэта вам собіла? — сказаў ён. — Ну, пакажыце здымкі. Так. Так. Вось яно што. Ды вы, я бачу, здаровы як бык. А хто гэта прыгожанькая дзяўчына? Ваша каханая? Так я і думаў. Вось гэта чортава вайна! Тут баліць? Вы малайчына. Падрамантуем, будзеце як новенькі. Тут баліць? Яшчэ б не балела. Як яны любяць рабіць балюча, гэтыя дактары. А чым вас да гэтага часу лячылі? Гэта дзяўчына гаворыць па-італьянску? Трэба яе навучыць. Чароўная дзяўчына. Я ўзяўся б даваць ёй урокі. Я сам лягу ў гэты шпіталь. Не, лепш я буду бясплатна прымаць у яе ўсе роды. Яна разумее, што я кажу? Яна вам прынясе добрага хлапчука. Светлавалосага, як яна сама. Так, добра. Так, выдатна. Чароўная дзяўчына. Спытайце ў яе, ці згодзіцца яна павячэраць са мной. Не, я не хачу адбіваць яе ў вас. Дзякуй. Вялікае дзякуй, міс. Вось і ўсё, што я хацеў ведаць. — Ён паляпаў мяне па плячы. — Павязку накладваць не трэба.
— Шклянку віна, доктар Валенціні?
— Віна? Ну, вядома... Дзесяць шклянак. Дзе яно ў вас?
— У шафе. Міс Барклі дастане бутэльку.
— Ваша здароўе. Ваша здароўе, міс. Чароўная дзяўчына. Я вам прынясу віна лепшага за гэта. — Ён выцер вусы.
— Калі, па-вашаму, можна рабіць аперацыю?
— Заўтра раніцай. Не раней. Трэба ачысціць кішэчнік. Вычысціць з вас усё. Я зайду да старой унізе і распараджуся. Да пабачэння. Заўтра ўбачымся. Я прынясу вам віна лепшага за гэта. А ў вас тут вельмі хораша. Да пабачэння, да заўтра. Выспіцеся добра. Я прыйду рана.
Ён памахаў мне з парога, яго вусы тырчалі, карычневы твар усміхаўся. На рукаве ў яго была акаймаваная зорачка, таму што ён быў у чыне маёра.