Страница 28 из 102
Наступнай раніцай мы выехалі ў Мілан і роўна праз двое сутак прыбылі на месца. Ехаць было дрэнна. Мы доўга стаялі на запасным пуці, не даязджаючы Местрэ, і дзеці падыходзілі і зазіралі ў вокны. Я ўгаварыў аднаго хлапчука схадзіць і прынесці бутэльку каньяку, але ён вярнуўся і сказаў, што ёсць толькі грапа. Я загадаў яму ўзяць грапу, і калі ён прынёс бутэльку, я сказаў, каб здачу ён узяў сабе, і мой сусед, і я напіліся і праспалі да самай Вічэнцы, дзе я прачнуўся і мяне вырвала проста на падлогу. Гэта не мела значэння, бо майго суседа некалькі разоў званітавала на падлогу яшчэ раней. Пасля я думаў, што памру ад смагі, і на прыпынку ў Вероне я паклікаў салдата, які хадзіў ля поезда, і ён прынёс мне вады. Я разбудзіў Жаржэці, суседа, які напіўся разам са мной, і прапанаваў яму вады. Ён сказаў, каб я выліў яе яму на галаву, і зноў заснуў. Салдат не хацеў браць манету, якую я прапанаваў яму, і прынёс мне апельсін. Я ссаў і выплёўваў скурку і глядзеў, як салдат ходзіць сюды-туды ля таварнага вагона на суседнім пуці, і неўзабаве поезд таргануўся і паехаў.