Страница 27 из 102
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Палата была доўгая, з вокнамі ў правай сцяне і дзвярыма ў кутку, якія вялі ў перавязачную. Адзін рад ложкаў, дзе быў і мой, стаяў уздоўж сцяны, насупраць акон, а другі — ля вокан, насупраць сцяны. Лежачы на левым баку, я бачыў дзверы перавязачнай. У глыбіні былі яшчэ адны дзверы, у якія часам заходзілі людзі. Калі ў каго-небудзь пачыналася агонія, яго ложак адгароджвалі шырмай так, каб ніхто не бачыў, як ён памірае, і толькі чаравікі і абмоткі дактароў і санітараў былі відны з-пад шырмы, а часам напрыканцы чуўся шэпт. Пасля з-за шырмы выходзіў святар, і тады санітары зноў заходзілі за шырму і выносілі адтуль памерлага, з галавой накрытага коўдрай, і неслі яго ўздоўж праходу паміж ложкамі, і хто-небудзь складваў шырму і прымаў яе.
Гэтым ранкам палатны доктар спытаў у мяне, ці хопіць у мяне сілы, каб заўтра паехаць. Я сказаў, што так. Ён сказаў, што ў такім выпадку мяне адправяць раным-рана. Мне лепей, сказаў ён, зрабіць пераезд зараз, пакуль яшчэ не вельмі горача.
Калі падымалі з ложка, каб несці ў перавязачную, можна было паглядзець у акно і ўбачыць новыя магілы ў садзе. Там, ля дзвярэй, што выходзілі ў сад, сядзеў салдат, які рабіў крыжы і пісаў на іх прозвішчы, чыны і назвы палка тых, хто быў пахаваны ў садзе. Ён таксама выконваў даручэнні параненых і ў вольны час зрабіў мне запальнічку з пустога патрона ад аўстрыйскай вінтоўкі. Дактары былі вельмі добрыя і здаваліся асабліва вопытнымі. Ім абавязкова хацелася адправіць мяне ў Мілан. Нас спяшаліся ўсіх выпісаць і адправіць у тыл, каб вызваліць ложкі да пачатку наступлення.
Вечарам, напярэдадні майго ад'езду з палявога шпіталя, прыйшоў Рынальдзі і з ім наш галоўны ўрач. Яны сказалі, што мяне адпраўляюць у Мілан, у амерыканскі шпіталь, які толькі што адкрыўся. Чакалася прыбыццё з Амерыкі некалькіх санітарных атрадаў, і гэты шпіталь павінен быў абслугоўваць іх і ўсіх іншых амерыканцаў у італьянскай арміі. У Чырвоным Крыжы іх было шмат. Злучаныя Штаты аб'явілі вайну Германіі, а не Аўстрыі.
Італьянцы былі перакананы, што Амерыка аб'явіць вайну і Аўстрыі, і таму яны вельмі радаваліся прыезду амерыканцаў, хоць і проста служачых Чырвонага Крыжа.
У мяне спыталі, як я лічу, ці аб'явіць прэзідэнт Вільсан вайну Аўстрыі, і я сказаў, што гэта пытанне блізкага часу. Я не ведаў, што мы маем супраць Аўстрыі, але здавалася лагічным, што, калі аб'явілі вайну Германіі, значыць, аб'явяць і Аўстрыі. У мяне спыталі, ці аб'явілі мы вайну Турцыі. Я сказаў: так, відаць, мы аб'явілі вайну Турцыі. А Балгарыі? Мы ўжо выпілі некалькі шклянак каньяку, і я сказаў: так, чорт вазьмі, і Балгарыі таксама і Японіі. Як жа так, сказалі яны, Японія ж саюзніца Англіі. Усе адно, гэтым гадам англічанам давяраць нельга. Японцы хочуць Гавайскія астравы, сказаў я. А дзе гэта Гавайскія астравы? У Ціхім акіяне. А чаму японцы хочуць іх? Ды яны іх і не хочуць зусім, сказаў я. Гэта толькі размовы. Японцы цудоўны маленькі народ, любяць танцы і лёгкае віно. Зусім як французы, сказаў маёр. Мы забяром у французаў Ніцу і Савою. I Корсіку забяром, і Адрыятычнае ўзбярэжжа, сказаў Рынальдзі. I Італіі вернецца веліч Рыма, сказаў маёр. Мне не падабаецца Рым, сказаў я. Там горача і шмат блох. Вам не падабаецца Рым? Не, я люблю Рым. Рым — маці народаў. Ніколі не забуду, як Ромул ссаў Тыбр. Што? Нічога. Паедзем у Рым усе. Паедзем у Рым сёння вечарам і больш не вернемся. Рым — цудоўны горад, сказаў маёр. Бацька і маці народаў, сказаў я. Roma жаночага роду, сказаў Рынальдзі. Roma не можа быць бацькам. А хто ж тады бацька? Святы Дух? Не блюзнерце. Я не блюзнеру, я прашу тлумачэння. Вы п'яны, бэбі. Хто мяне напаіў? Я вас напаіў, сказаў маёр. Я вас напаіў, бо люблю вас і таму што Амерыка ўступіла ў вайну. Далей няма куды, сказаў я. Вы раніцай ад'язджаеце, бэбі, сказаў Рынальдзі. У Рым, сказаў я. Не, у Мілан, сказаў маёр, у «Крышталь-Палас», у «Кова», да Кампары, да Біфі, у Galleria. Шчасліўчык. У «Гран-Італія», сказаў я, дзе я пазычу ў Жоржа. У «Ла Скала», сказаў Рынальдзі. Вы будзеце хадзіць у «Ла Скала». Кожны вечар, сказаў я. Вам будзе не па кішэні кожны вечар, сказаў маёр. Білеты вельмі дарагія. Я выпішу чэк на прад'яўніка, на свайго дзеда, сказаў я. Які чэк? На прад'яўніка? Ён павінен заплаціць, альбо мяне пасадзяць у турму. Містэр Кенінгэм у банку зробіць мне гэта. Я жыву чэкамі на прад'яўніка. Няўжо дзед адправіць у турму патрыёта-ўнука, які памірае за выратаванне Італіі? Няхай жыве амерыканскі Гарыбальдзі, сказаў Рынальдзі. Няхай жывуць прад'яўнічыя чэкі, сказаў я. Не трэба шумець, сказаў маёр. Нас ужо некалькі разоў прасілі не шумець. Дык вы праўда заўтра едзеце, Федэрыка? Я ўжо казаў вам, ён едзе ў амерыканскі шпіталь, сказаў Рынальдзі. Да прыгажунь сясцёр. Не тое што барадатыя сядзелкі палявога шпіталя. Так, я ведаю, што ён едзе ў амерыканскі шпіталь, сказаў маёр. Мне не перашкаджаюць бароды, сказаў я. Калі хто хоча адпусціць бараду — на здароўе. Чаму б вам не адпусціць бараду, signor maggiore? Яна не ўлезе ў процівагаз. Улезе. У процівагаз усё ўлезе. Я аднойчы наванітаваў у процівагаз. Не такгучна, бэбі, сказаў Рынальдзі. Усе мы ведаем, што вы былі на фронце. Ах вы, мілы бэбі, што я буду рабіць, калі вы паедзеце? Нам пара, сказаў маёр. А то пачынаюцца сантыменты. Паслухайце, у мяне для вас ёсць сюрпрыз. Ваша англічанка. Ведаеце? Тая, да якой вы кожны вечар хадзілі ў англійскі шпіталь? Яна таксама едзе ў Мілан. Яна і яшчэ адна сястра едуць на службу ў амерыканскі шпіталь. З Амерыкі сёстры яшчэ не прыбылі. Я сёння гаварыў з начальнікам ix riparto²³. У іх надта многа жанчын тут, на фронце. Вырашылі частку адправіць у тыл. Як гэта вам падабаецца, бэбі? Нічога? Га? Будзеце жыць у вялікім горадзе і кахацца са сваёй англічанкай. Чаму я не паранены? Яшчэ паспееце, сказаў я. Нам пара, сказаў маёр. Мы п'ём, і шумім, і турбуем Федэрыка. Не адыходзьце. Не, нам пара. Да сустрэчы. Шчаслівай дарогі. Усяго добрага. Сіао. Сіао. Сіао. Хутчэй вяртайцеся, бэбі. Рынальдзі пацалаваў мяне. Ад вас пахне лізолам. Да пабачэння, бэбі. Да сустрэчы. Усяго добрага. Маёр паляпаў мяне па плячы. Яны выйшлі на пальчыках. Я адчуваў, што зусім п'яны, але заснуў.