Страница 31 из 68
Граф далей у далікатнай форме настаўляў Тома, як трымацца ў гэткіх урачыстых выпадках, — усё пад даволі тонкаю формаю „напамінаньня". На вялікае задаваленьне Гэртфорда аказалася, што Том не асаблівае патрабуе падмогі — ён ужо схапіў такія-сякія ведамасьці ў Гёмфры, паведаміўшага яго, паміж іншым, што праз колькі дзён ён будзе на парадных абедах, — гэтак галасіла пры двары стовусная дзейка. Аднак-жа Том пакінуў у памяці гэтыя акалічнасьці і не заікнуўся аб Гёмфры.
Заўважыўшы гэткае паляпшэньне памяці ў прынца, граф задумаў, як-бы ня сумысьля, пераканацца, насколькі яна напраўду змацнела. Проба ў некаторых выпадках дала вельмі спагадныя рэзультаты — асабліва там, дзе сказваліся паведамленьні Гёмфры. Агулам лёрд Гэртфорд застаўся вельмі здаволены; ён быў падбодраны, — настолькі падбодраны, што ў голасе яго чулася надзея, калі ён зьвярнуўся да хлопчыка:
— Цяпер я пэўны, што калі вашая вялікасьць пастараецеся прыпомніць, дык рашыцё загадку аб вялікай пячатцы — яшчэ ўчора яна была рэчай вялікае вагі, а сягоньня ўжо ня мае ніякае сілы, бо страціла яе са сьмерцю гаспадара. Ці ня ласка будзе вашае вялікасьці пастарацца прыпомніць?
Том ня ведаў, што адказаць — аб вялікай пячатцы ён нічога й ня ведаў. Пасьля мінутнае нерашучасьці ён, прастадушна глянуўшы на лёрда, спытаўся:
— Як яна выглядае, мілёрд?
Графа гэты адказ незаметна пакурчыў. „Ага, — прамармытаў ён, — хлопчык ізноў няцьвёрды ў памяці; мне няварта было стамляць яго" — і ён незаметна перавёў гутарку на іншую тэму, з мэтай даць Тому запомніць аб няшчаснай пячатцы — што, ведама-ж, не зьяўлялася хоць крыху цяжкім.