Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 68

Том падумаў, што добра было-б, калі-б яго даглядчыкі прыставілі да яго каго-нібудзь. Палажэньне, сапраўды, было благаватае. Што тут рабіць? Прыкінуцца, што ён знае хлопчыка, і пасьля на кожным слове выдаваць, што ён ніколі і ня чуў аб ім. Не, гэта не падходзіць. Раптам на падмогу яму зьявілася вось якая думка: падобныя выпадкі, вельмі пэўна, могуць паўтарацца няраз, таму што неадкладныя справы цяпер часта будуць адрываць Гэртфорда і Сэнт Джона, якія зьяўляюцца сябрамі рады душапрыказчыкаў; дзеля гэтага, можа быць, няблага было-б самому прыдумаць плян, каб быць гатовым да гэткіх неспадзяванак. Ага, вось дык штука — каб гэта зрабіць яе з гэтым хлопчыкам ды паглядзець, які рэзультат выйдзе. Том, думаючы, пачаў цёрці лоб і, нарэшце, прамовіў:

— Цяпер я, здаецца, крыху прыпамінаю цябе — памяць у мяне крыху ступілася ад хваробы...

— Нажаль, мой бедны гаспадару! — з пачуцьцём сказаў хлопчык, а сам падумаў: „I сапраўды, так і ёсьць, як казалі: ён пазбавіўуся розуму, небарака. Аднак-жа, чорт мяне пабяры, я й запомніў. То-ж яны наказвалі мне й віду не падаваць, што з ім нядобра.

— Дзіўна неяк, як шурмуе ў мяне памяць за апошнія дні, — сказаў Том. — Але не зьвяртай увагі — я хутка папраўлюся. Іншы раз маленечкага нагаду даволі, каб уваскрасіць у галаве маёй рэчы й імёны, якія саўсім былі выляцелі. (Праўду кажучы, — падумаў ён, — нятолькі гэткія рэчы й асобы, але й тыя, якіх ніколі раней ня бачыў, — у чым гэтаму хлопчыку ня цяжка будзе пераканацца). Кажы, чаго табе трэба?

— Справа тут няважная, гаспадару: але я закрану яе, калі будзе ласка вашае вялікасьці.

Два дні назад, калі вы мелі ласку зрабіць тры абмылкі ў грэцкім практыкаваньні, падчас ранешняе лекцыі, — памятаеце?...

— Але... здаецца, прыпамінаю. (Ён, сапраўды, не павялічвае. Калі-б я ўзяўся за грэцкую мову, дык зрабіў-бы ня тры, а трыццаць тры абмылкі...). Але, памятаю; ну далей.

— Настаўнік, узлаваўшыся за гэткую, — як ён сказаў, — неакуратную й бессэнсоўную работу, дакляраваў, як трэба, высьцебаць мяне... і...

— Высьцебаіль цябе! — гукнуў Том, не памятаючы нічога ад зьдзіўленьня. — Што гэта яму стрэліла ў галаву сьцёбаць цябе за мае абмылкі?

— Ах, вашая вялікасьць, ізноў запамінаеце. Ён заўсёды карае мяне за абмылкі, дапушчаныя вамі на лекцыях.

— Ага, праўда, я й запомніў. Ты практыкуеш са мною, а калі я ня ведаю чаго-нібудзь, дык настаўнік думае, што ты блага спаўняеш свае абавязкі, і...

— О, гаспадару, ці магчыма, каб я, найсьмірнейшы з тваіх слугаў, пасьмеў вучыць цябе?

— Дык у чым-жа твая віна? Тут нейкая загадка. Хто з нас, напраўду, звар'яцеў — я ці ты? Растлумач, кажы, у чым справа?

— Вашая вялікасьць, што можа быць прасьцей. Ніхто ня сьмее ўдарыць сьвятарнае асобы прынца Уэльскага; вось чаму, калі ён правініцца, дык мне дастаецца за яго... Гэтак і трэба, то-ж гэта мой абавязак, мой заработак.

Том са зьдзіўленьнем аглядаў хлопчыка, спакойна стаяўшага перад ім. „Вось дык дзіўная штука, — падумаў ён, — дзіўная майстэрка; як гэта яны не нанялі хлопчыка, каб прычэсваць і апранаць яго за мяне... Вось, каб гэта яны зрабілі, дык я ахвотна пайшоў-бы пад лупцаваньне ды яшчэ дзякаваў-бы Богу!" Пасьля ён дадаў голасна:

— I што-ж, цябе адластажылі, небарача, як было даклярована?

— Не, вашая вялікасьць, кара была назначана на сягоньня, але цяпер яе, пэўна што, саўсім адменяць, цераз жалобу, ня ведаю напэўна... І вось я адважыўся зьявіцца і прыпомніць вашай міласьці аб дакляраваньні заступіцца за мяне...

— Выратаваць цябе ад розгаў?

— А вы маеце ласку помніць!

— Бачыш, памяць да мяне вяртаецца. Супакойся, цябе ня будуць біць, я аб гэтым патурбуюся.

— О, дзякую, уладару мой! — выгукнуў хлопчык, падаючы на калены... Быць можа, я вельмі адважна зьвярнуўся... а ўсё-ж...

— Гёмфры ўсё яшчэ не адважваўся, але Том падбадрыў яго, заўважыўшы, што ў даную мінуту ён у „літасьцівым настроі".

— Ну, тады я выкажу, што ў мяне ў душы. З тае мінуты, як ты з прынца Уэльскага зрабіўся каралём, ты можаш загадаць, што хочаш і ніхто не адважыцца пярэчыць; табе цяпер няма ніякае патрэбы мучыць сябе нуднымі заняткамі, ты, мусі, кінеш у агонь кніжкі і займешся чым-нібудзь болей лёгкім. Тады я прапаў, а са мною й мае сёстры-сіроты.

— Прапаў! Растлумач, калі ласка, як гэта так?

— Мае плечы кормяць мяне, о, добры гаспадару! Бяз гэтага занятку мне хоць-бы з голаду паміраць. А як толькі пакінеш вучыцца, тады і пасадзе маёй канец. Не праганяй мяне, гаспадару!

Том быў крануты яго глыбокім горам. У парыве шчыра-царскае велікадушнасьці ён сказаў:

— Ня сумуй, хлопчык. Твая пасада застанецца назаўсёды за табою і за тваім патомствам... Затым, лёгенька ўдарыўшы яго плоскім бокам меча па плячы, ён сказаў: „Устань, Гёмфры Марлё, адсюль насьледны насіцель свайго высокага званьня! Ня сумуй — я ізноў вазьмуся за свае кнігі і буду гэтак блага вучыцца, што прыдзецца, па справядлівасьці, утроіць тваю пэнсію — гэтулькі ў цябе падрасьце работы.

— Дзякую табе, вялікі гаспадару, — адказаў Гёмфры са шчырасьцю, — твая царская міласьць далёка пераходзіць за самыя высокія мае лятуценьні аб шчасьці. Цяпер я буду шчасьлівы праз усё жыцьцё, шчасьлівы будзе і ўвесь род Марлё.

У Тома хапіла кемкасьці сьцяміць, што гэты хлопчык можа быць карысным. Ён усё падбухторваў Гёмфры расказваць, а той нічога ня меў проці гэтага. Ён быў рад ад аднае думкі, што памагае „зьлячэньню" караля. Кожны раз, калі ён прыводзіў Тому на памяць розныя справы і выпадкі, што адбываліся ў каралеўскім пакоі-клясе ці наагул у палацы, ён заўважаў, што той мае здольнасьць усё прыпомніць саўсім ясна. Пасьля прабегу гадзіны часу малады кароль ужо меў вельмі цэнныя даныя датычна асобаў і здарэньняў, датыкаўшых двара. Ён пастанавіў штодня чэрпаць ведамасьці з новае крыніцы і з гэтай мэтаю аддаў загад дапушчаць Гёмфры ў кабінэт яго вялікасьці, ува ўсякі час, калі ён нічым не заняты. Толькі што Гёмфры быў адпушчаны, як зьявіўся лёрд Гэртфорд з новаю няпрыемнасьцю для Тома.

Ён далажыў, што лёрды сябры рады, баючыся пашырэньня павялічаных чутак аб нездароўі караля, лічаць карысным, каб яго вялікасьць цераз дзень быў на парадных абедах пры двары. Здаровы выгляд яго і рэзвая постаць, разам з вытрыманым спакойствам, няпрымушанасьцю і далікатнасьцю абхаджэньня, лепей, як розныя іншыя рэчы, супакояць грамадзкую думку, у выпадку, калі няпрыемныя весткі пасьпелі пашырыцца.