Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 49

— А-а, дык вось яно што! Ты ўсю гэтую гісторыю выдумаў толькі для таго, каб не ісці ў школу, а замест таго ісці вудзіць рыбу? Ах, Том, Том, я так цябе люблю, а ты нібы наўмысля робіш мне розныя брыдоты, псуеш маё старое сэрца.

Тымчасам прынеслі прылады для зубадрання. Цёця Поллі зрабіла пятлю на канцы шаўкавінкі, надзела яе на хворы зуб і моцна сцягнула, а другі канец прывязала да ложка; потым схапіла палаючую галаўню і сунула яе ў твар хлопчыку. Міг — і зуб павіснуў на нітцы ля ложка.

Але ўсе пакуты так або іначай узнагароджваюцца. Калі Том, паснедаўшы, з’явіўся ў школу, усе таварышы зайздросцілі яму, бо пустата, якая стварылася ў верхнім радзе яго зубоў, дазваляла яму пляваць зусім новым і незвычайным спосабам. За ім хадзіла цэлая чарада дзетвары, зацікаўленая такой з’явай: адзін хлопчык, які парэзаў сабе палец і да гэтага часу карыстаўся агульнай увагай і пашанай,— цяпер адразу страціў усіх сваіх прыхільнікаў, і слава яго змеркла. Ён быў вельмі пакрыўджаны і з няшчырай пагардай абвясціў, што нічога не варта так плявацца, як Том Соўэр; але другі хлопчык адказаў на гэта: «а ну, паспрабуй!» — і той адышоў, як развенчаны герой.

Неўзабаве пасля таго Том сустрэўся з Гекльберы Фінам, сынам усім вядомага ў горадзе п’яніцы. Усе мамы ў горадзе шчыра ненавідзелі Гекльберы і разам з тым баяліся яго, бо ён быў гультай, брыдкі, невыхаваны і не прызнаваў ніякіх законаў. Том, як і іншыя хлопчыкі з «прыстойных» дамоў, зайздросціў адрынутаму Гекльберы, які мог увесь дзень нічога не рабіць. Тому таксама было сурова забаронена гуляць з гэтым абадранцам, але акурат таму ён і карыстаўся кожным выпадкам, каб пагуляць з ім.

Гекльберы апранаўся ў неданоскі з плеч дарослых людзей; вопратка яго ва ўсе пары году квітнела рознакаляровымі плямамі і вісела лахманамі. Капялюш яго быў зусім разбураны: ад яго (палёў звешваўся ўніз вялікі кавалак у выглядзе поўмесяца. Куртка на ім даходзіла яму да пят, і заднія гузікі размясціліся куды ніжэй спіны. Штаны трымаліся нямаведама як і спускаліся ззаду вялізным пустым мехам, а ў нізе валакліся па зямлі памялом. Гекльберы быў вольнай птушкай, бадзяўся, дзе хацеў, у добрае надвор’е начаваў дзе-небудзь ля чужога ганка, а ў дрэннае,— у пустых бочках. Яго не прымушалі хадзіць у школу і ў царкву, яму не было каго слухацца, над ім не было гаспадара.

Ён мог вудзіць рыбу ці купацца, калі і дзе хацеў, і сядзець у вадзе, колькі ўлезе. Ніхто не забараняў яму біцца. Клаўся спаць ён, калі хацеў, хоць сярод ночы. Увесну ён першы з усіх хлопчыкаў пачынаў хадзіць босы і ўвосень апошні надзяваў скураныя боты. Яму не трэба было ні мыцца, ні надзяваць чыстае адзенне, і лаяўся ён дасканала. Словам, гэты хлопчык меў усё тое, што надае вартасць жыццю. Так думалі ўсе затузаныя, скаваныя «добрым выхаваннем» хлопчыкі з «прыстойных дамоў» ў Пітэрсборо.

Гэк у сябе на кватэры.

Том гукнуў мілага валацугу:

— Эй, Гекльберы! Хадзі сюды!

— Сам ідзі, калі хочаш!

— Што гэта ў цябе?

— Здохлы кот.

— Дай, братка, паглядзець! Бач ты, зусім здрантвеў. Дзе ты яго здабыў?

— Купіў у аднаго хлопчыка.

— Што даў?

— Сіні білецік і бычыны пузыр, які дастаў на бойні.

— А дзе ты ўзяў сіні білецік?

— Купіў у Бэна Роджэрса два тыдні назад за пугу.

— Слухай, Гек, а на што можа спатрэбіцца мёртвы кот?

— На што патрэбны? А бародаўкі знішчаць.

— Ну? Няўжо? Я ведаю спосаб лепшы.

— Давай спрачацца, што не. Якое?

— Гнілая вада.

— Гнілая вада! Нікуды яна не варта, твая гнілая вада.

— Не варта?! А ты калі-небудзь прабаваў знішчаць ёю бародаўкі?

— Не, не прабаваў. А Боб Танер прабаваў.

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Ён казаў Джэфу Тэчэру, а Джэф — Джонні Бэкеру, а Джонні — Джыму Холмсу, а Джым — Бэну Роджэрсу, а Бэн — аднаму негру, а негр — мне. Вось і ведаю.

Гекльберы Фін.

— Ну, дык што з таго? Усе яны хлусяць. Прынамсі ўсе, апрача негра, бо я яго не ведаю. Але я яшчэ не бачыў негра, які-б не маніў. Глупства!.. Цяпер ты мне скажы, як знішчаў бародаўкі Боб Танер?

— Ды так, узяў ды абмакнуў руку ў дажджавую ваду, што набралася ў гнілым дупле.

— Сярод белага дня?

— Вядома.

— Стаяць тварам да пня?

— Але. Прынамсі, так я памятаю.

— Гаварыў ён што-небудзь пры гэтым?

— А гэтага ўжо не ведаю.

— Ага! Як будзеш знішчаць бародаўкі гнілой вадой, калі не ведаеш, як прыступіцца да справы! З такога глупства, вядома, нічога не выйдзе. Трэба пайсці аднаму ў самую пушчу, зазначыць мясцінку, дзе ёсць такі пень з дажджавой вадой, і роўна а поўначы, стаўшы спіной да пня, апусціць руку ў ваду, прыгаварваючы:

Ячмень-зерне, ячмень-зерне, рассыпся мукою,

Гніль-вада, гніль-вада, вазьмі мае бародаўкі!

«А потым трэба хуценька адыйсці на адзінаццаць крокаў, заплюшчыўшы вочы, і пасля таго тры разы павярнуцца на месцы і па дарозе дадому ні з кім не гаварыць. Калі ты скажаш хоць адно слова, усе чары прападуць».

— Так, яно падобна на праўду, толькі Боб Танер рабіў не так.

— Ды ўжо-ж пэўна не так! Ён з усіх рэбят у горадзе самы барадаўчаты. Ну, а як іх знішчаць здохлымі катамі?

— А вось як. Вазьмі ката і ідзі з ім на могілкі, каля поўначы, на такое месца, дзе пахаваны які-небудзь злы чалавек, і вось у поўнач з’явіцца чорт, а можа — і два, і тры; але ты іх не ўбачыш, толькі пачуеш, нібы вецер зашуміць, а можа і пачуеш, як яны будуць размаўляць паміж сабой. І калі яны павалакуць мерцвяка, ты кінь ім услед ката і скажы: «Чорт за мерцвяком, кот за чортам, бародаўкі за катом,— тут і справе канец, а мне вось больш не трэба!» Ад гэтага кожная бародаўка знікне.

— Выходзіць, што так. Ты калі-небудзь прабаваў, Гек?

— Не, мне старая цётка Гопкінс казала.

— Ну, калі так, значыцца, праўда: кажуць, яна вядзьмарка.

— Кажуць! Ды я напэўна ведаю, што яна чараўніца. Яна бацьку сапсавала. Бацька сам казаў. Раз ён ідзе і бачыць, што яна на яго «напушчае». Ён узяў камень ды і кінуў у яе, яна ўхілілася. І што-ж ты думаеш: у гэтую самую ноч ён скаціўся з павеці, дзе спаў п’яны, і зламаў сабе руку.

— Якія жахі! Але як-жа ж ён пазнаў, што яна на яго «напушчае»?

— Ну вось яшчэ! Бацька казаў, што пазнаць — плёвая рэч. Бацька кажа: калі які чалавек на цябе пільна глядзіць, ды яшчэ пры гэтым мармоча сам сабе,— абавязкова псоту напушчае. Таму, калі чараўнік мармоча сам сабе, гэта азначае — ён малітву чытае наадварот.