Страница 48 из 49
Гек сам ужо старанна капаў, дапамагаючы яму. Хутка яны дакапаліся да дошак, якія закрывалі адтуліну, што вяла пад скалу. Том пралез у сярэдзіну і выцягнуў руку са свечкай, але не мог асвятліць усёй расколіны да канца і парашыў даследваць яе. Нахіліўшыся, як мага, ён пайшоў далей. Вузкі, звілісты ход паступова паглыбляўся ў зямлю. Том ішоў наперадзе, Гек следам за ім. Яны завярнулі направа, потым налева, прайшлі яшчэ згіб, і раптам Том крыкнуў:
— Гек, глянь сюды!
Гэта быў той куфэрак са скарбам, а побач з ім пустая скрынка ад пораху, пара стрэльбаў у скураных чахлах, скураны пояс і рознае барахло, замочанае вадой, якая капала зверху.
— Вось дзе яно! — сказаў Гек, запускаючы руку ў цмяныя манеты. — Ну, Том, багатыры-ж мы з табою цяпер!
— Гек, я заўсёды быў упэўнены, што мы разбагацеем. Цяпер грошы нашы, гэта ўжо напэўна! Але няма чаго тут валаводзіцца,— трэба выносіць скрынку. Дай паглядзець, ці здолею я падняць яе.
Урэшце!
Скрынка важыла фунтаў пяцьдзесят. Том сяк-так мог яшчэ падняць яе, але несці не мог.
— Я так і думаў,— сказаў ён,— яна мне і на выгляд здалася важкай,— памятаеш, калі яны неслі яе там, у доме са зданямі? Вось і добра, што мне прышло ў галаву захапіць з сабою мяшкі.
Хлопчыкі перасыпалі грошы ў мяшкі і ўсцягнулі іх на скалу.
— Цяпер давай перанясем стрэльбы і ўсё іншае,— прапанаваў Гек.
— Не, Гек, пакінем іх там. Яны акурат спатрэбяцца, калі мы пачнем разбойнічаць. Мы там і будзем іх трымаць і тамака-ж будзем наладжваць оргіі. Гэта надзвычайна добрая мясціна для оргій.
— А што гэта за оргіі?
— Не ведаю. Але ў разбойнікаў заўсёды бываюць оргіі,— значыцца, і нам прыдзецца іх рабіць. Ну, хадзем, Гек; мы і так даўно тут сядзім. Час не ранні, ды і згаладаўся я вельмі. Мы ўжо там на лодцы паямо і пакурым.
Яны вышлі з густога хмызняку, асцярожна агледзеліся навакол, убачылі, што бераг пусты, перабраліся ў лодку і пачалі закусваць. Калі сонца пачало схіляцца да гарызонта, яны рушылі назад. Том увесь час веславаў, трымаючыся каля берага, бо плысці прыходзілася супроць цячэння, і весела балбатаў з Гекам. Калі сцямнелася, яны прысталі да берага.
— Ну, Гек,— сказаў Том,— цяпер мы пакуль што схаваем грошы пад страхой дрывотніка ўдавы Дуглас, а раніцою я прыду, мы іх палічым і падзелім, а потым пашукаем надзейнае месца ў лесе, каб закапаць іх. Ты пакуль застанься тут і сцеражы грошы, а я збегаю, прывалаку тачку Бэні Тэйлора. Я мігам вярнуся.
Ён знік і сапраўды хутка вярнуўся з тачкай, палажыў у яе абодва мяшкі, прыкрыў нейкай анучкай, і хлопчыкі пачалі ўзбірацца на гару, пхаючы перад сабой тачку. Дайшоўшы да дома валійца, яны спыніліся адпачнуць. I калі яны хацелі ўжо ісці далей, на парозе з’явіўся гаспадар.
— Эй, хто тут?
— Гек і Том Соўэр.
— Гэта добра! Ідзіце за мной, хлапчукі, мы вас даўно чакаем. Ну, марш наперад скокам! Я павязу вашу тачку. Але-ж яна не вельмі лёгкая. Што ў вас там? Цэгла, ці што, або старое жалеза?
— Старое жалеза.
— Я так і думаў. Нашы хлапчукі гатовы патраціць колькі хочаш часу на здабыванне старога лому, за які ім дадуць шэсць цэнтаў на ліцейным заводзе, а за працу, дык не бяруцца, хоць яна прынесла-б удвая больш. Але такая ўжо чалавечая натура! Ну, марш, жывей!
Але хлопчыкі пацікавіліся, чаму-ж гэта ім трэба спяшацца.
— Вось прыбяжыце да ўдавы Дуглас, тады даведаецеся.
Гек, які на сваім вяку прызвычаіўся да дарэмных абвінавачанняў, спытаўся з трывогай:
— У чым справа, містэр Джонс? Мы нічога дрэннага не зрабілі.
Валіец аж пакаціўся ад смеху.
— Не ведаю, Гек, не ведаю, мой хлопчык. Наконт гэтага нам нічога не вядома. Але-ж ты сябруеш з удавою Дуглас?
— Так. У кожным разе яна становіцца да мяне добра.
— Ну, вось бачыш,— чаго-ж тады баішся?
Гек, які не вызначаўся асаблівай кемлівасцю, не паспеў прыдумаць адказу, як яго разам з Томам пхнулі ў гасціную да місіс Дуглас. Містэр Джонс пакінуў тачку за дзвярыма і ўвайшоў услед за імі.
Гасціная была ярка асветлена, і там сабраліся ўсе важныя людзі гарадка. Тут былі Тэчэры, Гарперы, Роджэрсы, цёця Поллі, Сід, Мэры, поп, выдавец газеты і яшчэ шмат народу, усе ўбраныя па-святочнаму. Удава сустрэла хлопчыкаў так шчыра, як толькі можа гаспадыня сустрэць гасцей, якія з’явіліся да яе ў такім выглядзе, як нашы героі: запэцканыя салам і глінай.
Цёця Поллі ўся пачырванела ад сораму і, нахмурыўшыся, з дакорам ківала галавой, гледзячы на Тома, але больш за ўсіх адчувалі сябе няёмка самі хлопчыкі.
— Тома не было дома,— растлумачыў Містэр Джонс,— і я нават не прабаваў знайсці яго, але потым сутыкнуўся з ім і з Гекам ля самай маёй дзверы і вось паспяшаўся прывесці іх сюды.
— I добра зрабілі,— сказала ўдава. — Хадзем за мной, дзеці!
Яна прывяла іх у спальню і сказала:
— Цяпер памыйцеся і пераапраніцеся. Тут два новыя касцюмы, кашулі, панчохі — усё, што трэба. Гэта, уласна кажучы, для Гека... Не, не, Гек, не дзякуй: адзін купіла я, другі містэр Джонс, але яны падыходзяць вам абодвым. Апранайцеся-ж, а калі будзеце гатовы, прыходзьце ўніз,— мы вас чакаем.
Раздзел XXXIII
— Том,— сказаў Гек,— мы можам уцячы праз акно, калі толькі знайсці вяроўку; тут вокны невысока ад зямлі.
— Што за глупства? Навошта нам уцякаць?
— Ну, ведаеш, я не прывык бываць у такім натоўпе. Я гэтага цярпець не магу. Не пайду я туды, Том.
— Глупства, нічога! А мне дык усёроўна. Я ніколечкі не баюся. Я і аб табе паклапачуся.
На парозе з’явіўся Сід.
— Том, цёця чакала цябе ўвесь час пасля абеду. Дзе ты быў? Мэры падрыхтавала табе святочны гарнітур; усё непакоілася, дзе ты. Што гэта ў цябе на адзенні — сала, гліна?
— Містэр Сід, раю вам займацца ўласнымі справамі і не соваць нос у чужыя. Але што гэта яны выдумалі? дзеля чаго?
— Ды проста ўдава наладжвае ў сябе свята, як яна гэта часам робіць. На гэты раз яна дае вячэру ў гонар валійца і яго сыноў за тое, што яны выратавалі яе з бяды тады ўначы. І ведаеце, што я вам скажу,— калі толькі, вядома, вы хочаце?
— Ну, што такое?
— А вось, што: стары містэр Джонс збіраецца сёння нечым усіх здзівіць, але я падслухаў іхні сакрэт, калі ён сёння расказваў яго цётцы, і думаю, што цяпер ужо гэта ні для каго не сакрэт. Усе ведаюць, нават і ўдава, хоць яна і прытвараецца, што не ведае. Вядома, містэру Джонсу трэба было прывесці сюды Гека. Без Гека нічога і не вышла-б з яго сакрэта.
— Ды ў чым-жа сакрэт, Сід?