Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 46 из 49

Потым ён расказаў, як ён вярнуўся да Бэкі з радаснай весткай, і яна сказала яму, каб ён не лез да яе з такім глупствам, бо яна стамілася і ведае, што хутка памрэ, і радуецца з гэтага. Ён расказаў, як ён угаварваў яе і як яна сапраўды ледзь не памерла з радасці, убачыўшы дзеннае святло; як ён вылез сам і дапамог вылезці ёй; як яны сядзелі і плакалі ад радасці, а ў гэты час міма ехала лодка, і Том гукнуў ехаўшых і сказаў ім, што яны трапілі сюды з пячоры і страшэнна згаладаліся.

Рыбакі спачатку не далі яму веры, кажучы, што тое месца, дзе яны цяпер сядзяць, на пяць міль ніжэй ад даліны, дзе знаходзіцца пячора. Але потым гэтыя рыбакі ўзялі іх у лодку, завезлі іх у нейкі дом, накармілі вячэрай, далі адпачыць дзве-тры гадзіны і потым адвезлі дадому. Яшчэ да світання суддзю Тэчэра і некалькі быўшых з ім чалавек выцягнулі з пячоры пры дапамозе вяровак, якімі яны абвязаліся, спускаючыся туды, і паведамілі ім радасную навіну.

Тры дні і тры ночы пакут, голаду і страху ў пячоры не маглі прайсці дарма, як хутка пераканаліся Том і Бэкі. Усю сераду і чацвер яны праляжалі ў пасцелі, адчуваючы вялікую знямогу. Том пачаў уставаць ужо ў чацвер, у пятніцу пайшоў бадзяцца па горадзе, а ў суботу быў амаль малайцом; але Бэкі да самай нядзелі не выходзіла з свайго пакою, ды і вышаўшы, мела такі выгляд, нібы перанесла сур’ёзную хваробу.

Том, пачуўшы пра хваробу Гека, яшчэ ў пятніцу пайшоў наведаць яго, але яго не пусцілі да хворага не толькі ў той дзень, але і ў суботу і ў нядзелю. Потым ужо яго пускалі кожны дзень, але з папярэджаннем — не расказваць пра падзеі ў пячоры і наогул не весці гутарак, якія хвалююць хворага. А для вернасці ўдава Дуглас увесь час сядзела з імі. Дома Том даведаўся, што ўдаву ледзь было не аграбілі і што цела аднаго з валацуг знойдзена было ў рацэ каля паромнай прыстані: відаць, ён утапіўся, ратуючыся ад дагону.

Тыдні праз два пасля свайго вызвалення з пячоры, Том пайшоў наведаць Гека, які за гэты час набраўся ўжо досыць сілы, каб весці ўсялякія гутаркі, а як дом суддзі быў па дарозе, то наш герой зайшоў, каб пабачыцца з Бэкі. У суддзі былі госці; яны ўцягнулі Тома ў гутарку, і нехта жартам спытаў яго, ці хацеў-бы ён яшчэ раз пабываць у пячоры. Том адказаў, што гатоў адправіцца туды хоць зараз.

— Я ніколі не сумняваюся, Том, што ў цябе знайшліся-б пераймальнікі,— сказаў суддзя,— але мы зрабілі захады, каб у гэтую пячору больш ужо ніхто не трапіў.

— Як? Чаму?

— Таму што я два тыдні назад распарадзіўся абабіць гэтую дзвер лістовым жалезам і замкнуць яе трыма замкамі. А ключы ў мяне.

Том збялеў, як палатно.

— Што з табой, хлопчык? Эй, хто-небудзь сюды, дайце шклянку вады!

Прынеслі ваду, пырснулі ёю ў твар Тома.

— Ох, суддзя, там у пячоры... індзеец Джо!

Раздзел XXXII

У пяць мінут навіна разнеслася па ўсім горадзе, і праз некаторы час дзесятак лодак, нагружаных людзьмі, ужо накіраваліся к пячоры, а хутка за імі пайшоў і паром, перапоўнены пасажырамі. Том Соўэр ехаў у адной лодцы з суддзёю Тэчэрам.

Як толькі дзверы адчынілі, у змроку пячоры ўбачылі сумнае з’явішча. На зямлі ляжаў мёртвы метыс, прыціснуўшыся тварам да шчыліны ў дзверах, нібы прагны зрок яго да апошняй хвіліны не мог адарвацца ад святла і радасці вольнага знадворнага свету.

Том расчуліўся. Ён з практыкі ведаў, якія пакуты павінен быў перацярпець гэты няшчасны. Яму было шкода метыса, але ў той-жа час ён адчуў вялізнае палягчэнне, і толькі цяпер добра зразумеў, якім вялікім цяжарам ляжаў у яго на душы вечны страх з таго дня, калі ён выкрыў на судзе гэтага лютага злодзея.

Тут-жа побач ляжаў вялікі нож метыса, зламаны напалам. Тоўсты ніжні брус дзверы быў увесь пакрышаны гэтым нажом, але цяжкая праца была дарэмнай, бо знадворку пад парогам выступаў камень і з ім нож нічога не мог зрабіць. Нават, каб тут і не было каменя, праца метыса ўсероўна прапала-б дарэмна, бо і зрэзаўшы брус, ён не мог-бы праціснуцца ў шчыліну,— і ён ведаў гэта. Небарака рэзаў дрэва толькі затым, каб што-небудзь рабіць, каб як-небудзь змарнаваць цягучы час, як-небудзь заняць змучаны розум.

Звычайна ў расколінах сцен гэтай пярэдняй часткі пячоры заўсёды былі дзесяткі сальных агаркаў, якія пакідалі тут турысты; цяпер-жа іх не відаць было аніводнага: вязень усе іх з’еў. Ён ухітрыўся нават злавіць некалькі кажаноў і таксама з’еў іх, пакінуўшы толькі косці. Няшчасны памёр галоднай смерцю.

Цэлы натоўп пашоў на пошукі.

Недалёка павольна вырастаў з зямлі сталагміт, створаны на працягу вякоў каплямі вады, якія капалі з вісеўшага над ім сталактыта. Вязень адламаў верхавіну сталагміта і выдзеўбаў ямку для збірання дарагіх капель, што падалі праз кожныя дваццаць мінут з суровай рэгулярнасцю гадзінніка. Праз дваццаць чатыры гадзіны такім чынам набіралася лыжка.

Індзейца Джо пахавалі недалёка ад уваходу ў пячору, і на гэтыя хаўтуры з’ехаўся народ у лодках і на конях з усіх суседніх ферм і вёсак на сем міль навакол.

На другі дзень пасля гэтага Том з Гекам схаваліся ва ўтульным месцы для сур’ёзнай гутаркі. К гэтаму часу Гек ужо ведаў аб прыгодзе Тома ад валійца і ўдавы Дуглас.

Але — як сказаў Том — яны не сказалі Геку аднаго, самага галоўнага, і аб гэтым яму і хочацца пагаварыць з прыяцелем. Твар Гека нахмурыўся.

— Я ведаю, у чым справа,— сказаў Гек.— Ты быў у «нумары другім» і не знайшоў там нічога, апрача віскі. Мне ніхто не сказаў пра цябе, але я зразумеў, што гэта быў ты, і зразумеў таксама, што ты не атрымаў грошай, бо іначай ты ўжо знайшоў-бы спосаб дабрацца да мяне і паведаміць гэтую навіну. Том, мне заўсёды здавалася, што нам не дасца ў рукі гэты скарб.

Індзеец Джо спрабуе выйсці на волю.

— Што ты, Гек? Я ніколі не даносіў на гаспадара. Ты-ж ведаеш, што ў суботу, калі мы ішлі на пікнік, у карчме ўсё было спакойна. Хіба ты не памятаеш, што ты ноччу павінен быў пільнаваць каля карчмы?

— О, так! Ведаеш, мне цяпер здаецца, што гэта было даўно-даўно, які год назад. Гэта было ў тую самую ноч, калі я ішоў да ўдавы Дуглас, сочачы за гэтым д’яблам метысам.

— Ты пайшоў за ім следам?

— Так. Толькі аб гэтым маўчы! Я ўпэўнены, што ў яго засталіся сябры. Я не жадаю, каб яны зрабілі са мной якую-небудзь паганую штуку. А ўжо гэта ты мне можаш даць веры: каб не я, ён быў-бы цяпер у Тэхасе!

І Гек пад сакрэтам расказаў усе свае прыгоды. Том да гэтага часу чуў толькі частку гэтых прыгод ад валійца.