Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 49

Том гнаўся за здраднікам аж да самага яго дома і такім чынам даведаўся, дзе ён жыве. Некаторы час ён пільнаваў ля форткі, выклікаючы ворага на адкрыты бой; але вораг толькі дражніўся ў акне, а выйсці не захацеў. Нарэшце з’явілася матка ворага, абазвала Тома брыдкім, папсаваным вулічным хлапчуком і загадала яму ісці прэч. Ён пайшоў, запэўняючы, што ідзе толькі таму, што не хоча пэцкаць рук аб такую поскудзь.

Дахаты ён вярнуўся позна ноччу і ціханька палез у акно. Але за акном яго пільнавала цётка. І, калі цётка ўбачыла, што зрабілася з яго курткай і штанамі, яе намер засадзіць яго ў свята за цяжкую працу зрабіўся цвёрдым, як дыямант.

Раздзел II

Надышла суботняя раніца.

Том ішоў уздоўж плота з вядзерцам вапны і пэнзлем на доўгім кію. Ён глянуў на плот — і ўсё навакол зараз-жа зрабілася цмяным для яго, і глыбокі смутак ахапіў яго душу. Трыццаць метраў шырыні і дзевяць футаў вышыні! Жыццё здавалася яму нейкай бязглуздзіцай, цяжкім бярэмем.

Са ўздыхам абмакнуў ён пэнзаль у вапну і правёў ім па верхняй дошцы; паўтарыў гэта другі, трэці раз і спыніўся: о, як мала ён зрабіў і як многа застаецца! І ён сумна сеў на лаўку.

З варот, падскокваючы і спяваючы, выбег Джым з бляшаным вядром. Насіць ваду з гарадской студні заўсёды было для Тома ненавіснай працай, але цяпер ён з радасцю ўзяўся-б за гэту работу. Ён успомніў, што ля студні заўсёды збіраецца шмат народу: негры, мулаты, белыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі, чакаючы сваёй чаргі, адпачываюць, сварацца, вядуць менавы гандаль цацкамі, б’юцца, пяюць, як жаўранкі. Ён успомніў таксама, што хоць да студні было не болей за паўтараста крокаў, Джым ніколі не вяртаўся з вадой раней, як праз гадзіну, ды і то яшчэ трэба было хадзіць па яго.

— Слухай, Джым, можа хочаш тут крыху пафарбаваць, а я заместа цябе пайду па ваду?

Джым паматаў галавой.

— Не магу, маса [1] Том! Старая місіс загадала, каб я ішоў прама па ваду і не спыняўся ні з кім гутарыць па дарозе. Яна кажа: «Я ўжо ведаю, што маса Том будзе клікаць цябе бяліць сценку, дык ты яго не слухай, а ідзі па сваёй справе». Яна кажа: «Я сама пайду глядзець, як ён будзе бяліць».

— От, глупства! Мала што яна гаворыць, Джым! Яна заўсёды так гаворыць. Давай сюды вядро — я ўраз збегаю. Яна і не пазнае.

— Ой, баюся, маса Том, баюся старой пані! Яна мне галаву адарве, далібог, адарве!

— Яна? Ды яна пальцам нікога ніколі не кране; можа толькі наперсткам пачне дзяўбсці па галаве, дык гэта-ж глупства. Хто-ж на гэта звяртае ўвагу? Праўда, гаворыць яна жудасныя рэчы, але-ж ад слоў не баліць, калі толькі яна пры гэтым не плача. Джым, я дам табе мармуровую галачку... Я табе дам яшчэ маю белую кеглю.

Джым пачаў хістацца.

— Белую кеглю, Джым, дасканалую белую кеглю!

— Яно так, штука важнецкая! А толькі ўсё-ж такі, маса Том, я вельмі баюся старой пані!

Не стрымаўшыся ад спакусы, Джым паставіў-быў вядро на зямлю, але праз хвіліну падхапіў яго і з бразганнем панёсся па вуліцы, а Том энергічна пачаў мазаць плот... Гэта цёця Поллі з пантопляй у руцэ прымусіла іх узяцца кожнаму за сваю працу.

Але энергіі Тома хапіла не надоўга. Ён пачаў думаць аб тым, як весела ён збіраўся правесці гэты дзень, і яму зрабілася яшчэ горш. Сёння ўсе хлопчыкі гуляюць. Яны, вядома, збіраюцца на розныя вясёлыя гульні, прыдуць па яго — і будуць насміхацца, што яму даводзіцца так цяжка працаваць. Самая думка аб гэтым паліла яго, як агнём.

Ён выцягнуў увесь свой скарб і пачаў разглядаць яго: тут былі ламаныя цацкі, мармуровыя галачкі, кубікі, рознае барахло — гэтага нехопіць на тое, каб купіць сабе хоць поўгадзіны волі. Ён палажыў свае багацці ў кішэнь і адмовіўся ад спробы падкупіць таварышоў. У гэтую цяжкую і безнадзейную хвіліну на яго раптам надышло натхненне — іменна натхненне, геніяльная бліскучая думка...

Ён узяў пэнзаль і спакойна прыняўся за работу. Здалёк паказаўся Бэн Роджэрс; яго насмешак Том баяўся больш за ўсё. Бэн не ішоў, а падскокваў, ляцеў — верная адзнака, што на душы ў яго было лёгка і што ён многа добрага чакаў ад гэтага дня. Ён еў яблык і час ад часу працяжна меладычна свістаў, перамешваючы гэта з больш нізкімі нотамі «дзінь-дон-дон, дзінь-дон-дон», бо ён прадстаўляў з сябе параход.

Падышоўшы бліжэй, ён сцішыў хаду, стаў сярод вуліцы і пачаў павольна, асцярожна, з намаганнем заварочвацца, бо ён прадстаўляў з сябе «Вялікую Місуры», якая сядзіць на дзевяць футаў у вадзе. Ён быў судном, капітанам і матросам у адзін і той-жа час, так што яму даводзілася ўяўляць, што ён стаіць на ўласнай палубе, сам сабе загадвае і выконвае гэты загад.

— Стоп машына! Дзінь-дзілінь-дзінь-дзілінь-дзінь! — Ён паступова зышоў з сярэдзіны дарогі і набліжаўся да краю.— Назад! Дзілінь-дзілінь-дзінь! — Ён выцягнуўся, як перад начальствам, трымаючы рукі па швах.— Задні ход! Трымай правей! Чшш-чшш-чшш! — Правая рука яго апісвала вялікія кругі, цяпер ён прадстаўляў з сябе кола сарака футаў у акружыні.— Заварачвай левым бортам! Дзілінь-дзінь-дзінь! Чшш-чшш-чшш!

Цяпер ён апісваў кругі левай рукой.

— Стоп машына! Дзілінь-дзінь-дзінь! Не так шпарка!Заварочвай! Нос правей! Кідай канат! Жывей! Чаго стаіш? Лаві канат! Накінь пятлю вунь на тую палю! Зацягва-а-й! Адпусці! Машына стала, сэр! Дзілінь-дзінь-дзінь! Шт-шт-шт! — пераймаў ён сіпенне пары.

А Том мазаў сабе, не звяртаючы ніякай увагі на параход. Бэн са здзіўленнем паглядзеў на яго, а потым сказаў:

— Гы-гы! Трапіў бычок на вяровачку!

Адказу не было. Том, як сапраўдны мастак, цешыўся з свайго апошняга мазка, потым яшчэ крыху мазануў і адкінуўся назад, каб паглядзець.

Бэн падвёў сваё судно бліжэй і стаў з ім борт-у-борт. Том аж сліну глынаў, гледзячы на яблык, але прыкінуўся, што нічога не бачыць, і старанна працаваў.

А ці-ж гэта не праца?

Нарэшце Бэн сказаў:

— Што, браток. засадзілі цябе за работу?

— Ах, гэта ты, Бэн? А я і не бачыў.

— Слухай, брат, я іду купацца, так! Пэўна, і табе хочацца, а? Але табе, відаць, прыдзецца працаваць. Ну, вядома, прыдзецца!

Том паглядзеў на яго і сказаў:

— Што ты завеш працай?

— А ці-ж гэта не праца?

Том зноў пачаў мазаць і сказаў нядбала:

— Можа так, а можа і не. У кожным разе яна па густу Тому Соўэру.

— Ну, ну! Не будзеш-жа ты сцвярджаць, што гэта занятак табе падабаецца?

Пэнзаль захадзіў шпарчэй.

— Падабаецца? А чаму-ж і не спадабацца? Ці-ж хлопчыкам кожны дзень даводзіцца бяліць плот?