Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 26 из 49

На другі дзень, пасля заняткаў у школе, заместа звычайнага званка, пачуліся мерныя, працяглыя ўдары царкоўнага звана. Адзін за адным пайшлі ў царкву парафіяне, спыняючыся на парозе, каб шэптам пагутарыць аб сумным здарэнні. Ніхто не мог успомніць, каб маленькая царква калі-небудзь была такая поўная. Зрабілася ціха, і ў царкву ўвайшлі цёця Поллі з Сідам і Мэры, а за імі сям’я Гарпер — усе ў жалобе. Усе, як адзін чалавек, у тым ліку і стары пастар, пачціва ўсталі і стаялі ўвесь час, пакуль радня загінуўшых не расселася на пярэдняй лаве. Потым зноў настала цішыня, перарываемая толькі прыглушанымі рыданнямі.

Нарэшце пастар распасцёр рукі і пачаў службу. Праспявалі чуллівы гімн, потым была пропаведзь на тэкст: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё».

Пастар намаляваў такую яскравую карціну вартасцей, прывабнасці і незвычайнай здольнасці загінуўшых хлопчыкаў, што не засталося ў царкве ніводнага чалавека, які не пашкадаваў-бы і не журыўся, што ён увесь час упарта не хацеў бачыць вартасці бедных хлопчыкаў, а ўпарта бачыў у іх адны толькі недахопы і заганы.

Прамова пастара рабілася ўсё больш чуллівая, публіка ўсё больш расчулівалася і, нарэшце, хорам далучылася да рыданняў радні, нават сам пастар не мог стрымацца і заплакаў на кафедры.

На хорах пачуўся якісьці шум, на які ніхто не звярнуў увагі; праз хвіліну рыпнулі ўваходныя дзверы. Пастар падняў заплаканыя вочы над насавой хустачкай і... скамянеў ад здзіўлення.

Убачыўшы гэта, зірнулі ў той бок адзін, другі чалавек — і праз момант усе, як адзін, усталі з месц, гледзячы на трох нябожчыкаў, якія ішлі к алтару: Том наперадзе, за ім Джо і ззаду за імі Гек, які панура пазіраў на свае адзенне, ад якога засталіся адны шматкі. Яны ўсе сядзелі на хорах, слухаючы пахавальную прамову аб сабе.

Гек стаяў засаромлены

Цёця Поллі, Мэры і Гарперы кінуліся да сваіх улюбёных, пачалі цалаваць, а бедны Гек стаяў засаромлены, не ведаючы, што яму рабіць і куды дзецца ад столькіх накіраваных на яго неласкавых поглядаў. Ён азіраўся па баках і ўжо хацеў быў уцячы, але Том схапіў яго за руку і сказаў:

— Цёця Поллі, так нельга! Хто-небудзь павінен-жа парадавацца і з Гека.

— Ну, вядома, галубок мой! Я ад усёй душы рада бачыць яго, беднага сіротку!

І цёця Поллі пачала лашчыць Гека, ад чаго той яшчэ больш засароміўся.

Потым усе заспявалі. Старадаўні падзячны гімн загучэў, як ніколі — і морскі разбойнік Том Соўэр, азіраючыся на зайздросціўшых яму таварышоў, адчуваў, што гэта лепшая мінута ў яго жыцці.

У гэты дзень Тому дасталося пстрычак і пацалункаў — у залежнасці ад настрою цёці Поллі — столькі, што хапіла-б на цэлы год.

Раздзел XVIII

Гэта і быў вялікі таемны замысел Тома — вярнуцца дадому ўсім разам і прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Яны ў суботу дабраліся на бервяне да процілеглага берага, выйшлі на пяць-шэсць міль ніжэй ад вёскі, начавалі ў лесе, недалёка ад ваколіцы, ледзь золак прабраліся задворкамі ў горад і добра выспаліся на царкоўных хорах сярод гурбаў зламаных лавак.

У панядзелак раніцою, у часе снедання, цёця Поллі і Мэры былі надзвычайна ласкавыя да Тома і з ахвотай: выконвалі ўсе яго жаданні. У часе гутаркі, вельмі жвавай, цёця Поллі сказала:

— Бачыш, Том, я не кажу, што гэта не цікава — прымусіць усіх мучыцца цэлы тыдзень, абы толькі вам было весела; але мне вельмі прыкра, што ў цябе такое злое сэрца і ты так мала мяне любіш. Калі ты мог пераплыць раку на бервяне, каб прысутнічаць на ўласным пахаванні, то ты мог-бы зірнуць і ў хату, каб даць мне які-небудзь знак, што ты не памёр, а толькі ўцёк.

— Але, гэта ты мог зрабіць, Том,— сказала Мэры,— і вядома зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

— Праўда, Том? Ты зрабіў-бы,— і цёця Поллі журботна ўсміхнулася.— Ну, скажы, зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

— Я не ведаю... Гэта-ж усё папсавала-б...

— Ах, Том, а я ўсё спадзявалася, што ты хоць трошкі любіш мяне! — сказала цёця прыкрым голасам, ад якога хлопчыку зрабілася няёмка.— Каб ты хоць падумаў аб гэтым,— не кажу ўжо каб зрабіў,— але ты нават і не падумаў.

— Ну, цёця, гэта яшчэ не бяда,— умяшалася Мэры.— У Тома-ж наогул вецер у галаве, і ён заўсёды мае столькі клопату, што яму зусім няма калі думаць.

— Тым больш шкода. Сід падумаў-бы. І Сід прышоў-бы. Ах, Том, калі-небудзь ты пашкадуеш, што не стараўся хоць трошкі любіць мяне; пашкадуеш, але будзе позна.

— Ну, годзе, цёця, вы-ж ведаеце, што я вас люблю,— сказаў Том.

— Я лепш гэта ведала-б, каб гэта хоць крыху было відаць з тваіх учынкаў.

— Я цяпер вельмі шкадую, што мне гэта не прышло ў галаву,— сказаў Том тонам раскаяння. — Затое я хоць ува сне вас бачыў, гэта-ж таксама чаго-небудзь варта.

— Ну, не надта,— нават, кошкі сняць,— але ўсё-ж лепш, як нічога. Што-ж табе снілася?

— А вось што. У сераду вечарам я сніў, нібы вы сядзіцё ля ложка, а Сід каля вас на драўлянай скрыні, а ля яго Мэры.

— Што-ж, мы так і сядзелі. Мы так заўсёды сядзім. Я рада, што хоць сон напомніў табе нашы прывычкі.

— Потым мне снілася, што тут-жа сядзіць маці Джо Гарпера.

— Але-ж яна і сапраўды была тут! Што-ж табе яшчэ снілася.

— О, многа чаго! Ды толькі я цяпер слаба памятаю.

— Ну, паспрабуй успомніць! Няўжо не можаш?

— Яшчэ мне здалося ўва сне, што вецер... вецер...

— Прыпомні, Том, што зрабіў вецер?

Том прыціснуў пальцы да ілба і пасля хвіліны трывожнага чакання ўсклікнуў:

— Успомніў, успомніў! Вецер пагасіў свечку.

— О божа! Далей, Том, далей!

— Потым вы нібы сказалі: «Здаецца, нібы дзверы...»

— Далей, Том, далей!

— Пачакайце, дайце ўспомніць... Ах, так! вы сказалі, што вам здаецца, нібы дзверы адчыненыя.

— Ды я-ж іменна гэта і сказала. Памятаеш, Мэры? Ну далей!

— Потым... потым... Ну, я не памятаю, я не ўпэўнены, але мне здаецца, нібы вы паслалі Сіда, каб ён... каб ён...

— Ну? ну? Што я сказала яму зрабіць?

— Вы сказалі яму, вы... загадалі яму зачыніць дзверы.

— Божа літасцівы! Ніколі не чула я такога. Вось пасля гэтага і не давай веры снам. Зараз-жа пабягу расказаць усё гэта місіс Гарпер. Паглядзім, ці будзе яна пасля гэтага казаць усялякія глупствы пра забабоны. Расказвай-жа, Том, што было далей!

— О, цяпер я ўсё ўспомніў, цёця! Потым вы сказалі, што я не злы, а толькі свавольнік і прайдзісвет, і што з мяне спаганяць ўсёроўна, што — гэта вы сказалі? — з жарабяці, ці што.