Страница 20 из 49
— Ды ўжо-ж так! — сказаў Гекльберы. — Не ведаю, як вы, а я задаволены. Мне нічога лепшага і не трэба.
Звычайна я нават не наядаюся дасыта... І потым сюды ўжо ніхто не прыдзе і не паб’е чалавека нямаведама за што.
— Такое жыццё акурат для мяне,— сказаў Том. — Не трэба ўставаць рана, не трэба хадзіць у школу, не трэба мыцца і рабіць усялякія глупствы,— нічога гэтага не трэба...
— А што-ж робяць піраты? — спытаўся Гек Фін.
— О! яны жывуць вельмі весела: бяруць у палон караблі і паляць іх, грошы закапваюць у зямлю на сваім востраве, у якім-небудзь страшным месцы, дзе іх пільнуюць здані, вядзьмаркі і ўсялякая чартаўня. А матросаў і пасажыраў яны забіваюць і выкідаюць за борт.
А жанчын вязуць да сябе на востраў,— уставіў Джо,— жанчын яны не забіваюць.
— Але,— падтрымаў яго Том,—жанчын яны не забіваюць. Яны надта шляхетныя людзі. І потым жанчыны заўсёды красуні.
— А якое на іх убранне багатае! — з захапленнем усклікнуў Джо. — Усё ў золаце, срэбры, у брыльянтах!
— На кім? — спытаўся Гек.
— Ды на піратах.
Гек Фін паглядзеў на сваё ўбранне і сумна сказаў:
— Ну, а маё ўбранне зусім не разбойніцкае... Але-ж у мяне няма другога.
Хлопчыкі суцяшалі яго, кажучы, што прыгожага ўбрання чакаць яму нядоўга прыдзецца: як толькі яны пачнуць свае наскокі, у іх будзе і золата, і ўбранне, і ўсё. А для пачатку добра будзе і ў лахманах, хаця багатыя разбойнікі звычайна набываюць сабе адпаведны гарнітур, калі прыступаюць да справы.
Патроху размова спынілася: у маленькіх уцекачоў зліпаліся вочы, іх браў сон. Люлька выслізнула з пальцаў Чырвонай Рукі, і ён заснуў сном зморанага праведніка. Уладар Мораў і Чорны Мсцівец заснулі не так хутка. Яны зусім ужо гатовы былі заснуць, але ў сярэдзіне ў іх нешта не хацела супакоіцца. Іх мучыла сумленне. Яны пачыналі трошкі разумець, што зрабілі нядобра, уцёкшы з дому, потым успомнілі скрадзенае мяса і тады пачаліся сапраўдныя пакуты. Яны спрабавалі супакоіць сумленне, успамінаючы, што ім здаралася і раней шмат разоў цягаць з кладоўкі пячэнне і яблыкі, але сумленне лічыла гэтыя довады надта слабымі і не сцішалася. І хлопцы павінны былі згадзіцца, што спёрці пячэнне ці яблык — гэта не важна, а ўзяць кумпяк, свіны бок, наогул што-небудзь каштоўнае — гэта ўжо сапраўднае зладзейства.
Таму яны парашылі, што пакуль яны будуць піратамі, яны не заплямяць свайго разбойніцкага гонару ганебным злачынствам — крадзежам. З гэтай умовай сумленне пагадзілася часова замірыцца, і нашыя разбойнікі мірна паснулі.
Раздзел XIII
Раніцою, прачнуўшыся, Том не адразу сцяміў, дзе ён.
Ён сеў, агледзеўся навакол, пацёр вочы і тады толькі зразумеў. Была прахалодная, шэрая раніца, світала. Цішыня лесу навакол навявала чароўнае пачуццё спакою. Ніводзін лісток не варушыўся, ніводзін гук не парушаў высокіх дум прыроды. На лісцях і траве ляжала, як пэрлы, раса. Агонь заглух пад белым пластам попелу, і толькі сіні дымок тонкім струменем віўся ў паветры. Джо і Гек спалі. Далёка ў глыбіні лесу крыкнула птушка, адгукнулася другая, недзе застукаў дзяцел. Адпаведна таму, як святлеў ранішні туман, раслі і множыліся гукі,— усюды прачыналася жыццё.
Раптам аднекуль з’явілася цэлая працэсія мурашак, і ўсе яны ўзяліся за работу; адзін адважна валок мёртвага павука ў пяць разоў большага за сябе самога і ўхітрыўся ўцягнуць яго на пень.
Божая кароўка, уся ў кропках, ускараскалася на галавакружальную вышыню травянога сцябла. Том схіліўся да яе і сказаў:
Божая кароўка, божая кароўка, ляці дадому.
Дом твой гарыць, а дзеткі адны.
Божая кароўка паслухалася і паляцела паглядзець дзетак. Том нават не здзівіўся: ён даўно ведаў, што божая кароўка кожнаму лёгка верыць, і, карыстаючыся гэтым, ён не раз ужо ашукваў яе.
Уся прырода абудзілася.
Потым з’явіўся чорны жук, цяжка цягнучы сваё круглае цела, і Том дакрануўся да яго, каб бачыць, як ён прыцісне лапкі да цела і прытворыцца мёртвым.
Птушкі тымчасам паднялі страшэнны гам. Амерыканскі дрозд, родны брат еўрапейскага дразда-перасмешніка, усеўся на дрэве, над самай галавой Тома, і з захапленнем выводзіў свае трэлі, перадражніваючы суседзяў. Нібы блакітны агеньчык, мільганула ў паветры крыклівая сава, села на галінку зусім каля хлопчыка, схіліла галаву на бок і з вялікай цікавасцю ўтаропілася на чужака. Шпарка прабегла шэрая вавёрка і другі звярок, большы, лісінай пароды. Ён час ад часу спыняўся, каб паглядзець і папляткарыць наконт нечаканых гасцей. Звяркі, відаць, ніколі раней не бачылі людзей і нават не ведалі, ці баяцца ім ці не.
Уся прырода прачнулася. Праз густое лісце, як стрэлы, пранікалі сонечныя праменні. У паветры з’явілася некалькі матылёў. Том расштурхаў сваіх піратаў і праз дзве мінуты яны, раздзетыя, ужо ганяліся адзін за адным, дурэючы і штурхаючыся па белым пясчаным беразе. Яны зусім не цікавіліся сваім гарадком, які спаў далёка, за велічнай вадзяной пустыняй. Выпадковы струмень знёс іхні плыт, але хлопчыкі былі нават задаволены гэтым. Гэтым яны нібы спальвалі мост паміж сабой і цывілізаваным светам.
Яны вярнуліся ў лагер надзвычайна свежымі, бадзёрымі і страшэнна галоднымі. Хутка паходны касцёр запалаў зноў. Гек знайшоў недалёка крыніцу чыстай халоднай вады, хлопчыкі зрабілі сабе чарпакі з шырокіх дубовых і арэхавых лісцяў і парашылі, што вада з дамешкай гор, лясной цішы і прахалоды зусім не горшая за каву. Джо пачаў наразаць ветчыну на снеданне, але Том і Гек папрасілі яго крыху пачакаць: яны знайшлі на беразе ўтульную мясцінку і закінулі вудачкі. Дабыча з’явілася адразу-ж. Джо не паспеў яшчэ страціць цярплівасць, як яны вярнуліся з двума вялікімі акунямі, ляшчом, двума язямі ды яшчэ дробнай рыбай — словам, са спажывай, якой можна было-б пакарміць цэлую сям’ю. Яны засмажылі рыбу разам з ветчыной і здзівіліся: ніколі яшчэ рыба не здавалася ім такой смачнай. Яны не ведалі, што рыбу лепш за ўсё смажыць зараз-жа пасля таго, як яна злоўлена, і не думалі пра тое, якім добрым прысмакам з’яўляецца сон на чыстым паветры, беганіна, купанне, а галоўнае — голад.
Паснедаўшы, яны паляглі ў цяньку, пакуль Гек выкурыў люльку, а потым пайшлі ўсе разам на разведку. Яны весела шагалі праз спарахнелыя пні, праціскаліся праз густы хмызняк, між дрэвамі, зверху да нізу павітымі паўзучым дзікім вінаградам. Раз-по-раз яны траплялі ў прыгожыя куткі, засланыя смарагдавым дываном і аздобленыя кветкамі.