Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 49

Пасля снедання цётка адвяла яго ў бок, і Том бадай павесялеў, спадзяючыся, што справа скончыцца лупцоўкай. Але вышла не так. Цётка заплакала, пытаючыся, як у яго хапіла духу так разбіць яе старое сэрца, і сказала, што цяпер ужо ён можа рабіць, што толькі захоча: загубіць сябе, абняславіць яе сівую галаву, звесці яе ў магілу — усёроўна выпраўляць яго бескарысна; яна ўжо больш не будзе і прабаваць.

Гэта было горш за ўсякую лупцоўку, і сэрца ў Тома балела цяпер больш, як яго стомленае цела. Ён сам расплакаўся, прасіў дараваць яму, панадаваў абяцанняў выправіцца і нарэшце быў адпушчаны, але адчуваў, што дараванне цётчына няпоўнае і давер’е яму вельмі слабае.

Ён вышаў з дому і быў такі няшчасны, што нават не падумаў адпомсціць Сіду, які выдаў яго, і Сід зусім дарма паспяшаўся ўцячы ад яго праз заднія дзверы. Том прышоў у школу смутны, пахмуры і выцярпеў разам з Джо Гарперам кару за ўчарашнюю гульню ў косці з выглядам чалавека, душа якога прыгнечана горам і не звяртае ўвагі на такія дробязі.

Вярнуўшыся на сваё месца, ён палажыў рукі на парту, а галаву на рукі і ўтаропіўся ў сцяну вачыма пакутніка. Локаць яго ўпіраўся ў нейкі цвёрды прадмет, і рука балела. Але ён не скора адсунуў руку, уздыхнуў і ўзяў гэты прадмет. Ён быў загорнуты ў паперу. Том разгарнуў — і глыбокі, даўгі, цяжкі ўздых вырваўся з яго грудзей, і сэрца яго разбілася...

Гэта быў яго медны шарык з жароўні!

Апошняя саломінка зламала спіну вярблюда.

Раздзел X

А поўдні па ўсім гарадку раптам разнеслася страшная вестка. Не трэба было і тэлеграфа, аб якім ў той час і думаць не маглі,— вестка гэтая пераходзіла з вуснаў у вусны, ад суседзяў к суседзям, з дома ў дом з няменшай шпаркасцю. Вядома, школьнікаў у гэты дзень адпусцілі па хатах: увесь горад палічыў-бы за дзіва, каб настаўнік не здагадаўся гэта зрабіць.

Каля забітага знайшлі скрываўлены нож і казалі, што ён належыць Мефу Потэру. Казалі таксама, што ноччу, гадзін каля двух, адзін жыхар, вяртаючыся дадому, патрапіў на Потэра, які мыўся ў рэчцы, і што Потэр, убачыўшы яго, зараз-жа схаваўся — факт падазронны, асабліва ўмыванне, для Потэра такая справа была вельмі незвычайнай. Казалі таксама, што паліцыя ператрэсла ўвесь горад, шукаючы забойцу, але нідзе не магла яго знайсці; што ва ўсе бакі разасланы коннікі, і шэрыф упэўнен, што злачынцу зловяць яшчэ да вечара.

Увесь горад пабываў на могілках. Том забыўся на сваё разбітае сэрца і далучыўся да іншых — не таму, што ён вельмі хацеў, ён лепш хацеў-бы быць за тысячу міль адсюль,— але яго туды цягнула нейкая незразумелая сіла. Прышоўшы на могілкі, ён праціснуўся наперад і зноў убачыў страшную карціну. Яму здавалася, што з таго часу, калі ён быў тут, прайшла цэлая вечнасць. Нехта шчыпнуў яго за руку. Ён адвярнуўся — каля яго стаяў Гекльберы.

Важны доказ.

Яны перазірнуліся, баючыся, каб хто не заўважыў чаго ў іхніх позірках, але ўсе былі занятыя страшным відовішчам.

Няшчасны дзяцюк! Небарака!

Вось вурок тым, хто крадзе трупы. А Потэра-ж павесяць, калі зловяць. Не мінуць яму шыбеніцы — такая была агульная думка.

Том задрыжэў ад галавы да ног, убачыўшы недалёка пахмуры твар індзейца Джо. У гэты момант натоўп пасунуўся назад, і пачуліся крыкі:

— Гэта ён, ён! Сам ідзе!

— Хто, хто? — спыталася разам дваццаць галасоў.

— Меф Потэр!

— Глядзіце, спыніўся. Вось паварочвае! Трымайце яго, а то ўцячэ!

Разявакі, што сядзелі на дрэвах над галавою Тома, паведамілі, што ён і не думае ўцякаць,— ён толькі засаромлены і не ведае, што рабіць.

— Якая бессаромнасць! — сказаў адзін з натоўпу. — Прышоў палюбавацца на сваё злачынства і не чакаў, што тут людзі.

Натоўп рассунуўся, і да магілы ўрачыста падышоў шэрыф, ведучы за руку Потэра. У небаракі твар быў зусім збянтэжаны, і ў вачах быў шалёны страх. Убачыўшы забітага, ён затросся ўсім целам, закрыў твар рукамі і заплакаў.

— Я не забіваў яго, сябры мае, — казаў ён, плачучы,— чэснае слова даю вам, не забіваў.

Ахвяры Індзейца Джо.

— Хто-ж абвінавачвае цябе? — загрымеў нечы голас. Страла трапіла ў цэль. Потэр падняў галаву і агледзеўся навакол з жаласнай безнадзейнасцю ў вачах. Убачыўшы індзейца Джо, ён усклікнуў:

— О, Джо! Ты абяцаў мне, што ніколі...

— Гэта ваш нож? — перапыніў яго шэрыф, паказваючы яму нож.

Потэр паваліўся-б, каб яго не падтрымалі і не апусцілі ціханька на зямлю. Потым ён сказаў:

— Нешта падказвала мне, што калі я не пайду туды і не знайду... — Ён здрыгануўся і, безнадзейна махнуўшы рукою, сказаў: — Скажы ім, Джо,— цяпер ужо няма чаго!..

Гекльберы і Том з невыказным жахам глядзелі, як забойца без ніякага сораму расказваў выдуманую ім сцэну забойства. Хлопчыкі кожную хвіліну чакалі, што вось-вось сярод яснага неба блісне маланка і ўдарыць у забойцу, і дзівіліся, чаму так марудзіць бож’я кара. Тады-б яны маглі парушыць клятву і выратаваць невінаватага Потэра. Цяпер-жа, калі Джо і па сканчэнні расказа застаўся цэлы і не пашкоджаны, гэтая баязлівая думка знікла зусім: ясная справа, гэты злодзей прадаў душу д’яблу, а дзе ўжо ўмяшаецца д’ябал, там чалавек не совайся, а то дабра не будзе.

Нехта спытаў Потэра:

— Чаму-ж ты не ўцёк і не схаваўся? Навошта прышоў сюды ?

— Я не мог іначай, не мог! — прастагнаў Потэр. — Я хацеў бегчы, але мяне самі ногі прынеслі сюды!

І ён зноў зарыдаў.

Індзеец Джо таксама спакойна паўтарыў сваё паказанне праз некалькі мінут на допыце, пад прысягай, і хлопчыкі, убачыўшы, што гром нябесны ўсёроўна не забівае яго,— канчаткова пераканаліся, што метыс прадаў душу чорту.

Яны надта баяліся яго, але ў той-жа час ён быў для іх цяпер цікавей за ўсё ў свеце, і яны не маглі адвесці ад яго твара свіх зачараваных вачэй. Самі яны парашылі, калі трапіцца выпадак, пасачыць за ім уначы, каб хоць адным вокам убачыць яго страшнага ўладара.

Жудасная тайна і сумленне доўга не давалі Тому спаць, і аднаго разу ў час снедання Сід сказаў яму:

— Том, ты так круцішся і гаворыш у сне, што няма магчымасці заснуць,— я палову ночы не спаў.

Том збляднеў і апусціў вочы.

— Гэта дрэнны знак,— сур’ёзна сказала цёця Поллі. — Што ў цябе на душы, Том?

— Нічога! Нічога!

Але рукі хлопчыка дрыжэлі так, што ён разліў каву.