Страница 14 из 49
Ён пагражаў доктару кулаком у самы твар. Той раптам замахнуўся і адным ударам паваліў індзейца на зямлю. У Потэра ад здзіўлення вываліўся з рук нож, і ён крыкнуў:
— Эй, вы! Гэта што такое? Я таварыша біць не дазволю!
І ён кінуўся на доктара. Яны сашчапіліся і пачалі борацца, напружваючы ўсе сілы, тапчучы траву і ўзрываючы нагамі мяккую зямлю. Індзеец Джо ўскочыў на ногі; вочы яго гарэлі нянавісцю. Ён падняў кінуты Потэрам нож і, крадучыся, як кошка, увесь выгнуты, пачаў кружыцца вакол барцоў, выглядаючы зручны момант.
Раптам доктар вызваліўся з абдымкаў праціўніка, схапіў цяжкую дошку з магілы Вільямса і зваліў ёю Потэра на зямлю. У той-жа момант метыс усадзіў увесь нож у грудзі маладога чалавека. Той захістаўся і паваліўся на Потэра, запэцкаўшы яго сваёй крывёю.
У гэтую мінуту насунуліся хмары і схавалі ад вачэй мімавольных гледачоў усю гэту жудасную сцэну; перапалоханыя хлопчыкі як мага кінуліся бегчы прэч.
Калі месяц зноў вынырнуў з-за хмар, індзеец Джо стаяў над двума распасцертымі на зямлі фігурамі. Доктар прамармытаў нешта незразумелае, разы са два ўздыхнуў і сціх.
— Ну, чорт цябе дзяры! — сказаў метыс. — Цяпер мы з табой квіты.
Ён абадраў мерцвяка, потым улажыў няшчасны нож у правую руку Потэра і ўсеўся на перакуленую дамавіну. Прайшло тры, чатыры, пяць мінут... Потэр паварушыўся і застагнаў. Ён сціснуў у руцэ нож, паднёс яго к вачам, уздрыгануўся і выпусціў нож з рук. Потым падняўся і сеў, адапхнуў ад сябе мёртвае цела доктара, паглядзеў на яго, потым мутнымі вачыма агледзеўся навакол і сустрэў позірк метыса.
— Што гэта? Як яно здарылася, Джо?
— Справа дрэнная,— сказаў той, не варухнуўшыся з месца. — Навошта ты яго гэтак?
— Я? І не думаў.
— Гавары, каму хочаш! Гэтым справы не вернеш!
Потэр збялеў і ўвесь затросся:
— Я думаў, у мяне хмель вышаў. Увечары-ж я не піў. Але ў мяне да гэтага часу шуміць у галаве — горш нават, як ішлі мы сюды... Усё неяк пераблыталася, нічога не магу прыпомніць. Скажы мне, Джо, сумленна скажы, браце, няўжо-ж гэта я яго прыстукнуў? Я-ж яго не хацеў забіваць, у мяне і ў думках не было, клянуся душой і чэсцю. Джо! скажы мне, як гэта вышла? Ой, які жах! Ён быў такі малады і здольны...
Няшчасны Потэр апусціўся на калены.
— Як вышла? Ну, вядома, вы пачалі біцца; ён стукнуў цябе дошкай па галаве; ты зваліўся; а потым устаў, хістаючыся і спатыкаючыся, выхапіў нож ды і ўсадзіў яму ў грудзі акурат у той момант, як ён зноў садануў цябе. Ну, пасля таго ўжо ты як паваліўся, так і ляжаў да гэтага часу, як калода.
— Ох, я сам не ведаў, што раблю! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню! Гэта ўсё ад гарэлкі,— п’яны я быў,— ну і распаліўся на яго таксама — з-за цябе... Я нават і нажом уладаць не ўмею. Біцца здаралася, яно так, але толькі без нажа, на кулачкі. Гэта ўсім вядома. Джо, родненькі, не выдавай! Дай слова, што не выдаш, Джо! Я заўсёды цябе любіў, заўсёды стаяў за цябе. Ты сам ведаеш... Ты нікому не скажаш, Джо?
I няшчасны Потэр апусціўся на калены парад подлым забойцам, з адчаем працягваючы да яго рукі.
— Добра, Меф Потэр, ты заўсёды адносіўся да мяне сумленна, і я зраблю таксама. Будзь спакойны, маё слова пэўнае. Тут і гаварыць больш няма чаго.
— Джо, ты ангел! Я буду благаслаўляць цябе да апошняй хвіліны.
І Потэр заплакаў.
— Ну, годзе ўжо! Няма чаго кныхаць. Ідзі вунь той дарогай, ды жыва! А я пайду гэтай. Ды глядзі, слядоў за сабой не пакідай!
Потэр пусціўся трушком, потым наддаў ходу і пабег як мага. Метыс стаяў, глядзеў яму ўслед і мармытаў:
— Калі ён сапраўды так здурэў ад удару і выпіўкі, як яно здаецца, то ён і не ўспомніць пра нож. А калі і ўспомніць, адбегшыся далёка, то пабаіцца вярнуцца сюды,— курынае сэрца!
Праз некалькі мінут на забітага, на труп, загорнуты ў коўдру, на дамавіну без крышкі і на разрытую магілу глядзеў толькі месяц. Навакол зноў было ціха.
Раздзел IX
Хлопчыкі анямелі ад жаху. Не спыняючыся, беглі яны к гарадку. Часам яны трывожна азіраліся, нібы хто за імі гнаўся. Кожны пень на дарозе здаваўся ім страшным ворагам, ад якога ў іх сціскалася сэрца. Калі яны прабеглі каля хутарка, што быў недалёка ад ваколіцы, на іх забрахалі сабакі, і ад гэтага ў хлапцоў нібы крыллі выраслі.
— Толькі-б нам дабегчы да старой гарбарні, пакуль мы не страцім сілы! — прашаптаў Том, задыхнуўшыся. — Я ўжо, здаецца, больш не магу.
Гекльберы ў адказ толькі соп. Хлопчыкі напружвалі апошнія сілы. Нарэшце яны падбеглі да гарбарні, праскочылі праз адчыненыя дзверы і паваліліся зусім змораныя. Трохі счакаўшы, пульс іх пачаў біцца раўней, і Том шапнуў:
— Гек, як табе здаецца, што з гэтага выйдзе?
— Калі доктар Рабінзон памрэ, я думаю, выйдзе шыбеніца.
— Ды што ты?
— Я напэўна ведаю.
Том падумаў, потым сказаў:
— Хто-ж раскажа? Мы?
— Што ты? Звар’яцеў? Ты толькі ўяві сабе, што справа як-небудзь павернецца на карысць індзейцу Джо, або ён уцячэ і яго не павесяць,— ды ён-жа-ж тады нас абавязкова заб’е. Ужо нам тады не мінуць смерці.
— Я і сам гэта думаю, Гек.
— Калі ўжо каму данасіць, дык няхай Меф Потэр даносіць; у яго на гэта дуроты хопіць. Ён-жа ж заўсёды п’яны.
Том нічога не сказаў — ён думаў; потым шапнуў:
— Гек, але-ж Меф Потэр не ведае,— як-жа ж ён можа данесці?
— Гэта-ж як ён не ведае?
— А, вядома, не ведае. Яму-ж доктар трэснуў па галаве акурат у той момант, калі індзеец Джо ўсадзіў у доктара нож. Дзе-ж яму было бачыць?
— І то праўда!
— Апрача таго, хто ведае, можа ад гэтага ўдару яму і капут ужо.
— Не, Том, гэта наўрад. Ён проста быў п’яны. Я гэта заўважыў. Ды ён і заўсёды п'яны. Калі мой бацька п’яны, яго можна трэснуць па галаве хоць цэлай вежай,— нічога яму не станецца. Ён сам кажа. Таксама і з Мефам Потэрам.
Вось каб ён быў цвярозы, то, магчыма, ад такога пачастунку і сканаў-бы...
Том зноў падумаў.
— Гек, ты ўпэўнены, што мы не абмовімся?
— Ды ўжо хочаш-не-хочаш, а трымаць язык за зубамі трэба. Сам разумееш... Гэтаму д’яблу метысу прыдушыць нас усёроўна, што прыдушыць пару кацянят. Калі толькі мы прагаворымся, а яго не павесяць — прапалі нашы галовы! Слухай, Том! Калі ўжо нам хочаш ці не,— трэба маўчаць, давай мы адзін аднаму паклянемся, што будзем трымаць язык прывязаным.
— Я гатоў, Гек. Гэта самае лепшае. Ну, падымай руку...