Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 49

Том вынуў са схову чыстую сасновую скрыначку. Там ляжала мармуровая галачка. Том здзівіўся незвычайна. Ён з недаўменнем скроб патыліцу і мармытаў:

— Не, гэта немагчыма! Што-ж гэта такое?

Ён са злосцю кінуў галачку і пачаў разважаць. Справа ў тым, што яго ашукалі забабоны, якія ён і яго таварышы лічылі за абсалютную ісціну. Забабоны абвяшчалі, што калі закапаць галачку, сказаўшы над ёю пэўныя заклінанні, і на працягу двух тыдняў не чапаць яе, а потым адкапаць з тымі словамі, якія былі сказаны Томам, то замест адной галачкі вы знойдзеце ўсе, якія вы калі-небудзь згубілі, хоць-бы яны былі згублены і вельмі далёка адна ад адной. Але вопыт безумоўна не ўдаўся, і вера Тома была глыбока падарвана. Ён чуў многа разоў аб удалых спробах, але ніколі — пра няўдалыя. Ён забыўся, што і сам ён спрабаваў гэта не раз, але толькі потым ніколі не мог знайсці месца, дзе схаваў галачку. Ён доўга раздумваў і нарэшце парашыў, што тут не абышлося без якой-небудзь вядзьмаркі, якая, на зло яму, зняла замову.

Але яму хацелася канчаткова пераканацца ў гэтым; ён адшукаў чыстую пясчаную мясцінку з ямкай накшталт лейкі пасярэдзіне, прылажыў губы да гэтай ямкі і пачаў клікаць:

Бука, бука, ты прыдзі

I ўсю праўду раскажы.

Бука, бука, ты прыдзі

I ўсю праўду раскажы.

Пясок заварушыўся, паказаўся «бука» — маленькі чорны жук, і зараз-жа схаваўся спалоханы.

— Ён не хоча сказаць! Значыцца, гэта вядзьмарка зрабіла. Я так і ведаў.

Тому добра было вядома, што з вядзьмаркамі цягацца цяжка, і ён павесіў нос. Потым яму прышло ў галаву, што не дрэнна было-б знайсці тую галачку, якую ён кінуў; ён пачаў поўзаць па траве, але нічога не знайшоў. Ён вярнуўся да свайго таемніка і асцярожна паставіў скрыначку на месца, потым стаў акурат так, як ён стаяў, калі кінуў галачку, затым вынуў з кішэні другі кавалак мармуру і кінуў яго ў той-жа самы бок, кажучы:

— Брат, ідзі, знайдзі брата!

Ён заўважыў, куды ўпаў шарык, знайшоў яго і пачаў шукаць першы, але ўсёроўна знайсці не мог. Ён паспрабаваў яшчэ раз, другі, трэці, і нарэшце дасягнуў поспеху: абодва шарыкі ляжалі зусім блізка адзін ля аднаго.

У гэты момант у зялёным гушчары пачуўся слабы гук дзіцячай бляшанай трубы. Том зараз-жа скінуў з сябе куртку і штаны, падперазаўся шлейкамі, разгарнуй кучу галля за гнілым пнём, выцягнуў адтуль нязграбна зробленыя лук і стралу, драўляны меч, бляшаную трубу, мігам узброіўся і, босы, ў адной кашулі, паімчаўся насустрач ворагу.

Робін Гуд і яго вораг.

Пад вялікім вязам ён спыніўся, пратрубіў сігнал у адказ, скамандаваў свайму неіснуючаму атраду: «Стой, рэбяты, хавайся, пакуль не затрублю!» — і пачаў чакаць, ваяўніча азіраючыся па баках. З’явіўся Джо Гарпер у такім-жа лёгкім адзенні і таксама ўзброены. Том гукнуў яго:

— Стой! Хто адважваецца хадзіць па Шэрвудскім лесе без майго дазволу?

— Г'ю Гісборн не мае патрэбы прасіць у каго-б там ні было дазволу! Хто ты, які...

— «Адважваецца так гаварыць са мной», — паспешна падказаў Том, бо яны гаварылі напамяць, «па кнізе».

— Хто ты, які адважваецца так гаварыць са мной?

— Хто я? Я — Робін Гуд [3], як зараз-жа пераканаецца ў гэтым твой паганы труп.

— Значыцца, гэта ты, славуты разбойнік? Я рады паспрачацца з табой аб тым, хто гаспадар у гэтым слаўным лесе. Выходзь!

Яны ўзяліся за свае драўляныя мячы, кінуўшы астатнюю зброю на зямлю, сталі ў баявую позу, нага да нагі, і вось пачаўся паядынак. Нарэшце Том сказаў:

— Ну, біцца, дык біцца! Паддай палу!

І яны так старанна «паддавалі палу», што хутка абодва запыхаліся і спацелі.

— Валіся-ж! — крыкнуў Том. — Чаму-ж ты не валішся?

— Не буду я валіцца! Сам валіся,— табе-ж яшчэ горш прыходзіцца.

— Ну, дык што з таго? Гэта нічога не знача. Я не магу валіцца. У кніжцы-ж не так,— там сказана: «І ён адным лоўкім ударам у спіну паваліў на зямлю беднага Г’ю Гісборна». Ты павінен даць мне мажлівасць ударыць цябе ў спіну.

Супроць такога аўтарытэту супярэчыць нельга было: Джо павярнуўся, прыняў удар і ўпаў.

— Ну, а цяпер,— сказаў Джо, падымаючыся на ногі,— ты дай мне забіць цябе; гэта будзе сумленна.

— Але-ж гэтага нельга, гэтага ў кнізе няма.

— З твайго боку гэта нядобрасумленна!

— Ну, ціха, Джо,— ты-ж можаш быць манахам Тэукам і прыстукнуць мяне кіем па галаве. Або, хочаш, я буду шэрыф натынгемскі, а ты Робін Гуд, і ты заб’еш мяне.

Гэта спадабалася Гарперу, і гульня пачалася зноў. Потым Том зноў зрабіўся Робінам Гудам і зышоўся крывёю, дзякуючы здрадзе манашкі, якая даглядала яго рану; тады Джо, які прадстаўляў з сябе цэлы атрад плачучых разбойнікаў, з жалем адцягнуў яго прэч, улажыў у яго аслаблыя рукі лук, і Том сказаў: «Дзе ўпадзе гэтая страла, там пахавайце беднага Робіна Гуда, пад дрэвам у зялёным гаі». Потым ён пусціў стралу, адкінуўся назад і паваліўся-б мёртвым, каб не трапіў у крапіву, што прымусіла яго ўскочыць з неўласцівай нябожчыку жвавасцю.

Хлопчыкі адзеліся, схавалі ў зацішным месцы сваю зброю і разам пайшлі далей, шчыра шкадуючы, што цяпер няма разбойнікаў. Яны запэўнялі, што ахвотней згадзіліся-б быць год разбойнікамі ў Шэрвудскім лесе, як прэзідэнтам Злучаных Штатаў усё сваё жыццё.

Раздзел VIII

У гэты вечар Том з Сідам, як заўсёды, а палове дзесятай пайшлі спаць. Сід хутка заснуў, але Том не спаў, нецярпліва чакаючы сігналу. Ён не знаходзіў сабе месца ад хвалявання, яму здавалася, што ўжо недалёка ад світання, але ў гэты момант ён пачуў, як гадзіннік прабіў дзесяць. Толькі дзесяць! Было ад чаго прыйсці ў роспач. Ён не мог нават круціцца і дрыгаць нагамі, як таго вымагалі яго ўзбуджаныя нервы, бо баяўся разбудзіць Сіда. Таму ён ціха ляжаў у цемры з адкрытымі вачыма.

Навокал была жахлівая ціша, але паступова з ёй ледзь значна пачалі вылучацца розныя гукі. Перш за ўсё — ціканне гадзінніка, потым таямнічае патрэскванне старых бэлек, слабае рыпанне ступенек лесвіцы. Відаць, у доме швэндалі духі. З пакоя цёці Поллі даносіўся ціхі мірны храп.