Страница 21 из 62
8
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» – вельмі адметная кніга. Дывізія рэдактараў цягам доўгіх гадоў складала і пераскладвала гэтую кнігу незлічоную колькасць разоў. «Падарожная кніжка» змяшчае заўвагі і назіранні, сабраныя цэлым войскам палявых даследчыкаў і вандроўных карэспандэнтаў.
Уступ да яе пачынаецца гэтак:
«Космас – вялікі. Вельмі вялікі. Вы, далібог, не дасцё веры, наколькі космас неверагодна, неймаверна аграмадны. То бок, вы можаце, ясная рэч, заявіць, што дарога ў аптэку – таксама няблізкі свет, але ў параўнанні з космасам яна – пыл і ня варты ўвагі драбок. Іншымі словамі...»
І гэтак далей.
Пасля пары-тройкі абзацаў манера падачы тэксту робіцца больш дзелавой і менш узнёслай, «Падарожная кніжка» пачынае выдаваць сапраўды важныя і карысныя звесткі, як, да прыкладу, інфармацыю пра тое, што на прыгожай – воч не адвесці – планеце Віфселамін настолькі ўстрывожыліся цэласнасцю краявідаў, якія пакрысе разбураюцца і разносяцца дзесяццю мільярдамі турыстаў, што кожны год наведваюць планету, ажно там пастанавілі падчас ад’езду любога турыста хірургічным шляхам вымаць у яго розніцу паміж колькасцю таго, што ён з’еў і колькасцю таго, чаго ён тут пазбыўся натуральным шляхам. Таму жыццёва неабходна, каб пасля паходу ў віфселамінскую прыбіральню вы заўсёды бралі квітанцыю.
Але, па шчырасці, калі вы ўсё ж наважыліся асягнуць розумам адлегласць паміж зоркамі ва ўсёй яе гігантычнай неспасцігальнасці, майце на ўвазе, што той, хто быў адказны за ўступ да «Падарожнай кніжкі», зрабіў нацяжку. Пагадзіцеся, праўда ж, ёсць вялікая розніца паміж аб’ёмам пылу, які вы дастаяце з-пад канапы, і пылінкамі, якія вы змахваеце са стала? Не кажучы ўжо пра разбежнасць у памерах драбкоў: у залежнасці ад віду прадукту яны вельмі розняцца.
Але, разам з тым, руку на сэрца: адлегласці паміж зоркамі проста не ўкладаюцца ў чалавечую галаву!
Нават святлу, якое ляціць нагэтулькі хутка, аж некаторым расам патрабуюцца тысячагоддзі толькі каб высветліць, што яно ўвогуле перасоўваецца, – нават яму! – спатрэбіцца восем хвілін адно каб пераляцець ад зоркі з імем Сонца да месца, дзе калісьці круцілася планета Зямля. А толькі каб дасягнуць найбліжэйшай зоркі-суседкі, Проксімы Цэнтаўры, святлу спатрэбіцца ўжо на чатыры гады больш!
Каб даляцець да процілеглай часткі Галактыкі, напрыклад, да планеты Дамогран, святлу спатрэбіцца куды больш часу: пяцьсот тысяч гадоў. Рэкорд аўтаспыннікаў па пераадольванні гэтай адлегласці – пяць гадоў лёту, але за такой хуткасцю пабачыць па дарозе краявід за акном вы, на жаль, проста не паспееце.
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» сцвярджае, што калі вы набераце поўныя лёгкія паветра, дык у суцэльным касмічным вакууме вы пражывяце секунд трыццаць. «На вялікі жаль, – працягвае «Падарожная кніжка», – у такім неверагодна, неймаверна вялікім памерамі космасе шанцы, што за гэтыя трыццаць секундаў вас падбярэ іншы касмічны карабель, раўняюцца аднаму супраць двух у 276709-ай ступені».
Па неверагодным супадзенні 2-76-709 – гэта таксама тэлефон адной кватэры ў Айлінгтане, дзе Артур аднойчы адведаў зацную вечарынку. На той вечарынцы Артур пазнаёміўся з файнай дзяўчынай, з якой у яго нічога не атрымалася, бо яна збегла з нейкім няпрошаным пустабрэхам.
Нягледзячы на тое, што планета Зямля, кватэра ў Айлінгтане і тэлефон, які меў прыведзены вышэй нумар, былі знішчаныя, крыху суцяшальна прагучыць
заўвага, што праз дваццаць дзевяць секунд Фольксваген і Артур былі выратаваныя.