Страница 84 из 96
Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.
Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:
— Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.
Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.
— Чулі? — дабрадушна спытаў шэф.
— Чуў, — не палічыў за магчымае хавацца падначалены.
— Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. "Хто такі?" спытаюць. "Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць".
— Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.
— Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colo
— На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.
Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:
— Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre[63].
На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: "А сапраўды, ці варта рабіць кар'еру, калі непазбежны такі канец?" Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.
Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.
Міністр смяяўся:
— Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар'ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!
Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: "Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы".
— Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.
— Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца… Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..
Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.
— Даскакаліся. Даліберальнічаліся.
— Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?
— А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, — вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. — Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч… Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.
Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.
— Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.
— Як жа яно там было? — задумліва сказаў Валуеў.
У Варшаве між тым было страшна.
Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.
Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не магло быць. Адзінымі кіраўнікамі былі крыўда, абражаная нацыянальная годнасць і гнеў. Партыі, якія ўсплывалі над закалатам, былі выштурхнуты на паверхню неўтаймаванай плынню. Што, сапраўды, меў да народа да ўсіх гэтых рамеснікаў, дробных гандляроў, рабочых правадыр шляхты Андрэй Замойскі?
У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.
І паўставаў, і кіраваў, і гінуў адзін і той самы тытан — варшаўскі плебс. Ён шчыра казаў усяму свету, што ў яго няма іншых сродкаў на тое, каб яго пачулі, акрамя жывых ахвяр, і што ён будзе прыносіць гэтыя ахвяры адну за адной, сотню за сотняй, тысячу за тысячай пакуль яго не пачуюць.
Ён давёў гэта. І пазней, вядома, не здрадніцкая палітыка і высокія словы Веляпольскага і не шавінізм белага жонду штурхнуў у паўстанне шматтысячныя беларускія масы, а гераізм простых людзей на варшаўскім бруку, агульная з імі доля, аднолькавы прыгнёт, і яшчэ такія людзі, што разумелі ўсё гэта, такія, як Каліноўскі.
Плебс лямантаваў аб вясковых справах і хацеў падаць цару адрас аб патрэбах краю — шляхта адмовілася падаць яго. Цар адказаў плебсу на мове свінцу і агню.
— Людзі хацелі ўпарадкавання мясцовага заканадаўства, новых цэхавых уставаў, прасілі аб роўнасці яўрэяў у правах у адказ на гэта ўсіх іх зрабілі рэвалюцыянерамі.
Страляць па дэманстрантах пачаў батальён пяхоты, што абараняў палац намесніка і быў аддзелены ад натоўпу кратамі агарожы. Годная смеласць! Між тым страляць не было патрэбы, гэта маглі зразумець нават чыгунныя мазгі ваенных, таму што люд ужо ўцякаў, рассеяны казацкай лавай. Генерал Забалоцкі, які камандаваў войскам, бачыў гэта, бачыў тлум і ўцёкі людзей на Кракаўскім Прадмесці. Нават ён мог бы зразумець, што гэты залп рэч непатрэбная. І, аднак, ён аддаў загад. За гэта яго двума гадамі пазней прызначылі мінскім губернатарам.
Невядома, чаму Забалоцкі гэта зрабіў. Магчыма, адчуваў глухі пецярбургскі настрой. Усім у сталіцы абрыдла тактыка чакання, насцярожанасці, уступак і высочвання ў адносінах да Варшавы. Гнайнік прасцей было рассекчы ўдарам ланцэта. І ніхто не думаў, што гэты гнайнік шматтысячны горад з палацамі і халупамі, мяшчанамі і панамі, студэнтамі і рамеснікамі.
Пасля залпа Кракаўскае Прадмесце і Замкавы Пляц уяўлялі жахлівае відовішча. Паплямаваная кулямі калона сярод плошчы і рабыя муры дамоў, разбітыя вокны, шкло на мёрзлым бруку (брук якраз падмошчвалі), галёшы, кінутыя кантычкі, сям-там плямы крыві і распырсканыя мазгі.
Вось і ўсё.
Не, не ўсё.
Жыў сабе быў у горадзе Варшаве маленькі, як блыха, зацёрты чыноўнічак з "саплівых". Звалі яго Ксаверы Шыманоўскі. Не меў ён грошай жыць дзе-небудзь, акрамя поўнай зладзеямі Крухмальнай ці Рыбакоў. Ходзячы дадому, відаць, баяўся, што абрабуюць, асабліва калі затрымлівала праца ў неслужбовы час…
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
… Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі "Шынель"? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..
Я ківаю галавой:
— Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі…
І гэты варшаўскі "Шынель" меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад'ездаў людзей.
Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.
62
Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль (франц.)
63
Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай (франц.)