Страница 81 из 96
Ён, Валуеў, тады быў франдзёр, як цяперашні шэф калісь. Уваходзіў у "гурток шаснаццаці", дзе былі той самы Жэрве, "Монга" Сталыпін, нябожчык Лермантаў, цяперашні эмігрант князь Браніцкі. І яшчэ таксама эмігрант і супрацоўнік "Колокола" П. В. Далгарукі. Ды яшчэ Шувалаў Андрэй, што цяпер таксама лезе ў вернападданыя. Адзінае суцяшэнне на шляху.
…Заплюшчыць вочы, праязджаючы паўз дом, дзе памёр Пушкін… Пушкін чамусьці меў да яго сімпатыю.
"Шаснаццаць" збіраліся пасля балю, вячэралі, курылі і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Трэцяга аддзялення і ягоных падвалаў быццам не было… Лермантаў крычаў аб тым, што ўладарам трэба разбіць галовы кайданамі, як раіў ілімскі вязень… Бедалага Лермантаў! Вось і з гэтым, пасля Пушкіна, звязаў лёс.
Валуеў, як заўсёды, расплюшчыў вочы зарана. Якраз ля яго была арка пад'езда, у які прывезлі паэта. Потым ля гэтага пад'езда плыў натоўп.
Пушкін любіў яго, Валуева, узяў прататыпам для Грынёва з "Капітанскай дачкі"… Цяпер гэта было Валуеву непрыемна, хоць трохі і казытала недзе, калі трэба было апраўдацца перад сабой… Мішэль Лермантаў плакаў, калі таго забілі.
Цяпер абодва мёртвыя. Не паспелі своечасова адысці ад памылковых поглядаў маладосці. А ён жыве. Ён быў чыноўнікам асобых даручэнняў пры курляндскім генерал-губернатары, курляндскім грамадзянскім губернатарам, і…
…У глыбіні душы ён ведаў, што вартасць ягонага "служэння айчыне" нічога не варта перад "служэннем" забітых, хоць яны пратэставалі і разбуралі. Каму трэба ведаць, хто быў у Курляндыі грамадзянскі губернатар у час Гогаля? І ён глыбінямі душы здагадваўся, што таму губернатары і помсцяць паэтам: адчуваюць сваю мізэрнасць і непаўнацэннасць. Маўляў, нажыліся, нашкодзілі, лізалі пяты, а ён у гэты час "Мёртвыя душы" пісаў.
Але яму трэба было выбіраць: ці паміраць з голаду на пісьменніцкім хлебе ў прадчуванні славы, ці бясслаўна служыць. Ён вырашыў служыць, але славалюбна, аддана, уедліва. Людзей, якія робяць палітыку краіны, таксама часам памятаюць.
…Валуеў адарваўся ад думак. Урэшце "Северная пчела" абвясціла, што ў "сёмае цараванне Аляксандра" ("Што за дурасць! Якое сёмае цараванне?") у дні посту адбудзецца вядомая ўсім падзея.
Хай бы хоць лета. Яміны на вуліцах. Бруд, бруд, бруд.
Ён раптам прыпаў да акенца. Манумент Мікалая ("дурань даганяе разумнага") упрыгожаны ля п'едэстала вянкамі. Таксама маўклівая маніфестацыя крайніх прыгоннікаў: "Глянь, маўляў, вось табе ў лютым жывыя кветкі. Гэты жорстка цараваў, аб рэформах і не думаў, трымаў усё стальной рукой затое і моцная была Расія. Праўда, набілі пад канец, але лепей ужо з бітай мордай ды на рабах, чым так, як ты, гасудар".
На кветкі ляцела брудная слата.
Была дэманстрацыя прыгоннікаў і на паніхідзе па Мікалаю ў Петрапаўлаўцы. Таксама з кветкамі. Ён усміхнуўся, прыдумваючы, што скажа на суарэ ў вялікай княгіні.
"Цветы, впрочем, искусственные; такова же и демонстрация".
І зноў зморшчыўся. Генерал-губернатор абвясціў ва ўсіх газетах, што ніякіх пастаноў па сялянскай справе не будзе. Так нельга. Сухое адмаўленне, сухое слова "ніякіх" магло толькі раздражніць народ.
Настрой быў благі. Паціраючы вузкія ледзяныя рукі, дырэктар дэпартаментаў, каб палепшыць гумор, думаў аб тым, што заўсёды радавала: аб уласным узвышэнні.
У глыбіні душы ён не верыў у моц сістэмы. І менавіта таму з усіх сіл хацеў палепшыць і ўмацаваць яе. Ён ведаў, што новай сістэмы яму не дачакацца, і таму хацеў спакойна пражыць свой век пры старой. Таму часам быў вернападданы да таго, што аж самога нудзіла. Таму і прапаноўваў аддаць лёс вызваленых, "на першы час", у рукі ранейшых гаспадароў, а не ў рукі чыноўнікаў. "Конечно, первые не будут часто беспристрастны, но зато последние большей частью будут неблагонадежны". Ён сам адчуваў, што гэта лухта, але іначай не мог. І менавіта таму, што ён адчуваў хлусню і здзерства, якія чыніліся вакол, ён выбраў сабе, на ўзыходзе сваёй кар'еры, зусім іншы сродак для яе.
Ён заўважыў, што разумная крытыка — не вышэй дапушчальнай нормы — выклікае прыхільнасць начальніка, калі ён не дурань, да таго, хто крытыкуе. Крытыка, калі яна толькі казыча, прымушае начальніка верыць у добрыя намеры падначаленага, у адсутнасць ліслівасці ў ягоным сэрцы. Лухта, што імператар любіў пякучую крытыку і нават сам патрабаваў яе! Пастка для дурняў.
Валуеў з усмешкай успомніў, як ён падаў запіску "Дума рускага ў другой палове 1855 года". Гэта была міна, да якой ніхто не дадумаўся б.
"Благоприятствует ли развитию духовных и вещественных сил России нынешнее устройство разных отраслей нашего государственного управления?"
Цяпер трэба было толькі не сарвацца, не перагнуць у адказе. Ён не вельмі баяўся. Адказнасць за недахопы нёс нябожчык Мікалай. Цараванне Аляксандра аставалася яшчэ чыстай старонкай, і маладому цару патрэбна было рэнамэ свабодалюбца і дэмакрата. І таму Валуеў адказаў:
"Отличительные черты его заключаются в повсеместном недостатке истины, в недоверии правительства к своим собственным орудиям и пренебрежении ко всему другому. Многочисленность форм составляет у нас сущность административной деятельности и обеспечивает всеобщую официальную ложь. Взгляните на годовые отчеты: везде сделано все возможное, везде приобретены успехи, везде водворяется если не вдруг, то, по крайней мере, постепенно, должный порядок. Взгляните на дело, всмотритесь в него, отделите сущность от бумажной оболочки, то, что есть, от того, что кажется, и редко где окажется прочная плодотворная почва. Сверху блеск, а внизу гниль… Везде пренебрежение и нелюбовь к мысли, движущейся без особого на то приказания. Везде опека над малолетними"[60].
Ён усё ж баяўся. На ўсякі выпадак трэба было знайсці моцнага заступніка і абаронцу. І ён падвёў другую міну.
"Лишь Морское министерство… не обнаруживает, подобно другим ведомствам… беспредельного равнодушия ко всему, что думает, чувствует или знает Россия!!!"
Генерал-адміралам Марскога міністэрства быў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, брат цара. І адзін бог ведае, як потым ён і вялікая княгіня Гелена Паўлаўна, да якой ён сёння пойдзе, падтрымалі яго. Доступ у салон вялікай княгіні, здзіўленне цара, падтрымка вялікага князя аж да загаду па ведамству, каб начальства не хлусіла, як заўсёды, нібы ўсё ў яго цудоўна.
І дарма. Бо скончыў ён запіску — Валуеў усміхаецца — так:
"В России так легко сеять добром! Русский ум так восприимчив, русское сердце так благородно! Россия гладкое поле, где воля правительства не встречает преград. Не скажет ли оно народу: да будет истина меж нами, и не вспомнит ли красноречивых слов, сопровождавших герб одного из древних русских дворянских родов: уму нужен простор!.. Россия взывает к венценосному вождю своему с безмолвною мольбою. Сердце царево в руце божьей".
Ён ведаў, усё гэта будзе голасам, які лямантуе ў пустыні, і, як раней, будзе штамп, і бюракратызм, і мярцвячына, і зноў забароняць выезд за мяжу, які накладае "домашний арест на свыше 60 миллионов верноподданных его императорского величества".
Праз два гады яго прызначылі дырэктарам другога дэпартамента. Яшчэ праз год — трэцяга. І яшчэ ён — старшыня вучонага камітэта міністэрства. І яшчэ правая рука Мураўёва. І яшчэ статс-сакратар. І двойчы! павялічаная пенсія. І штогод, да канца жыцця, пяць тысяч срэбрам, і ўзнагароды, і пакеты з "благоволениями".
У час, у час усё было зроблена. У час змагаліся разам з Мураўёвым супраць праектаў рэдакцыйных камісій аб рэформе. Але ўвесь час ён гуляў у бесстароннасць і быў "трохі-трохі не з урадам", напрыклад, у справах польскіх, бо патрабаваў "маленечкіх" уступак палякам.
Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх "зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов". І зноў паварот.
60
Запіска, надрукаваная ў "Русской старине" за 1893 г., кн.9, стар. 508–509.