Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 96



Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

— Ану іх, абрыдла, — сказаў Кандрат.

— Папоўская дзікасць, — азваўся Мсціслаў. — Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

— Чаму не, — сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест "І сушчым ва грабех жывот дараваў" — "і сухі верабей заплот паламаў", — усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

…Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: "Д-добра".

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры…

…Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна "Уваскрэсення дзень".

…Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме… А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

— Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу… Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з'явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як "помсту пагардай" з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай — вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.

На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.

V

Нiхто не ведаў, што, вырашыўшы да канца зняважыць сябе, Мiхалiна назнарок дазваляе сабе не вельмi — а лепей сказаць — зусiм невысакародныя выхадкi, знаходзячы нават у гэтым нейкую помслiвую асалоду. Таму бадай што ўсе здзiўлялiся з яе дзiўных учынкаў, якiх нельга было нi зразумець, нi растлумачыць.

Яна напрыклад, запрасiла Мсцiслава на заручыны:

— Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. І ў тым і ў другім выпадку — сябра дому… Назаўсёды… І потым, я ведаю, што лепшага сведкі такой важнай для мяне падзеі не будзе. Ён паўсюль будзе расказваць пра яе праўдзіва… поўна… цікава.

Мсцiслаў глядзеў на прыўзняты ражок прыгожых вуснаў, на нявiнныя вочы, на ўвесь воблiк гэтай дзяўчыны, i яму рабiлася страшна, што ён мог быць закаханы ў такую.

Ён, аднак, не даў зразумець сваіх пачуццяў. Схіліўся залацістай галавою і ветліва сказаў:

— Я ў такіх справах вам не сябра, Міхаліна Яраслаўна.

Назваў па бацьку, чаго Прыдняпроўе бадай не ведала. І ў голасе было такое прыхаванае глыбокае асуджэнне, што Майка апусціла вейкі. А таксама быў закаханы…

— Прыемна хаця, што ў вас засталіся сякія-такія рэшткі сораму за зробленае, — сказаў Мсціслаў. — Мяркую, яны вам яшчэ спатрэбяцца. Як і рэшткі пакут сумлення.

Яна ўскінула бровы. Спалохана.

— Хаця ад душы спадзяюся, што справа не зойдзе так далёка. Няма з-за чаго.

Пасля гэтай размовы Міхаліна раптам, упершыню за ўсе тыдні, падумала пра Алеся. Да гэтага яна карала і мучыла сябе, не думаючы пра іншых.

І толькі тут яна ўпершыню падумала, як жыць яму.

Алесь жыў. Іншым здавалася, нават спакойна. Ва ўсякім разе, замест прадчування страшнага прыйшоў спакой.

Спакойна распараджаўся ў дзедавых збожжавых магазiнах, рыхтаваў коней на буславiцкi "бяссенны" кiрмаш[13]. Даводзiлася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагалiся сапхнуць розную здыхляцiну.



Унук працаваў да знясiлення, i пан Данiла радаваўся: менш дрэнных думак палезе ў галаву, i калi ўжо будзе тужыць, то ад сапраўднай тугi. I ўсё ж спакой Алеся палохаў яго.

Прыязджаў чырвоны ад ранняга загару, такі брудны, што ў каменнай ванне тройчы даводзілася мяняць ваду, еў што трапіцца і потым увесь вечар сядзеў ля агню, перакідваючыся з дзедам нязначнымі сказамі.

Еўфрасiння Глебавiчна бачыла крывую ўсмешку, якая з'яўлялася на ягоных вуснах, калi глядзеў на жанчын. Больш маўчала, але крадком вызвалiла ад усякай работы двух хлопцаў, каб начамi дзяжурылi ля Алесевай спальнi: "А раптам нешта зробiць з сабою, галубчык".

Уставаў ён у тры гадзіны ночы, сядаў у ледзяную ванну, еў з людзьмі густа пасоленую бульбу з кіслым малаком і, не чакаючы кашы з баранінай, выязджаў на Касюньцы з двара.

Вежу падабаўся шчэпiсты, гаспадарскi i ўсё ж ва ўсiм добры ўнукаў розум. А каб i не падабаўся, ён згадзiўся б з усiм, што б той нi прапанаваў, з усякiм, нават самым бязглуздым учынкам, з усякай, нават самай недарэчнай прапановай.

Усё б раздаў, абы стаў ён здаровы i спакойны.

Пан Даніла здзіўляўся з самога сябе. Трыццаць восем год жыў у самоце, нічога не патрабуючы ад жыцця. Так, паблажлівы ад разумення людзей і велічы стары цынік і іраніст. Валтузяцца недзе наводдаль мурашкі — хай сабе валтузяцца. Мурашнік робяць, гліцу цягаюць — вельмі цікава.

I раптам з'явiўся камячок плоцi, уладна ўзяў, запаланiў, прымусiў любiць нявестку, цiкавiцца сынам, сустракацца з гэтымi самымi мурашкамi, лезцi ў шумлiвае, утомнае жыццё, пакутаваць i радавацца.

"Хто ён? Што мне ў ім, калі мне вось-вось ляж ды здохні, а за чорнай рысай — яма?

Але вось вырас, стаў гожы і моцны, і няўдала пакахаў. І так баліць за яго сэрца, як ніколі не балела за сябе.

Ды гэтага мала. Ну вырас, ну, вядома, зусім іншы, чым людзі майго пакалення. Ну і пакінь ты мяне ў спакоі такога, які я ёсць. Не, вучыць. З зямлёю не так, з людзьмі не так, з радзімай не так.

Мала яму, што я па прыроджанай ляноце гавару па-мужыцку. Не, падавай яму самасвядомасць таго, хто я такі і хто ён такі, якая прычына агульнай абыякавасці, і чаму нам у Крыме морду набілі, і чаму таго хахла, што вершы пісаў, загналі туды, дзе бабы бялізну на вясёлку сушыцца вешаюць.

Ну што мне было б раней у тым хахле? Пашкадаваў бы трохi — i ўсё. Не, вучыць. Маўляў, свой чалавек, без кампрамiсаў".

Цяпер Вежа дрыжаў за ўнука. Здаецца, гаспадарыць, гойсае, сварыцца, а вочы пустыя.

— Ды ў чым справа, пане?

— Ён што вам падсунуў? І дзе вашы вочы былі? Яны тоўстыя, але ж гэта сяменнікі, пераспелыя. Яны як вата. Набрыняе вадой, падгніе. Ён каго падмануць надумаў? Якія бярвенні патрэбны, ану?

Аконам муляецца. Мужыкі з прыхаванымі ўсмешачкамі назіраюць за галавамыйкай.

— З зімы…

— Што з зімы?

— З вясны, то бок…

— Што?

— Перацягваюць жывое дрэва тростам туга, каб за лета яно… мацнейшае…

— Чаму?

— Смалой набрыняе… А ўзімку секчы.

— Вось. Смалой набрыняе. Жоўтае, аж звініць. Не гніе… Вось якія бярвенні падай. А ў Мухі спытай, колькі ён на гэтых сяменніках куртажу ў кішэнь паклаў? Не спытаеш — сам спытаю.

Голас як нежывы. Аконаму ад гэтага нават страшней. А Вежы страшней за аконама.

I ўсё ж Вежа нiкому не выдаў бы сваёй боязнi i сваiх думак. Глебавiчна паспрабавала была папiкнуць "за чэрствасць" — абарваў.

Не ведаў аб тым i сам Алесь, не ведалi сын з нявесткай, не ведалi суседзi. Вежа баранiў сваю таямнiцу, маўчаў аб ёй, як маўчаць аб ганебнай хваробе.

Калi хто-небудзь добразычлiвы пытаў, як з унукам, пан Данiла адказваў са звычанай iранiчнай усмешкай, ад якой некаторых аж вадун вадзiў:

— Думаў ажаніцца, ды агойтаўся.

Часам і пры ўнуку.

13

"Бяссеннымі" зваліся кірмашы канца красавіка — пачатку мая. Туды ішлі тыя, у каго конь здох узімку, або тыя, у каго не было насення.