Страница 45 из 90
Усё было па-ранейшаму. Толькі нянавісць хлопца знікла, даўшы месца насцярожанасці. Ён не разумеў гэтага чалавека.
А князь ішоў і, не заўважаючы хлопцавага настрою, гаварыў:
— Любіш коней? Гэта добра… Што, бацька ўсё са сваёй вінакурняй?.. Ага… хваліў, кажаш, сваю гаспадарку? Дарэмна… Пагібель гэтыя бровары, вось што.
Ішлі тым самым запушчаным паркам, дзе толькі рэдкія статуі часам нагадвалі, што гэта парк.
Натрапілі на азярцо, абкружанае высокімі штучнымі скаламі, і таму ціхае і змрочнае, як возера мёртвых. Дзед узяў з грота дзве стрэльбы.
— Бачыш на тым баку белы камень?
— Ну.
— Пацэль.
Алесь пацэліў дзвюма кулямі з трох — відаць было, як паляцелі каменныя пырскі.
— Нядрэнна, — сказаў дзед. — А ну я.
І пачаў цэліцца. Мёртва ляжала роўнядзь глыбокай, спакойнай і празрыстай вады. І тут Алесь заўважыў, што руля дзедавай стрэльбы няўхільна і цвёрда апускаецца і цяпер глядзіць проста ў ваду, у якой нерухома стаяць адбіткі чорных скал і белы кружок каменя-мішэні.
— Куды вы? — спытаў Алесь.
Замест адказу стары націснуў курок. Так і ёсць, ніжэй, бо пырснула вада. Але адначасова — Алесь аж здзівіўся — ад каменя паляцелі аскепкі. Другі стрэл. Трэці. Чацвёрты. Тое самае.
— Табе трэба навучыцца, — сказаў дзед. — Я цэлюся ў адбітак на вадзе, а куля трапляе ў сапраўдную цэль, рыкашэтам, адскочыўшы ад паверхні[59].
— Нашто гэта? — здзівіўся Алесь.
— А на тое, што той дрэнны стралок, хто добра страляе толькі ўдзень. Вучыся страляць і ўначы. У сутонні ты часта не бачыш ворага, які ідзе другім берагам, а адбітак добра бачыш. Клікні, а потым страляй.
У невялікі разрыў лістоты Алесь убачыў над паркам — і вышэй за ўсё вакол — узгорак з голай верхавінай, а на ім нешта ружова-аранжавае, узнесенае проста ў неба сваімі каланадамі.
— Храм сонца, — сказаў дзед. — Ён даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Але туды мы не пойдзем. Там магіла майго лепшага каня. Звалі яго — Эол. Ды толькі ўсе яго дзеці і ўнукі не тое. Быццам ён усю смеласць за адзін свой век пражыў.
— Можа, не ведалі, як за Тромба ўзяцца?
— Можа, і так… Хочаш — сабе вазьмі. I… да стрэлаў усё ж прывучы…
— Не ведаю. Калі ж я за гэта вазьмуся? — суха запытаў Алесь.
Князь моўчкі ішоў побач з унукам. Вусны яго былі спакойныя, твар, як заўсёды, абыякавы. І ніхто не ведаў, не мог бы ўбачыць, што ад самага здарэння з Тромбам у душы князя спявала радасць.
«Мой… Горды, крыўды не даруе… Не сынаў, не Кроеравай крыві… Мой».
А ўголас сказаў абыякава:
— Ну глядзі, як хочаш… Там, за Жараліцай, бярозавы гай… Там, бліжэй да дому, таксама над рачулкай, мой тэатр… Ну, а зараз пойдзем вячэраць, потым будзем глядзець трагедыю. Ты ніколі не бачыў тэатра?
У Алеся моцна закалацілася сэрца. Аб тэатры яму расказвалі. Бацька і маці бачылі тэатр шмат разоў, у вялікіх гарадах: у Магілёве, Вільні, Пецярбургу.
— Трэба толькі хутчэй… бо… заўтра ж мне рана ехаць.
— Ты заўтра не паедзеш, — сказаў стары.
— Чаму гэта? — Алесю адразу ўспомніўся звычай князя замыкаць коней. — Мне трэба.
— Калі трэба, то добра, — абыякава адказаў князь. — Але справа перш за ўсё… Заўтра трэба яшчэ пакоі агледзець, карцінны павільён. І самае галоўнае — сакратар мой на тыдзень з'ехаў жаніцца; чужым мае справы давяраць нельга, і я думаў, ты здолееш мне памагчы. Почырк у цябе добры?
— Дрэнны.
— Тым лепш… Цярпець не магу людзей з гожым почыркам… Ды ўрэшце, што я… Ты ж мне памагчы не можаш.
— У чым?
— Ды я, ці ведаеш, так бы мовіць… складаю «Запіску аб уладах… зямных і нябесных. Вопыт… разважання нявернападданага… аб вернападданых».
Ніхто на свеце не мог бы заўважыць, што князь дурэе, такі сухі быў тон.
— Гэта цікава, — ветліва сказаў Алесь.
— Ну вось. Я думаў, ты здолеў бы мяне выручыць… дні на — гм! — чатыры… Я ведаю, табе будзе сумна са мною. Але справа ёсць справа. Тры гадзіны на дзень — ёй. У астатні час — што хочаш…
Князь абмахнуўся хустачкай, непрыкметна прыціскаючы яе да вуснаў, яму не хапала цярплівасці.
— І яшчэ, — хлусіў ён. — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Заўтра ідзе «Федра». Паслязаўтра опера — «Чароўная флейта» і яшчэ нешта накшталт дадатка да яе, «Мятлушкі весняй ночы», гэта балет. На наступны вечар павінен ісці «Дубіна, палескі разбойнік, або Дзівосы закінутага млына», потым «Сід», «Рычард Трэці», або Гісторыя аб тым, як зладзей кароль утапіў брата ў бочцы з мальвазіяй і забіў… Ну, словам, доўга. Яшчэ пяць піэс.
Князь назнарок прыбавіў да назвы славутай трагедыі доўгую тыраду, каб было цікавей. Потым дадаў:
— Урэшце, як хочаш… Калі табе пільна трэба ў Загоршчыну, я не буду цябе трымаць. Заўтра ж загадаю асядлаць тваю кабылку — і едзь.
Алесева сэрца разрывалася паміж гонарам і магчымасцю паглядзець усё, чаго ён яшчэ не бачыў. Гонар, урэшце, не так і мучыў цяпер, бо тон князя змяніўся і з сухавата-здзеклівага стаў амаль міралюбным. І хлопец уздыхнуў:
— Я думаю… Бацькі даруюць мне, калі даведаюцца, што я астаўся.
Князь зрабіў выгляд, што лічыць па пальцах.
— Сёння… «Федра»… «Флейта»… так… Ого, чатырнаццаць дзён! Пэўна, ты столькі не вытрываеш… Ды і мне… Ах-ах! Вось няўдача якая! Але вернецца сакратар — будзе лягчэй. І абяцаю табе пасля двух тыдняў — рабі што хочаш… А хочаш — і раней…
— Я думаю… я здолею застацца на столькі. Трэба ж памагчы…
«Ах, чорт, — думаў князь, — ах, які стрыгунок горды!.. Ну, я ўжо цябе закілзаю, калі спатрэбіцца… Гэта ж падумаць, колькі ён мяне прымушае вакол сябе скакаць!..»
За сталом акрамя іх сядзела яшчэ жанчына год пад сорак, відаць, тая самая, якую даязджачы Карп, не заўважыўшы Алеся, назваў калісь «апошняй метрэскай» пана.
У слове «метрэска» было нешта таемна-нядобрае, але — дзіва! — Алесь адразу і думаць аб гэтым забыў, як толькі ўбачыў «метрэску» на свае вочы. Такі спакой быў у яе рухах, такой прыгажосцю свяціўся гэты добры, бяздумны твар. Толькі падумалася, як гэта добра, што яна такая простая.
— Пад'ешце, бацюхна, удосталь, — нараспеў сказала яна замест малітвы. — І вы, князюхна, ешце без сумнення.
Князь выпіў зялёную чарку — яна загайдалася на стале круглым донцам, зусім як Іванька-ўстанька, — і закусіў рыжыкамі свежага засолу.
— Ал-ле, — сказаў ён. — Хрыстос па душы басанож прайшоў. Чуеш, Еўфрасіння Глебавічна? Мы сёння ў тэатр ідзём… да дзяўчат.
Скоса глядзеў хітрым вокам.
— То і добра, — з усмешкай сказала яна. — Тады я ўжо загадаю, каб вам святочны ўбор падрыхтавалі. Дзяўчаты любяць, калі кавалеры добра апранутыя.
— Пойдзем, можа, разам, Еўфрасіння Глебавічна?
— Што ты, бацюхна! — узняла яна рукі. — Грэх такі! Дый страшна. Людзі нажамі рэжуцца. Пярун грыміць. А я навальніцы баюся.
Князь паціснуў плячыма.
…У будынку тэатра панавала паўцемра: рэдка-рэдка дзе бясконцыя калідоры асвятляліся свечкамі ў жырандолях.
Фае з мармуровымі бюстамі і статуямі муз пахнула парфумай і яшчэ чымсьці таемным. Праз дзверы была відна цёмная зала, заслона, асветленая знізу і таму як жывая, чуліся гукі скрыпак.
Рыхтавалася ў цемры і незнаёмых водарах нейкая таемнасць, бо ўсё больш напружана гучалі, а потым раптам змоўклі скрыпкі і віяланчэлі. І гэта звалася «Гарыслава і Людамір».
Узнялася заслона. За ёю ляжаў «старажытны Магілёў» з храмамі і каланадамі. І гэта цягнулася метраў на пяцьдзесят, такой глыбіні была сцэна. А далей, ужо намаляваны, узвышаўся гарадскі мур і за ім — Дняпро, падобны на мора. На сцэне стаялі воіны і аб нечым спрачаліся, размахваючы мячамі. І так прыгожа яны гаварылі вершам, што да горада набліжаецца вораг — войска на чале з князем Людамірам. А дачка магілёўскага князя, Гарыслава, усе апошнія дні сумная і плача.
І ўсё ж Алесь чакаў чагосьці яшчэ лепшага.
…На сцэну, у доўгім зіхоткім плашчы, выйшла дзяўчына год васемнаццаці. У яе было бледнае аблічча з вялізнымі вачыма. Яны былі большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі…
59
Калiсьцi стральба па адбiтках у спакойнай вадзе была ледзь не народным спортам у Прыдняпроўi. Яшчэ сто пяцьдзесят год таму назад рэдка якое паляўнiчае свята абыходзiлася без яе. Потым, калi з-за паўстанняў пачалi адбiраць зброю, звычай пачаў знiкаць, але яшчэ за сто год да нас часам сустракаўся.