Страница 26 из 90
Ды і ўрокі цяжкаватыя на два панскія дні. Гаспадар дома павінен быў за дзень узараць сахою — не мяльчэй як на два вяршкі — палову дзесяціны гліністай зямлі, або забаранаваць морг, або пасеяць шэсць маргоў, што ўжо зусім цяжка. A то — перавезці на дваццаць пяць вёрст ад васемнаццаці да дваццаці пудоў.
На ворыва і сяўбу ішлі сям'ёй, бо аднаму не ўправіцца. Сям'ёй ішлі і на панскую малацьбу, бо трэба было за дзень паншчыны абмалаціць азіміны адну капу, a ярыны — дзве. A капа — шэсцьдзесят снапоў, a кожны сноп ля перавясла — аршын кругам.
Больш мяккі, параўнаўча з цэнтральнымі губернямі, характар прыгону ў Заходнім краі тлумачыўся яшчэ і тым, што ўрад таксама не вельмі дазваляў ламаць звычаёвае права. I не таму, што яно было на руку мужыкам, — чхаць на гэта хацеў Пецярбург! — a таму, што яно было адным з краевугольных камянёў адноснага спакою, адным са сродкаў мець управу на дваранства. A яно ўсё яшчэ не магло забыць даўнейшай шляхецкай «вольнасці» і ваўкамі драпежнымі глядзела ў лес.
Мера гэтая была, аднак, палавінчатая і нікога не задавальняла.
Урад гэта не задавальняла таму, што спакою ўсё адно не было: край, як парахавая бочка, a прыбытку з яго — каціныя слёзы. Дваран гэта не задавальняла па тых жа прычынах, ды яшчэ яны былі пакрыўджаныя недаверам да іх урадавых колаў.
A мужыкоў гэта не задавальняла таму, што для іх з падзелам Польшчы нічога не змянілася, ды яшчэ прыбавіліся рэкруцкія наборы. Пры старых парадках, да раздзелу, служба ў войску непасрэдна закранала толькі дваран, a мужык, які па сваёй ахвоце браў зброю і ішоў на вайну, тым самым, разам з сям'ёю, аўтаматычна пераходзіў y шляхту, тую аднадворчую шляхту, якая засяляла бедныя засценкі і пра якую з'едліва казалі: «Два паны — адны штаны, хто раней устаў, той і надзеў». На гэта ішлі рэдка, асабістая незалежнасць была значна больш галоднай: усё адно даводзілася трымацца магната, каб не згінуць з голаду. Ішлі большай часткаю тыя, хто не паладзіў з панам, каму немагчыма было цярпець.
I вось цяпер наборы і шматгадовая салдатчына віселі над кожным і ў кожную хвіліну маглі ўпасці на першую лепшую хату, забраць карміцеля, забраць брата, сына.
Прыдняпроўскія мужыкі заўсёды былі дзёрзкія, з нейкімі аж казацкімі замашкамі. Ролю рошчыны ў гэтай неспакойнай дзяжы гралі шматлікія незалежныя ад паноў колы і групы: былыя пастухі каралеўскіх чарод, скупа ўзнагароджаныя зямлёй пры раздзеле; панцырныя баяры, ці то былая памежная варта, перад якой калісьці запабягаў сам кароль; насельніцтва шматлікіх багатых гарадоў, y якіх асцерагліся забраць магдэбургскае права; магутныя, усепранікальныя абшчыны баркалабаўскіх і куцеянскіх старцоў.
Чапаць звычаёвае права, павялічваць двох-трохдзённую паншчыну было небяспечна: маглі і чырвонага пеўня пусціць, ды яшчэ так спрытна — пад толькі што застрахаваныя будынкі, — што потым гаспадара па судах зацягаюць, a ці не зрабіў ён гэтага з мэтай нажывы.
Па гэтай прычыне нават згон — права гаспадара на рабочыя рукі па-за паншчыннымі днямі, калі гіне на корані ўраджай або залева ці нечаканая летняя палавень пагражаюць вымачыць сенажаці, — павінен быў аплачвацца панамі: ад дваццаці да дваццаці пяці капеек срэбрам на дзень.
I вось пан Канстанцін Кроер асмеліўся патроху парушаць звычай, непрыкметна наступаючы мужыкам на мазалі. Справа была ў тым, што ён год пражыў y Пецярбурзе ды яшчэ цэлы год ездзіў за мяжой. Карты, рулетка, яшчэ чорт ведае што. Растрос там шмат грошай і цяпер папраўляў сваё становішча.
Пачалося гэта гады тры таму назад. Перш за ўсё ён перастаў залічваць вознікам дарогу, калі яны вярталіся паражняком. Мужыкі пабурчалі трохі ды і сціхлі. Потым на цэлую гадзіну скараціўся абед y зімовыя паншчынныя дні. Сцярпелі і гэта, бо пан павінен быць трошкі несправядлівы, калі ўжо справа заходзіць аб яго гаспадарцы. Дзякуй богу, усяго было: і заліваў Кроер залішняе, і паляваў на сялянскай руні, і наконт дзевак быў памаўзлівы.
Але потым пачаліся свавольствы ўжо зусім небяспечныя. Пан Кроер прыбавіў трэці дзень. A калі некаторыя паспрабавалі бурчаць — іх адлупцавалі на стайні. Тады нехта падпаліў Кроераву адрыну. У адказ на гэта Кроер завёў ваўкарэзаў і прывёз са Смілавіч дзесятак татар-вартаўнікоў. Гэта было ўжо зусім нечакана…
Кроер зацяўся. Са злоснай гарэзлівасці павялічыў бабскі прынос палатна ў царкву на адну гібу[44], быццам святая царква жабрачка, a сам ён кавалачнік нейкі. Суседзі ездзілі ўразоньваць яго, але чхаць яму было на іхнюю думку. Што яму маглі зрабіць? Прымаць перастануць? Дык яму сына не жаніць, a дачку не вывозіць y свет.
Можа, нічога і не было б, але нашкодзіў год.
Рунь з восені добра пайшла пад снег, добра выйшла ўвесну з-пад снегавой коўдры і на Юр'я вырасла ўжо такая высокая, што не толькі варона магла ў ёй схавацца, a i вадзяны бугай, каб пала яму ў галаву такая дурынa: кідаць дзеля палёў свае сітнягі. I тут па ўсім наваколлі выпаў страшэнны град, захапіўшы паласу ад Магілёва і ледзь не да Гомеля. Градабой быў такі, што цэлыя кавалкі лёду падалі на беднае жыта, і яно палягло ўшчэнт.
Улетку давялося туга, і, можа, людзей нават зусім чакаў бы страшны зімовы голад, каб не добрая гародніна і неблагая ярына.
Нядрэнна было ў Загорскіх, y Вежы, y Раўбіча, яшчэ ў трох-чатырох гаспадароў, дзе зямля не была спустошаная. Мужыкам іншых паноў магло хапіць летняга ўраджаю хіба што да пятага тыдня вялікага посту.
I вось Кроер учыніў півошчынцам агульны згон, бо гарачая пара не чакала. За тры дні жыта на яго нівах стаяла ў мэндліках, a частку нават звезлі да панскіх гумнаў, пачаўшы складаць сцірты. Людзі ішлі на працу ахвотна, бо сям'я з пяцёх чалавек — сваю работу скончылі — магла зарабіць за гэтыя дні сама меней тры рублі, a гэта азначала — як на галодны год — восем з паловай пудоў жыта, — можна неяк перабіцца да шчаўя, да «грыба бедных» — смарчка, да першай рыбы, як толькі спадзе весняя палавень.
…Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб'явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей.
Людзі стаялі на вясковай плошчы, пад абшчынным дубам і слухалі яго.
У кожнага стаяў перад вачыма той месяц з лішнім, які цяпер не было як пражыць. Мужыкам бачылася Бэркава карчма, дзе трэба было нішчымна, толькі каб уцячы ад міжвольных хатніх папрокаў, сядзець усе гэтыя дні, бабам — прагныя і вечныя, як лёс, чалеснікі-печкі, якая кожную раніцу патрабавала ахвяр.
Але ўсе маўчалі.
Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:
— Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.
Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.
— Ён пакрыўдзіць нас надумаўся… Што ж, хай падавіцца нашым хлебам… A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння… A раней таго няхай ведае — не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, — ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.
Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:
— Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю… Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!
— За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.
— Пад зброяй пойдзеце, — кiнуў пагрозу аконам.
I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.
44
Гіба — старажытная мера палатна, на ўсю даўжыню хаты, дзе кросны, ад мернага цвіка да цвіка. Колькі разоў загінаюць — столькі і гібаў. Дакладнай меры няма, гэта залежыць ад таго, якая хата. Але прыкладна каля трох.