Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 24



Гогель. Нашто гэтая ваша... “Іна” хадзіла да падследнага?

Шоціку пакутліва шкада пана. Ён муляецца, думаючы, як лепей яго выгарадзіць. Знайшоў, як яму здаецца, выйсце.

Шоцік. Справы.

Гогель. Па мяцяжу?

Шоцік. Што вы? Якая мяцежніца? Светлая такая дзяўчынка? Дваранка.

Гогель. То якія справы?

Шоцік (вочы яго неспакойныя). М-м... Справы... маладыя. Маладая, значыцца, справа, вось што. (I натхнёна брэша.) Каханне ў іх было.

Рукі Марыі ўчапіліся ў стол. 3 гэтага моманту глядач павінен глядзець толькі на яе і Кастуся, на маўклівую дуэль іхніх вачэй.

Гогель. Вы гэта ведаеце ці толькі мяркуеце?

Шоцік. Хто гэта можа ведаць?.. Але ён вельмі ласкавы быў да яе. Мяккі. Мяркую так... Канечне, каханне...

Паўза. I тут Марыя ўстае, занадта прама трымаючыся на нагах.

Марыя. Я ведаю гэтага чалавека. Ён жыў у доме маёй маці пад прозвішчам Макарэвіча. Яго імя – Кастусь Каліноўскі.... Ён...

Гогель... вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Страшная паўза. Потым Шалгуноў гаворыць ціха.

Шалгуноў. Вы не шкадуеце маці?

Марыя. Я не шкадую сябе.

Шалгуноў. Ён – мой вораг. Вораг маёй вялікай імперыі, цара, маёй радзімы. Я шчаслівы, што ён тут. Але ці ведаеце вы, што падпісалі яму і вашай маці смяротны прысуд?.. Мая справа падрыхтаваць для яго шыбеніцу. Але як вы маглі дапамагчы мне ў гэтым, нізкая вы жанчына? (Салдатам.) Адвядзіце яе. Такія вартыя толькі нашай святой мужчынскай пагарды... Гáдзіна (Гогелю.) I такія сцервы дастаюцца большасці сапраўдных, чыстых мужчын.

Салдаты вядуць Марыю. Ля дзвярэй яна спынілася.

Марыя. Кастусь...

Кастусь. Што табе, жанчына?

Марыя. Кастусь... Кастусь. (Нечакана яна падае на калені.) Даруй мне, Кастусь!

Кастусь. Ідзі з богам.

Шоцік (у ярасці). Пабойся бога! Такую гадаўку?!

Шалгуноў. Святы ідыёт.

Кастусь. Ідзі з богам. Каб табе было лягчэй – ведай: я сапраўды любіў, люблю і буду любіць яе да канца. Недалёкага канца. Але я не казаў ёй аб гэтым... Да мінулай ночы... Магчыма, гэта для цябе занадта жорст кая аплявуха. Але з ёю табе будзе лягчэй.

Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.

Марыя. Даруй мне, даруй!

Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: “Кастусь!” I цішыня.

Шалгуноў. Адвядзіце і гэтага.

Шоціка цягнуць.

Шоцік. Даруйце, пан... Каліноўскі. Я не хацеў.

Кастусь. Жыві шчасліва, Ігнась.

Паўза.

Гогель (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?

Кастусь. Як вам не сорамна, паручнік?

Гогель. Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?



Кастусь. Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі... і іншыя.

Гогель. Менавіта “былі”. Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.

Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы... Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.

Шалгуноў. Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў – гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?

Кастусь. Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.

Шалгуноў. Я... загадаю даць вам паперу.

Кастусь. Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых – не больш.

Шалгуноў. Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.

Кастусь. Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць з’яўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.

Шалгуноў. Я вас... паважаю. Пашкадуйце сябе.

Гогель. Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю – вы заб’яце і блакітны, і аранжавы...

Кастусь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі – вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. I гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы – проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.

Паўза.

Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?

Кастусь. Уяўляю.

Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.

Кастусь. Ведаю. I мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.

Карцiна трынаццатая

Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў “Дамініканах”. За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюдца ў цемры... На ложку сядзіць Кастусь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.

Тызенгаўзен. Вы мяне слухаць?

Кастусь. Нашто? Я і так усё ведаю... Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.

Тызенгаўзен (чытае далей). ...прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага... дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава...

У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф Мураўёў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.

... пакараць смяротнай карай – расстраляннем... (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?

Кастусь. Гэта дарэмна. I не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.

Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.

Мураўёў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.

Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.

Кастусь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.

Мураўёў. Другі... Князь Мсціслаўскі.

Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.

Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.

Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.

Мураўёў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі – а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы – парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас – жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.