Страница 24 из 24
Голас Беларусі (ясны і нечакана спакойны). Не!.. Не!.. Не!.. Вы – гэта я. Хіба я магу памерці? Устаньце з зямлі. Той, хто памёр, як вы, – не памірае.
Яснее святло. Некалькі вялізных, на ўсю сцэну, кратаў. За апошнімі ўсё яснее постаць. Гэта Кастусь. Яснее срэбнае святло, і ўрэшце ўся фігура Каліноўскага прамяніцца срэбрам – нібы знутры. Ён ідзе проста на краты, і краты бяссіла падымаюцца перад ім... Адны... другія... трэція. Паступова мацнеюць барвяныя адбіткі зарыва на постаці Кастуся.
Кастусь.
Вялікі мой народ, зямля мая.
Гняздо пакут, змагання і свабоды,
Зямля маіх нябёс, маёй каханай,
Маіх сяброў, маёй спявучай мовы...
Я толькі што памёр. I ў гэты час
Аддаў табе, зямля, сябе самога,
Каб ведала, як я цябе люблю.
Аддаў азёрам – вочы, чуб – ільнам,
Смех – ручаінам, песні – цёмным пушчам,
Закатам – кроў, мужыцкім бунтам – гнеў.
А душу – кожнаму з братоў сапраўдных,
Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.
Што бачу я ўдалечыні? Пажары,
Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці.
Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе,
Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,
Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ...
Кратаў няма. I, нібы ў адказ на словы, вырастаюць з зямлі, побач з постаццю Каліноўскага, іншыя постаці. Стаяць, абняўшыся, як стаялі ў яме, Заруба, Яўхім, Вастравух. Барвяны пажар залівае іх абліччы. Яшчэ, і яшчэ, і яшчэ постаці. Арсень, Яневіч, Марцявічус з кінжалам. Побач з Кастусём вырасла постаць Караліны. Устаюць нямы Ян, плакальшчыца, Гарэліха, Яўхіміха, Агей... Народ!.. Яны збліжаюцца моўчкі, сурова. I вось яны – адно. Адна маса, адлітая з расплаўленай медзі... Яны вырастаюць, яны высяцца над зямлёй... Чырвонае зарыва скача па іх абліччах.
1963 г.