Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 89

Напіўся я балотнай вады.

Побач скачуць вярхі ў масках і вывернутых кажухах. І лятуць у калматых снежкі.

Задзёртыя конскія храпы з ашалелымі вачамі. Ногі шырока мераюць снегавую парчу. Сонца, рыжыя кажухі, чорныя хусткі з чырвонымі і сінімі кветкамі, перавітымі зялёнай лістотай.

Ён стаіць у санях, гагоча і страляе пугай. А побач пад хусцінай румянае, белазубае, сінявокае аблічча. Таксама смяецца. І такая яна зараз. такая!

...Ён вываліў яе ў гурбу, і сам вываліўся з ёю. Яны ўпалі і праваліліся ў пульхнае, нібы ў пярыну. Як патанулі.

Усё далей і далей грымела і звінела рознакаляровая, стракатая, як поплаў, кавалькада.

Засталася мёртвая цішыня. Белае вакол іх. Сонечна-сіняе высока над галавою.

Ляжаў, абдымаючы яе за плечы, моцна прыціскаючы да

сябе.

І раптам яна змоўкнула. І ён убачыў, як раптам стаў спынены і суровы яе позірк.

Нібы мерала, нібы пранікала яго да самага апошняга дна. Цішыня. Гэты няўмольны позірк. Белае вакол. Сіняе ўверсе.

..Потым яна сказала яму, што варажыла з першым блінам у руцэ, што наваражыла добрае, і пад акном у суседзяў слухаючы, і на раздарожжы, і ў лазні, але калі ён спытаў, якое ж будзе імя таго, апусціла, нібы вінаватая, вочы. Ласевіч засмяяўся.

.У купэ цьмянае святло. Пагойдвае. Усё змрачней і змрачней пейзаж за акном: дзікая, ветхая нейкая бесп рытульн асць.

"Та.та.та.та.", - зноў замільгалі, крыжуючыся, бэлькі моста, і праглянуў на лёдзе апошні сіні водблеск паміраючага дня.

.З Марынаю было куды прасцей, і ён спачатку не ведаў, не здагадваўся чаму. Ішлі заснежаным горадам, насустрач крочылі вясёлыя гаманлівыя пары: штурхаліся ў снег, абсыпаліся ім, прабягалі міма, і яна праводзіла іх нейкім дзіўным пасуравелым позіркам.

- Што вы так? - спытаў Ласевіч.

- Бабуля адна калісь глянула ў калыску і прашамкала: "Дзіця глядзіць і чагосьці жджэ ад жыцця".

- Няўжо вы такая бабуля? - засмяяўся ён.

- Легкаважны вы. Сапраўды, мне ва ўнукі здаліся б.

Ён зразумеў тады: з гэтым чалавекам нешта здарылася. Нешта вельмі нядобрае і крыўднае. Яму стала шкада яе. Дый каго яшчэ яму было цяпер шкадаваць? Тое сяло, у якім усё адрынула, падманула, надоўга растаптала яго? Тое клятае сяло!

...Вячэрняе сяло. Пад месяцам рухаецца перад натоўпам чырвоная зорка. Снег ззяе, нібы нехты густа засыпаў усё цукрам.

Палае вялізны корч, абкладзены лаўжамі: грэюць неба, каб прыйшоў сонцаварот. Палаць яму суткі, пакуль не будзе бойкі між світаю зімы і світаю лета, пакуль не перамогуць, пакуль не спаляць чучала зімы.

...Грукат колаў цягніка.

...Яны з Аленай Наваграй ідуць побач у натоўпе каляднікаў. Мікола часам паварочвае галаву, бачыць яе ўсмешлівыя, незразумелыя вочы і вусны, якія таксама ці то ўсміхаюцца, ці проста іхні краёчак прыўзняты ўгору.

- Невыносны. Ты не на мяне вочы вытрэшчвай. Ты - унь

туды.

"Туды" - гэта наперадзе. Там прыскоквае каза, паважна -да часу - выступае "дзед" з ільняной расчасанай барадою, "цыганка", з абліччам, пафарбаваным бураком ледзь не да колеру слівы, а сама ў неймаверных рызманах, механоша, калматыя "воўк" і "мядзведзь", што паказвае і як дзеці гарох крадуць, і які аграном бывае злосны на падпітку. Тут жа і "чорт" з ляскаўкай. Яму пазней, калі накалядуюць, круціцца і старацца ўхапіць каўбасу з торбы.

Цымбалы, і скрыпка, і бубен.

Мікола ідзе і часам сціскае ёй локцік, і такая гарачая хваля пракотваецца па ім ад гэтага дотыку, што ён замірае.

І равуць, равуць над усім беларускія палескія трубы з вярбовай кары. У восем - дзесяць чвэрцяў даўжынёй: два з паловаю метры.

І яму, калі ён дакранаецца да яе, такой цёплай - ён адчувае - пад гэтым рудым кажушком, здаецца, што гэта ім равуць трубы, што ўсё гэтае шэсце дзеля іх, што гэта іх вядуць на вечнае каханне, на гора і радасць. Зірнуў - здаецца, і яна адчувае.

"Пэўна, і труб такіх ужо даўно няма. Іхняя вёска заўсёды лічылася глухой".

Гудуць трубы. Як архангелы ў дзень судны, як трубы Ерыхона, як на страшнага ворага. І як жа не гармануе - і гармануе з імі - пяшчотная песня каляднікаў:

Чорны валішча - той дроў прывязе,

А памялішча - той печ замяце,

А ты, бабачка, стара галачка,

На печцы сядзі, чырвонцы лічы.

Увайшлі ў хату, запоўнілі двор.

- Святы ве чар.

- А, сёння ў нас усе вечары - грэшныя, - не па правілах адказвае гаспадар.



"Як мне гэта забыць?!"

- А ну, - гэта дзед, - паскачы, каза, павесялі гаспадара. "Што ж гэта за насланнё?!"

- Ды пакланіся гаспадару, гаспадыні, каб нашу казу дый падарылі: рашато аўса, а наверх каўбаса, рашато грэчкі на варэнічкі.

Сала, ружовае на зрэз, стылае кельца каўбасы, хлеб яшчэ

цёплы.

Зноў з гоманам, песнямі, гікам валіць проста праз гурбы натоўп каляднікаў. А зоры ўверсе былі спакойныя, амаль не дрыжалі. У снегавых пульхных падушках гарэлі агеньчыкі ў вокнах. І паўсюль гучалі, здалёк гучалі песні каляднікаў. У адным канцы сяла. У другім.

- Аленка, даражэнькая ты, добра як!

Яны адарваліся ад усіх, бягуць проста па гурбах у завулак і далей, у закінутую дрывотню, над якой пустой перагорнутай шапкай - буслянка.

- І добра, яшчэ лепей, што ўцяклі, - сказаў ён.

Дзяўчына ўпершыню не вырвалася. Стаяла,

прыціснуўшыся да яго, і зрэдку ўздрыгвала. Ён скарыстаўся з гэтага.

- Не бойся. Ніхто не зойдзе. Усе там.

- Я не таму, - глуха сказала яна. - Ты застацца не мог бы?

- Я і застануся. Ля цябе. Усё адно дзе.

- Тут. Бо што ж я ў горадзе. Я там з нудоты памру.

- Не памрэш. Звыкнеш.

- Не звыкну. Была двойчы. Смурод, дым. А ў нас у полі вецер - такі празрысты. Дый смяяцца там будуць, што гавару не так. Застанься. Ну, добра?

"Не, досыць пра гэта".

Марына ніколі і нічога ад яго не патрабавала. Нават у той, першы, вечар.

Яны, урэшце, дайшлі да яе пад'езда. Стаялі, не дужа ведаючы, што і гаварыць, як і сказаць гэтыя апошнія словы. І раптам ён адчуў.

- Бывайце, Марына, - усё ж сарвалася ў яго з языка.

...І раптам ён адчуў, што яна не будзе супраць, калі ён зойдзе. І яшчэ адчуў сябе такім самотным у гэтым горадзе і ўвогуле ў гэтым свеце, што яму стала холадна. Але як? Усяго некалькі слоў, якімі яны абмяняліся, нязначных, пустых. Што яны маглі вырашыць?!

А можа, гэтая сухасць, гэта яе нянавісць - можа, гэта яны? Калі гэта ўсё так, то гэта не болей чым пагарда да яго. І, магчыма, жаданне адпомсціць за нейкую вялікую, нясцерпную крыўду. Тады гэта яшчэ горай.

Дзяўчына, відаць, да канца зразумела.

- Зойдзем, - проста сказала яна.

Толькі тут, пры нізкім святле таршэра, ён паглядзеў на дзяўчыну больш уважліва, і раптам яго як стукнула: бог мой, да чаго ж прыгожая! Валасы чорныя-чорныя, мяккія нават на выгляд, мяккі авал твару, у чорных веях сінія вочы. Грацыя рухаў, калі прыносіла сёе-тое на столік, такая, якая бывае толькі ў жанчын з дасканалай фігурай. Чаму не заўважыў раней?

Вельмі проста. Знік з аблічча злы выраз. Цяпер на ім толькі лёгкая грэблівасць і стома.

- Ну вось, сядайце. Будзем павольна піць віно і маўчаць.

- Чаму маўчаць?

- Аб чым гаварыць? Аб холадзе?

- Ну, не так ужо і халодна.

- Ды я не аб тым холадзе.

- І я не аб тым.

Маўчанне.

- Слухайце, - сказаў ён. - Што з вамі, ну што? Вы крыху адышлі толькі тут.

- Тут мая крэпасць. А ўвогуле што ж, мы дарослыя людзі. Бываюць на зямлі такія крыўды, за якія няма даравання.

"Помсціцца. На мне".

Але дзіўна, гэтая думка, тое, што ён здагадаўся правільна, на гэты раз аніяк не абурыла яго.

- Вось бачыце, а вы накінуліся на мяне на пероне, як дзікая звярына, - іранічна сказаў ён. - У бібліі гэта называецца: свая сваіх не пазнаша.