Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 89

І, каб хаця крыху абмысліць гэты новы, амаль страшны і нічым не падобны на ранейшыя яго прыгоды стан, выйшаў у сенцы. А наўздагон яму ляцела:

Ой, красная каліна над рэчкай,

А красней таго Надзейка ў мамкі.

Стаяў у халодных сенцах не ў змозе сабраць думкі. А з хаты гучала прыглушана:

А ў сені ўвайшла - сені заззялі,

А ў хату ўвайшла - паны ўставалі,

Паны ўставалі - шапкі здымалі.

Ой, цару нябесны, гэтыя песні! Так і гучаць, і гучаць у вушах, настырна, як у ціхай хаце пасля вяселля, калі на падпітку не можаш заснуць. І як холадна гаворыць пра гэта старая кніга: "Музыкальность составляет выдающуюся черту в характере полешука". Гэта пра песні, якімі ён так пякельна, пакутліва шчаслівы.

Як самай каханай жанчынай у хвіліну блізкасці. Як Але най калісь.

"Гэх, саскочыць бы зараз ды паехаць. Плюнуць на ўсё. Зваліцца ў санкі, на сена і... Каляды... Сонцаварот. Сонца на лета - зіма на мароз. І хутка будзе абуджэнне, і сонца будзе вышэй, а на сэрцы цяплей, і аджывуць нівы і душа, якая ўжо столькі часу нібы спіць... Паехаць. І прападзі яно ўсё пропадам разам з той, што й на печы ніколі не сядзела ".

Дарога праз зімовы лес. У небе вясёлкавыя па краях, рэдкія хмаркі. Залатая поўня то нырае ў іх, то зноў вызвалена вырываецца на волю, плаўна плыве ў глыбокай сіні начнога неба. І ад яе пушча то змрочна пахмурнее і цішыцца, а то ўспыхвае іскрыстым блакітам, і заснежаныя яліны робяцца аж празрыстыя. Нібыта ў блакітных шатрах разгараюцца, мігацяць сінія агні.

Заснежаныя бярозкі дугамі над дарогай: дзесяткі сіне-срэбных арак. Ударыш пугаўём, і пасыплецца, пасыплецца сухі, як порах, снег, і дрэўца, хістаючыся ўсё болей і болей, неахвотна ўстане на ногі, усё яшчэ крыху хіляючыся на шлях.

І вось прыемна, пасля марозу, прыпякае праз посцілку добры чарэнь печкі. Водбліскі агню скачуць па вязках цыбулі на сцяне, па вокнах, і ўжо клякоча па патэльні свяжына, а на печ, каб грэўся далей, падаюць чарку.

.Жанчыны ля кроснаў спяваюць: апошняя кросенная песня гэтага года, бо потым аж тыдзень ткаць будзе нельга. Ах, як добра ляжаць, выцягнуўшы ногі, і ведаць, што цяпер з месяц зусім мала працы, што наперадзе аж цэлыя тры куцці. І сёмага студзеня, і трынаццатага, пад стары Новы год, і ў ноч на дзевятнаццатае. Дваццаць тры стравы, а то й болей. Адной рыбы адзінаццаць гатункаў. Тут табе і ліны, і ўюны, і смажаны ў смятане карась. А квас, які так смачна паруе грыбамі. Як успамінак аб леце. Аж да кашы з мёдам.

Язык каўтнеш.

"Сена на стале пад абрусам. Паказаць бы гэта ў натуры на экране. Стол ломіцца. Ядуць так, што ўсе гледачы сарваліся б з месцаў і пабеглі б з кіназалы ў буфет."

...Усё цямнее і цямнее. Снягі з бэзавых сталі сінія. Вагон калоціць на стыках.

Нябожчык бацька ставіць на стол сноп, сядае і, з-за яго, пытае ў маці:

- А ці бачыш ты мяне, ці бачыш?

- Сконд жа? Не бачу.

- Ну, то каб жа аж ты два месяцы свету не бачыла за морквай чырвонай, за бобам зялёным, за крамянымі гуркамі, за пузатымі гарбузамі.

- А ты мяне ці бачыш?

- Не-а.

- Ну, то й ты каб не бачыў свету ва ўвесь канец лета за стагамі духмянымі, за копамі цяжкімі, за снапамі - не абняць, за вазамі, што аж крэкчуць і рыпяць.

А тады, калі яны ўцяклі з гэтых ідыёцкіх гарадскіх каляд, як жа ўспаміналіся яму тыя, вясковыя! Успаміналіся з радасным заміраннем сэрца і адначасова з сухой нянавісцю, бо ўсё было скончана, бо яму адрэзалі вяртанне да ўсяго гэтага, бо ў сэрцы была пустэча. Бо і сена пад абрусам, і сноп на стале - усё гэта было ўжо яна: ябраза, рэўнасць, нянавісць, абыякавасць.

А побач была жанчына, якая, прынамсі, не прыкідвалася добрай, ласкавай і прынаднай. І ён ішоў за ёю заснежанным бульварам, глядзеў на выразны профіль, на заінелую пасмачку валасоў, што выбілася з-пад футравай шапкі, а потым з палёгкаю пераводзіў вочы на вокны дамоў, дзе рознакаляровымі агеньчыкамі таямніча свяціліся ёлкі, дзе мільгалі вясёлкавыя цені людзей.

Кампанія ідзе насустрач. Рагоча. Злёгку "на парах". Спяваюць песні. У Ласевічях гэтая кампанія "вадзіла б казу". Прыгожа. Але ябрад "казы" гэта таксама Алена, гожяя, як ніхто, ненавідная і незабыўная.

...Снягі занеслі ўсё. Няярка свеціць чырвонае марознае сонца. Валіць сярэдзінай вуліцы гурма, ды не, цэлая працэсія. Наперадзе "каза" ў вывернутым кажусе. Драўляная морда ляпае ніжняй сківіцай, рогі з саломы, барада з мачалы, хвост з трапанага лёну.

Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая!

"Воўк" у вывернутым кажусе кідаецца на "казу", і яго б'юць снежкамі. Усе даўно забылі, што каза - дух нівы і плоднасці, як і ў старажытных грэкаў.



Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,

Дзе каза хвастом, там жыта кустом,

Дзе каза рогам, там жыта стогам.

Але вось усё ж бароняць яе, качаюць ваўка, і хмараю ўзлятае ў паветра сыпкі іскрысты снег.

"Сонцаварот. Павярнула, здаецца, не туды. Не на сонца, а на мароз. Як жа гэта я яе ўпершыню абняў. Напаўжартам. Здаецца, там, на задварках, калі яны ішлі да каляднікаў. У сіняй цемры рухалася наводдаль чырвоная кропля зоркі. Слаба, але віскліва даляталі адтуль галасы:

Калядка хадзіла пяшком-пяшком,

Каўбасу насіла мяшком-мяшком.

"Шчасце маё - шчасце п'янага на кірмашы".

...Ячная куцця. Куцця "свентага козліка". Калі ён, малы, спытаў тады, чаму гэта так, яму адказала ягоная стогадовая бабуля:

- Бо ён рожкамі, рожкамі кідаў на малога ў яслях сена, каб дзіцятка не змерзла.

Якія ў яе былі страшныя, амаль нерухомыя рукі! Твар, як з сасновай кары. І якія ясныя, усё яшчэ сінія, але ўжо далёкія ад усяго вакол вочы, што глядзелі ўжо нават не ва ўспаміны, а ў тое, што скора мелася адбыцца з ёй, а некалі і з усімі, каго бачыла яна на вяку.

Няўжо і з Марынай. І з ім. І з Аленай?

.А тады ж, калі ён абняў яе і раптам адчуў тугую пад кажушком спіну, бліскучыя ў цемры вочы, цёмныя ў змроку кветкі хусты, калі адчуў усё яе моцнае цела, як жа моцна яго пранізала, працяла адчуванне яе і сваёй вечнасці!

Можа, гэта і было - праўда?

Яна тады адштурхнула яго. Са смехам:

- Ты што, падмаршалачак, рукі распусціў? Глядзі, адсохнуць.

- Затое не змерзнуць. На гарачым.

- Ой, глядзі. Спаймае цябе Астап Васілеўчык на гарачым. Будзе табе горача.

- Дамо і яму рады. Гарачай. Што я, горшы за яго?

- Ды не горшы. Толькі Астап спачатку многа практыкаваўся. Дрэвы ды пні абдымаў.

.Так, Астап. Супернік, ён ужо чуў пра гэта. Рудаваты здаравень з грубаватым вясёлым абліччам. Скалячы гожыя зубы, кожную дзеўку зачэпіць, закруціць ваўчком нават не ў клубе, а на вуліцы. Былі сябрамі, і вось - на табе".

Яна тады вырвалася і пабегла на рухомую чырвоную зорку, топчучы нагамі густа-сіні снег. Ён глядзеў ёй наўздагон. І раптам засмяяўся ад шчасця.

"Вось спускаецца на Палессе ноч. Мільгаюць на залатым чорныя сілуэты ялін і дзіўныя, расторганыя ў розныя бакі сілуэты хвояў: як ведзьмы на тычках".

Цягнік ляцеў, і гэтыя ведзьмы круціліся ў шалёным кругавароце.

Гонкі! Бог ты мой, гонкі! У снежных віхурах, у звоне бразготак, што аж захлынаюцца ад захаплення.

Як быў я конь у ліхога пана,

Настаяўся я пад сметнічкам,

Наеўся я саломкі,