Страница 10 из 49
А рыба сохнула. Луска на яе спіне стала цёмна-фіялетавай, збягаючы па баках да пяшчотна-сініх адценняў.
Здавалася нават, быццам водбліск гэтага слабага ззяння кладзецца на іхнія твары.
Яна ўздыхнула і падумала, што гэта ёй, толькі ёй, прынёс ён і паказаў гэткае дзіва.
А ён раптам амаль прашаптаў:
— Высахну вось па табе, як гэты кляпец. А каб ты са мною была — я ад хлеба толькі скарынку гарэлую браў бы, а астатняе табе.
— Не трэба, Юрка, — таксама шэптам сказала яна. І на повень лягла ноч. І паходня запалала на носе галаўной байды. Чырванаватае ззянне выхватвала з цемры дрыжачыя галіны дрэў з цэлымі шапкамі пены, што круціліся ў іх. А вакол была вада.
Дзяўчына накінула нарэшце хустку, як быццам для таго толькі, каб ён мог грэць пад ёю рукі. Абое маўчалі.
Юрка пакінуў яе толькі тады, калі трэба было ставіць на прыкол увесь караван. Града вырасла перад імі цёмнай смугою дрэў.
І раптам востры жаль пранізаў яе. Няхай бы бясконца сядзець вось так з ім, адчуваючы цеплыню яго рук.
А голас яго ўжо гучаў па ўсіх байдах.
— Пятрусь, ты чаго сядзіш? Заводзь нос, заводзь нос, табе кажу. Спрацаваўся мне, пад носам мух лавіўшы... Ану, узялі... І куды ты лявей тычкі прэш? Ану, яшчэ раз!
Нарэшце караван трывала стаў на водмелі. Людзі пачалі адвязваць чаўны. Але як толькі яна паспрабавала прабрацца да бацькавага чаўна, яго рука лягла ёй на далонь. Лёгка сціснула і адразу адпусціла пальцы.
— Не трэба. Сядай у мой човен. У вас будзе цесна.
Яна сказала сабе, што не хоча гэтага, але ногі самі па сабе пераступілі цераз борт. У яго човен.
Юрка марудзіў, адвязваючы канец. Апошнім сеў у чыйсці човен дзед Бяскішкін.
І толькі потым, калі астатнія чаўны аддзяліліся сажняў на сорак, пачала цурчаць вада за кармою іх чаўна.
Ноч адразу ахапіла іх, пагладзіла халаднаватай лапаю твары, заміргала ў вочы касматымі зоркамі.
Выразная — па вадзе — размова далятала ад чаўноў. А гэтыя двое маўчалі, і калені іхнія сутыкаліся. Яна адчувала, як ад кожнага руху вясла мерна скарачаюцца мускулы яго ног.
— Не паварочвайся, — шэптам сказаў ён, — пацярпі трошкі. Я табе сам скажу, калі трэба... Абагнём гай.
— Ды я і не хачу паварочвацца.
Ён быў вельмі ціхі. І чамусьці толькі адзін раз кінуў на хвіліну вясло і паклаў ёй руку на плячо. Якраз у гэтую хвіліну на ваду, масліста-чорную і густую, на дрэвы, на іхні згублены човен упаў першы ўдар звана. Яна здрыганулася, і ён адчуў гэтае дрыжанне.
Ёй здалося, што па яго твары слізгоча нейкі дзіўны ружаваты водбліск. Гэты водбліск наліваўся святлом, гусцеў. І нарэшце ўвесь яго твар — з глыбокімі ценямі ў вачніцах, і таму асабліва дарагі і страшны, — абліўся глыбокім, трапяткім барвянцам.
— Глядзі, — сказаў ён.
Яна лягла на бок, на сена, і ўбачыла астравок, што ўзнімаўся з вады. Т рохі ўбаку быў другі астравок, большы. На ім бялелі ствалы голых бяроз. Гэта былі клады.
А на маленькім астраўку ўздымалася да неба нешта як шацёр, белае, азоранае агнямі. Менавіта адтуль даляталі ўдары звана, а потым — спевы.
Востраў нягуста абляпілі чаўны.
Гарэлі паходні. Гарэла смаллё на невялічкіх плытах. Залаты водбліск клаўся на цяжкую, як ртуць, чорную ваду.
Юрка ўстаў і стаяў на карме, абапіраючыся на вясло. І ёй ужо не хацелася глядзець на маўклівы рэдкі натоўп, на агні па вадзе.
Толькі на яго.
Худы, з вузкімі клубамі, ён высіўся над ёю, медна-чырвоны, як індзеец. Валасы яго сталі зусім бурштынавымі. Цені і святло на твары. Зменлівы, добры, суровы.
Ёй стала страшна, што хутка ўсё скончыцца і зноў будзе плывучы кірмаш.
— Не трэба чакаць канца, — сказала яна, — лепш дамоў.
І ён паслухмяна павярнуў човен і стаў веславаць у цемру.
Азораная ззяннем паходняў, абкружаная шматкаляровымі
карагодамі чаўноў згасала і танула ў водах адразу за імі імгненная праява. Дрэвы закрылі яе, паглынулі воды і цемра, і адразу стала ясна, што тая праява чужая, што на шмат кіламетраў няма нічога, акрамя воднай роўнядзі, вычварнай вязі плыняў, пены ў вірах, пагружаных у ваду лясоў і цішыні.
І па гэтых водах, па залітай вадою зямлі імчаў толькі адзін іхні човен, іхні каўчэг. Недзе, напэўна, былі іншыя чаўны, але для гэтых двух нікога не існавала.
Наталя зноў падумала, што зноў давядзецца вярнуцца да сноў мінулага дня, што давядзецца расстацца з гэтым чалавекам, які цэлы дзень дакранаўся плячом да яе кален.
Яна ўзрадавалася і адначасна да дрыжыкаў спужалася, калі ён паклаў у човен вясло, і іх пачало плаўна праносіць паўз караван, што стаяў на якары. Яна яшчэ знайшла сілы спытаць:
— Нашто гэта?
— Ты хочаш туды? Я давязу... Яна не адказала яму нічога. Ён пачакаў трохі і падсеў да яе, абняў за моцныя і тонкія цлечы. Лёг поруч у сена, што пахла ліпеньскім сонцам. Моцна і пяшчотна прыіуліў да сябе.
Яе скура яшчэ не аддала цеплыні дня. І хлопец, заблытаўшыся пальцамі ў яе валасах, пачаў пакрываць яе твар незлічонымі пацалункамі. Яна адчувала шыяй цёплую футру рысі, вуснамі — цёплыя вусны хлопца, целам — усё яго напружанае гарачае цела.
Але яна дрыжала, як ад холаду, яму стала так шкада яе, што ён прыўстаў, выцягнуў з-пад ног тонкае і калючае навобмацак, вельмі цёплае пакрывала і старанна накрыў яе, падторкнуўшы краі пад гнуткую спіну.
Літасці ў яго хапіла толькі на гэта, таму што ён бачыў у змроку яе твар з вялізнымі вачніцамі. І ён ведаў: іншай дарогі няма ні яму, ні ёй. Усё вяло да гэтага: блакіт і золата дня, іскры на вадзе, фіялетавае свячэнне рыбы ў паўзмроку.
І гэтыя плечы, што дрыжалі пад яго рукой. — Юрка, любы, родны мой, не трэба, — казала яна, усё шчыльней прыціскаючыся да яго. І ён ведаў, і шкадаваў, і не мог злітавацца.
Т аму што ўсё гэта была мана.
Каўчэг гнала, злёгку пагойдваючы на хвалях, і зверху глядзелі на яго зоры, якія тысячы разоў бачылі гэта і ўсё ж не стамляліся зайздросціць зямной цеплыні.
На хвіліну яму здалося, што ён памыліўся, што маны няма, — і ён адхіліўся. Але яна адчувала яго дыханне, ёй больш за ўсё на свеце было шкада яго. І яна, нясмела ўзяўшы яго руку, пацалавала павязку на яго прадплеччы. І ўжо нічога не засталося, акрамя дрыготкіх адбіткаў зор у яе вачах.
Яны не пачулі, што іх лодка стала, што плынь надзейна пасадзіла яе на схіл кургана, які ўздымаў над вадою сваю макаўку.
Ды гэта было між іншым. Галоўным быў дзень, ноч, што наступіла, жорсткія мужчынскія далоні на плячах і кароткія пацалункі.
А потым ён заснуў, прыціснуўшыся да яе. «І гэта ўсё? — спытала ў сябе яна. І сама сабе адказала: — Так, усё. І што яшчэ трэба? Ён са мною, я з ім».
І нячутна, баючыся разбудзіць, дакранулася вуснамі да яго
рукі.
Яны вельмі моцна спалі, калі вада, прыбываючы ўсё вышэй, зняла каўчэг і зноў панесла яго па цячэнню. Мужчына спаў мёртвым сном. Жанчына прачнулася толькі на хвіліну і яшчэ шчыльней прынікла да соннага.
На верхавіне нейкага дрэва крычалі вароны.
— Хіба з такім можна загінуць? — шапнула яна. І апошнім сонным урыўкам думкі падумала:
«Дурныя вароны... Тут не канец. Тут пачатак». Яны спалі, а лодку несла і несла над затопленай зямлёй.
1960
Лятучы Галандзец
І
Паэт Лявон Касачэўскі даведаўся, што яму здрадзіла нявеста.
Месца, у якое ён уцёк гаіць сардэчную рану, было рыбацкім латвійскім гарадком, маленькім, як цацка. Уранку Касачэўскі прачнуўся, пачуў, як дождж шапаціць па лісцях, і засмяяўся, што няма больш нявесты, усё засталося ззаду, што прыйшла, магчыма, другая маладосць.
Але такое пачуццё былэ толькі ў першы дзень, пасля вярнулася туга. Ён сумаваў па Анэлі, па яе бязвольных далонях, па нахабных прыжмураных вачах. Пасля адышло і гэта, і толькі травяністы пах першых астраў нагадваў яму часам мінулую восень, шчасце.
Гарадок быў увесь заплецены мокрымі сецямі, прапахнуў рыбай і ёдам. Гэта была спрадвечная Балтыка, не захватаная да агіды рукамі цікаўна-абыякавых турыстаў. Пасівераныя рыбакі, бабулі з вялікімі чорнымі рукамі, бялявыя дзяўчаты.