Страница 148 из 158
Да кардынала дэ Брыкасара ўвайшоў яго сакратар.
— Прабачце, што трывожу вас, ваша высокапраасвяшчэнства, але вас хоча бачыць нейкая дама. Я растлумачыў, што ідзе кангрэс, што вы вельмі занятыя і нікога не можаце прыняць, але яна сказала, што будзе сядзець у вестыбюлі, пакуль у вас не знойдзецца ёй часу.
— У яе нейкае няшчасце, ваша прападобнасць?
— Нейкае вялікае няшчасце, ваша высокапраасвяшчэнства, гэта адразу відаць. Яна сказала, я павінен вам перадаць, што яе завуць Мэгі О’Ніл. — Сакратар вымавіў чужаземнае імя крыху нараспеў, і яно прагучала дзіўна, незнаёма.
Кардынал Ральф парывіста ўстаў, кроў адхлынула ад твару, і ён стаў зусім белы, белы, як яго валасы.
— Ваша высокапраасвяшчэнства! Вам блага?
— He, дзякуй, я зусім здаровы. Адмяніце пакуль усе сустрэчы, якія ў мяне назначаны, і адразу прывядзіце да мяне місіс О’ Ніл. Хто б мяне ні пытаўся, апроч яго святасці, я заняты.
Свяшчэннік пакланіўся і выйшаў. О’Ніл. Ну ведама! Як жа ён адразу не ўспомніў, гэта ж прозвішча маладога Дэна. Праўда, у кардынальскім палацы ўсе яго называюць проста Дэн. Вялікая памылка, не трэба было прымушаць яе чакаць. Калі Дэн — вельмі любімы пляменнік кардынала дэ Брыкасара, значыць, місіс О’Ніл — яго вельмі любімая сястра.
Калі Мэгі ўвайшла, кардынал Ральф ледзь яе пазнаў. З апошняе іх сустрэчы прайшло трынаццаць гадоў; ёй ужо пяцьдзесят тры, яму семдзесят адзін. Цяпер не толькі ён — абое яны пастарэлі. Яе твар не тое каб змяніўся, але зацвярдзеў, застыў, і выраз яго зусім іншы, чым уяўляў сабе ў думках Ральф. Колішнюю пяшчоту змянілі рэзкасць і з’едлівасць, скрозь пакорлівасць праступіла жалезная цвёрдасць; ён уяўляў яе пакорліваю і ўдумліваю святою, a яна болей падобная на пакутніцу, якая старэе, але застаецца непахісная і моцная духам. Як і раней, яна надзіва прыгожая, усё яшчэ ясныя серабрыста-шэрыя вочы, але і ў харастве і ў паглядзе суровасць, а некалі агністыя валасы пацямнелі, сталі карычняватыя, як у Дэна, але цьмяныя, няма таго жывога бляску. I, што найболей трывожна, яна вельмі хутка адводзіць вочы, і ён не паспявае здаволіць прагную і пяшчотную цікаўнасць.
З гэтай новай Мэгі ён не змог павітацца лёгка і проста.
— Прашу садзіцца. — Ён, увесь напружаны, паказаў ёй на крэсла.
— Дзякуй вам, — быў такі самы пыхлівы адказ.
Толькі калі яна села і ён зверху акінуў усю яе паглядам, ён заўважыў, што ў яе ацяклі ногі, апухлі костачкі.
— Мэгі! Няўжо ты прыляцела проста з Аўстраліі, нідзе не перадыхнула? Што здарылася?
— Але, я ляцела напрасткі, — сказала яна. — Дваццаць дзевяць гадзін запар, ад Джылі да Рыма, я сядзела ў самалётах, і мне не было чаго рабіць, толькі глядзець у акно на воблакі і думаць. — Яна гаварыла сухім, рэзкім голасам.
— Што ж здарылася? — нецярпліва, з трывогаю, са страхам паўтарыў Ральф.
Яна падняла галаву і паглядзела яму ў вочы.
Страшны пагляд, нешта ў ім змрочнае, халоднае; у Ральфа мароз па скуры пайшоў, ён міжволі падняў руку, даткнуўся да патыліцы, якая ажно пахаладзела.
— Дэн памёр, — сказала Мэгі.
Яго рука саслізнула, упала на калені, нібы рука анучнай лялькі, ён абмяк у крэсле.
— Памёр? — павольна перапытаў ён. — Памёр Дэн?!
— Ага. Патануў шэсць дзён назад на Крыце, танулі нейкія жанчыны, ён іх ратаваў.
Ральф сагнуўся ў крэсле, закрыў твар рукамі.
— Памёр? — пачула Мэгі здушаны голас. — Памёр Дэн? Мой слаўны хлопчык! He можа гэтага быць! Дэн... сапраўдны пастыр... якім я не здолеў стаць. У яго было ўсё, чаго не хапала мне. — Голас абарваўся. — У ім заўсёды гэта было... мы ўсе гэта разумелі... усе мы, хто не быў сапраўдным пастырам. Памёр?! О божа літасцівы!
— Кінь ты свайго літасцівага божаньку, Ральф, — сказала незнаёмка, якая сядзела насупраць. — У цябе ёсць справы важнейшыя. He для таго я тут, каб глядзець, як ты бядуеш, мне трэба твая дапамога. Я ляцела ўсе гэтыя гадзіны ў такую даль, каб сказаць табе пра гэта, усе гэтыя гадзіны толькі глядзела ў акно на воблакі і ведала, што Дэна болей няма. Пасля гэтага тваё гора мяне мала трывожыць.
Але калі ён адняў далоні ад твару і падняў галаву, яе мёртвае закамянелае сэрца ажыло, балюча сціснулася, моцна стукнула ў грудзях. Гэта Дэнаў твар, і на ім такія пакуты, якіх Дэну ўжо не давядзецца перанесці. О, дзякуй богу! Дзякуй богу, што ён памёр і ўжо не пройдзе праз такія мукі, як гэты чалавек, як я. Добра, што ён памёр, усё лепей, чым так пакутаваць.
— Чым я магу памагчы, Мэгі? — ціха папытаўся Ральф; ён заглушыў свае пачуцці, зноў надзеў прырослую не проста да твару — да душы маску яе духоўнага настаўніка.
— У Грэцыі хаос. Дэна пахавалі недзе на Крыце, і я не магу дабіцца — дзе, калі, чаму. Можа, мае просьбы, каб яго самалётам пераправілі на радзіму, бясконца затрымліваліся з-за міжусобіцы ў краіне, а на Крыце спёка, як у Аўстраліі. Пэўна, калі адразу ніхто яго не шукаў, там вырашылі, што ў яго і няма нікога, і пахавалі. — Мэгі напружана падалася наперад. — Я хачу забраць майго хлопчыка, Ральф, я хачу знайсці яго і прывезці дадому, няхай ён спіць у роднай зямлі. Калісьці я абяцала Джымсу, што Дэн астанецца ў Драгедзе — і пахаваю яго ў Драгедзе, хоць бы мне давялося паўзком прапаўзці па ўсіх могілках на Крыце. He будзе ён ляжаць у Рыме ў якім-небудзь раскошным склепе, як вашы свяшчэннікі, Ральф, не будзе гэтага, пакуль я жывая, калі трэба, я яго адваюю па законе. Ён павінен вярнуцца дадому.
— Ніхто не стане яго ў цябе адбіраць, Мэгі, — лагодна сказаў дэ Брыкасар. — Каталіцкай царкве трэба толькі, каб ён ляжаў у асвячонай зямлі. Я і сам завяшчаў, каб мяне пахавалі ў Драгедзе.
— Я не магу прарвацца праз бюракратычныя заслоны, — гаварыла далей Мэгі, не слухаючы. — Я не ведаю грэчаскай мовы, у мяне няма ні ўлады, ні аўтарытэту. Таму я і прыйшла да цябе, каб ты пусціў у ход свой аўтарытэт і сваю ўладу. Вярні мне майго сына, Ральф!
— Супакойся, Мэгі, мы яго вернем, хоць, можа, і не так хутка. Улада цяпер у левых, а яны супраць каталіцкай царквы. Але ў мяне ў Грэцыі ёсць сябры, усё, што трэба, будзе зроблена. Дазволь мне зараз жа пусціць машыну ў ход і не трывожся. Ён — пастыр святой царквы, і мы яго вернем.
Ён ужо пацягнуўся да шнура ад званка, але Мэгі паглядзела такім адчужаным і гнеўным позіркам, што рука яго застыла ў паветры.
— Ты не зразумеў, Ральф. Я не жадаю пускаць машыну ў ход. Я хачу вярнуць майго сына — не праз тыдзень, не праз месяц, зараз жа! Ты гаворыш па-грэчаску, ты можаш дастаць візы сабе і мне, ты даб’ешся. Паедзем з табою ў Грэцыю, паедзем зараз жа! I памажы мне вярнуць майго сына.
Многае адлюстравалася ў яго паглядзе — пяшчота і спачуванне, узрушэнне і смутак. I, аднак, гэта зноў быў пагляд царкоўнага служыцеля, цвярозы, разважлівы, асцярожны.
— Мэгі, я люблю твайго сына, як роднага, але я не магу цяпер паехаць з Рыма. Я не распараджаюся сабою — ты павінна была б гэта разумець, як ніхто другі. Як бы я ні бедаваў за цябе, як бы ні бедаваў я сам, я не магу паехаць з Рыма ў разгар важнейшага кангрэса. Я — памочнік яго святасці папы.
Яна адхіснулася, ашаломленая, абураная, потым паківала галавою і ледзь усміхнулася, нібы нейкі неадушаўлёны прадмет раптам надумаўся не падпарадкавацца яе волі; потым здрыганулася, правяла языком па сасмяглых вуснах і рашуча выпрасталася ў крэсле.
— Значыць, ты любіш майго сына, як роднага, Ральф? А што б ты зрабіў дзеля роднага сына? Вось так бы і сказаў маці яго, твайго роднага сына, — не, маўляў, прабачце, я вельмі заняты, у мяне няма часу? Мог бы ты сказаць такое маці свайго сына?
Дэнавы вочы і ўсё ж не такія, як у Дэна. Глядзяць на яе разгублена, бездапаможна, у іх — непамерны боль.
— У мяне няма сына, — гаворыць ён, — але мяне многаму навучыў твой сын, і сярод многага другога — як бы гэта ні было цяжка, вышэй за ўсё ставіць мой першы і адзіны абавязак — абавязак перад усемагутным богам.
— Дэн і твой сын, — сказала Мэгі.
Ральф шырока адкрыў вочы, перапытаў недарэчна:
— Што?
— Я сказала: Дэн і твой сын таксама. Калі я паехала з вострава Матлок, я была цяжарная. Дэнаў бацька не Люк О’Ніл, а ты.