Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 64 из 82

Але мне было жахлівым адкрыццё, што за бетоннымі сценамі, як вязні, сядзяць людзі такога самага лёсу. Калі прыслухацца, добра чутны стогны з суседніх камер. Калі надыходзіць ноч, як чорныя навальнічныя хмары, закіпаюць уздыхі, мармытанне, усхліпы — уся турма поўніцца праклёнамі.

— He я адзін, не я адзін, не я адзін...

А днём, калі спрыяе лёс, яны размяркоўваюць час паміж фізічнымі практыкаваннямі і ваннамі, а калі надараецца выпадак употайкі падзяліцца з кім-небудзь сваім лёсам, яны абменьваюцца паглядамі, жэстамі, перашэптваюцца...

— He я адзін, не я адзін, не я адзін...

Калі скласці ўсе гэтыя галасы, дык турма здасца велізарнаю. I зусім натуральна. Злачынствы, за якія яны абвінавачваюцца: вінаваты за тое, што страчаны твар, вінаваты за тое, што перарэзана сцяжынка, якая звязвае з другімі людзьмі, вінаваты за тое, што страчана разуменне гора і радасці другіх людзей, вінаваты за тое, што страчаны страх і радасць выяўлення невядомага ў другіх людзях, вінаваты за тое, што забыты абавязак ствараць дзеля другіх, вінаваты за тое, што страчана музыка, якую слухалі разам, — усё гэта злачынствы, якія выяўляюць адносіны паміж сучаснымі людзьмі, і, значыць, увесь наш свет цалкам — велізарная турма. Але ўсё роўна ў маё становішча вязня гэта не прынесла ніякіх перамен. Апрача таго, людзі страцілі духоўны твар, а я страціў і фізічны, і таму ў ступені нашай турэмнай ізаляцыі ёсць, натуральна, розніца. I ўсё ж я не мог адмовіцца ад надзеі. Я адрозніваўся ад пахаваных жывых, бо ў маім становішчы нешта было, што прымушала спадзявацца. Доля непаўнацэннага чалавека — без маскі ён не можа спяваць, не можа скрыжаваць зброі з ворагам, не можа стаць распуснікам, не можа бачыць сноў — доля не толькі мая, а агульная — яна стала тэмаю нашых размоў. Можа быць. Напэўна, іменна гэтак.

Ну, а ты што пра гэта думаеш? Калі я разважаю лагічна, ты таксама не выключэнне і, думаю, вымушана будзеш згадзіцца са мною. Безумоўна, згодзішся... Інакш ты не павінна была скідаць маю руку з свае спадніцы і заганяць мяне ў становішча параненае малпы, не павінна была моўчкі сачыць, як я трапляю ў пастку, што паставіла маска, не павінна была даводзіць мяне да такога адчаю, што мне не аставалася нічога другога, як напісаць гэтыя запіскі. Ты сама даказала, што твой твар, які належыць да энергічнага гарманічнага тыпу, быў не чым іншым, як маскаю. Значыць, па сутнасці, мы з табою абое рабое. Адказваць павінен быў не я адзін. У выніку — гэтыя запіскі. Я не мог пайсці, не напомніўшы пра сябе. З гэтым ты напэўна згодзішся.

Таму прашу цябе — не смейся з маіх запісак. Пісаць — не значыць проста падставіць замест фактаў рады літар, пісаць — значыць, выправіцца ў рызыкоўнае падарожжа. Я не хаджу па тых самых пэўных мясцінах, як паштальён. Ёсць і небяспека, ёсць і адкрыцці, ёсць і задавальненне. Аднойчы я адчуў, што варта жыць хоць бы толькі дзеля таго, каб пісаць, і падумаў нават, што хацеў бы пісаць і пісаць вось гэтак бясконца. Але я змог своечасова спыніць сябе. Мне, здаецца, удалося абмінуць смешнае становішча агіднага страшыдла, якое робіць падарункі недасяжнай яму дзяўчыне. Прыкінутыя тры дні я расцягнуў на чатыры, а потым на пяць — я не рабіў нічога, каб зарабіць час. Калі б ты прачытала гэтыя запіскі, узнаўленне сцяжынкі стала б нашаю агульнаю справаю.

Думаеш, я гавару ўсё гэта, каб падбадзёрыць сябе? Не, я не люблю быць надта вялікім аптымістам і не саманадзейны да дурасці. Я разумеў, што мы сябры, якія раняць адзін аднаго, і спадзяваўся таму на ўзаемнае спачуванне, асабліва чакаў — ці не падтрымаеш ты мяне? Добра, давай без ваганняў патушым святло. Калі тушаць святло, маскарад канчаецца. У цемры, калі няма ні твараў, ні масак, я хачу, каб мы яшчэ раз добра ўпэўніліся адно ў адным. Я хацеў бы паверыць у новую мелодыю, якая даносіцца да мяне з гэтае цемры.





Выйшаўшы з электрычкі, я адразу нырнуў у піўны бар. Я рэдка адчуваў такую ўдзячнасць да запацелае паверхні шклянкі з півам. Можа, таму, што маска не давала скуры твару дыхаць, у горле перасохла. Без перадыху праглынуў паўлітра, быццам помпа.

Алкаголь, якога я даўно не ўжываў, падзейнічаў хутчэй, чым звычайна.

Колер маскі, ведама, не змяніўся. Замест гэтага п’яўкі заварушыліся, стаў свярбець твар. Не звяртаючы ўвагі, я выпіў адну за адною другую, трэцюю шклянку, і сверб стаў сціхаць. Паддаўшыся настрою, я дабавіў яшчэ пляшку гарэлкі.

I тады раздражненне, якое адчуваў я дагэтуль, нечакана знікла, яго замяніла незвычайная фанабэрыстасць, агрэсіўнасць. Маска, здавалася, таксама пачала п’янець.

Твары, твары, твары, твары... Выцер вочы, мокрыя ад слёз, а не ад поту, і праз тытунёвы дым і шум стаў дэманстратыўна, са злосцю разглядаць незлічоныя твары, якімі была бітком набіта зала. Ну, што хочаш сказаць? Гавары!.. Не будзеш гаварыць? Няма чаго сказаць. Ды адно тое, што ты вярзеш лухту, запіваючы яе гарэлкаю, даказвае, што ты шануеш маску, што яна табе патрэбна да зарэзу... Лаючы сваіх начальнікаў, выхваляючыся, які важны чалавек знаёмы знаёмага твайго знаёмага, ты распальваўся з усяе сілы, стараючыся стаць другім, схаваць свой сапраўдны твар... Усё роўна бяздарны спосаб ап’янення... Сапраўдны твар ніколі б не мог напіцца, як напілася маска... Калі кажуць, што сапраўдны твар напіўся, гэта значыць, што ён стаў п’яным сапраўдным тварам... Хай сабе ён нап’ецца да смерці — будзе толькі вельмі падобны на маску, але ніколі не ператворыцца ў маску... Калі б пажадаў я сцерці сваё імя, працу, сям’ю і нават грамадзянства — даволі прыняць смяротную дозу атруты... А з маскаю ўсё іначай... Спосаб ап’янення ў яе геніяльны... He беручы ні кроплі алкаголю, яна можа стаць зусім ні на кога не пaдобным чалавекам... Вось як я цяпер! Я? He, гэта маска... Забыўшыся пра толькі што заключанае перамір’е, маска зноў дазваляе сабе чорт ведае што... Але і сам я напіўся нібыта не меней за маску, і мне зусім не хацелася надта лаяць яе. Ці мог я ў такім стане адказваць за заўтрашні план?.. У голасе, які пытаецца пра гэта, не было настойлівасці, і я не палічыўся з даўнім патрабаваннем маскі даць ёй аўтаномію.

Маска ўсё таўсцела і таўсцела. Урэшце яна ператварылася ў крэпасць, якая абступала мяне бетонам, і, закаваны ў гэтыя бетонныя даспехі, я выбраўся на начную вуліцу, адчуваючы сябе, як цяжка экіпіраваны паляўнічы. Праз амбразуры вуліцы здаваліся прыстанішчам бяздомных кошак-пачвар. Яны бадзяліся, збіраліся ў чароды, недаверліва прынюхваліся, спрабуючы знайсці свае адарваныя хвасты, вушы, лапы. Я схаваўся за маску, якая не мела ні імя, ні грамадскага становішча, ні пражытых гадоў, і, горды ад перамогі, даверыўся бяспецы, якую сам сабе гарантаваў. Калі іх свабода — гэта свабода матавага шкла, дык мая — свабода выключна празрыстага шкла. Імгненна закіпела жаданне: неадольна захацелася неадкладна пакарыстацца гэтаю свабодаю. Напраўду, мэта жыцця, мабыць, — трата свабоды. Чалавек часта робіць так, быццам мэта жыцця — назапасіць свабоды, але ці не ёсць гэта ілюзія, якая вынікае з хранічнай нястачы свабоды? Якраз таму, што людзі ставяць перад сабою такую мэту, яны пачынаюць разважаць пра канец сусвету, і адно з двух: або ператвараюцца ў скнараў, або становяцца рэлігійнымі фанатыкамі... Гэта праўда, нават заўтрашні план сам па сабе не можа быць мэтаю. Спакусіўшы цябе, я хачу тым самым пашырыць сферу дзеяння майго пашпарта, і, такім чынам, план трэба разглядаць як нейкі сродак. Ва ўсякім выпадку, важна, што я зраблю ц я п е р. Цяпер трэба, не шкадуючы, выкарыстаць усе магчымасці маскі да апошняй.

ПАСТСКРЫПТУМ. Усё гэта, безумоўна, сафізмы, насычаныя алкаголем. Я толькі што даверыў табе сваё каханне, і пакуль словы гэтыя яшчэ гучаць, я не павінен навязваць табе сваіх нахабных доказаў, якія бессаромна апраўдваюць нашу патаемную сувязь. Я не павінен навязваць іх і самому сабе. I таму што не павінен, дык падрыхтаваў развітальны зварот да маскі. Але вось што мяне крыху трывожыць: я не магу адкараскацца ад думкі, што нават цвярозы карыстаўся тымі самымі доказамі, бо лічыў, што яны зусім натуральныя...