Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 49 из 82

Я нечакана спыніўся каля жаночае маскі. Яна вісела на нізкай паўкруглай перагародцы, якая злучала дзве сцяны, — у такім размяшчэнні была пэўная задума. На фоне чорнага палатна гэтая маска, нібы адказваючы на мой пагляд, здавалася, павярнулася да мяне. I шырока, на ўвесь твар, усміхнулася, нібыта чакала мяне...

Не, гэта была, безумоўна, галюцынацыя. Рухалася не маска, а святло, што падала на яе. Ззаду былі схаваны малюсенькія лямпачкі, яны ў пэўным парадку загараліся і тухлі, ствараючы незвычайны эфект. Напраўду, спрытна яны гэта падстроілі. I хоць я і разумеў, што гэта падстроена, ува мне ўсё яшчэ звінеў перапуд. I я без ніякага супраціўлення назаўсёды адмовіўся ад думкі, звыклай і наіўнай, што маскі Но не маюць выразу...

Маска не толькі была старанна прадумана. Яна адрознівалася ад астатніх і бліскучым выкананнем.

А вось адрозненне яе было незразумелае, міжволі раздражняла. Аднак, калі я яшчэ раз абышоў залу і вярнуўся да жаночае маскі, яна раптам стала бачыцца мне нібыта ў фокусе схаванае лінзы, і я разгадаў загадку. Тое, што бачыў я перад сабою, было не твар. Яно толькі прыкідвалася тварам, а на самай справе было звычайным чэрапам, абцягнутым тонкаю плёнкаю. У іншых масках, масках старых, намнога выразней праглядваліся рысы шкілета, але гэтая жаночая маска, на першы погляд нібыта круглая, калі прыгледзецца, болей за астатнія нагадвала іменна чэрап. Рэльефна вылучаліся косці пераносіцы, лоба, скулаў, падбародка. Яны былі ўзноўлены так дакладна, што на памяць прыходзіў анатамічны атлас, і рух ценяў услед за перамешчаным святлом ператвараўся ў міміку. Мутнасць клею, якая нагадвае стары фарфор... Сетка тонкіх трэшчын, што ўкрывае паверхню... Бель і цеплыня бярвёнаў, якія ляжаць на беразе пад ветрам і дажджом... А можа, маскі Но бяруць свой пачатак ад чарапоў?

Аднак не ўсе жаночыя маскі былі такія. Праз стагоддзі яны ператвараліся ў звычайныя твары без ніякага выразу, падобныя на абабраную дыню. Можа, таму, што няправільна была вытлумачана задума першых стваральнікаў масак і ўся ўвага аддадзена самому працэсу стварэння маскі, аказаліся выпушчанымі асноўныя косці і падкрэслена толькі страта выразу.

Нечакана я сутыкнуўся з жахліваю гіпотэзаю. Чаму стваральнікі першых масак Но спрабавалі адолець межы выразу і ўрэшце дайшлі да чэрапа? Ведама, не для таго, каб сцерці выраз. Адыход ад штодзённага выразу можна ўбачыць і ў іншых масках. Калі ж паглыбіць пошукі прынцыповае розніцы, дык яна, напэўна, будзе ў тым, што, у адрозненне ад звычайных масак, у якіх гэты адыход вырашаны ў пазітыўным кірунку, у масках Но ён ідзе ў негатыўным. Калі хочаш надаць выраз — можна надаць які хочаш, але ўсё роўна гэта будзе парожняя, пустая пасудзіна. Адлюстраванне ў люстэрку, якое можа ўсяляк змяняцца залежна ад таго, хто ў яго глядзіцца.

Гэта не значыць, безумоўна, што трэба вяртаць да чэрапа мой твар, хоць ён разросся гнездзішчамі п’явак. А ці не было ва універсальным метадзе стварэння масак Но, калі твар ператвараўся ў пустую пасудзіну, асноўнага прынцыпу, які выяўляўся б цераз любы твар, любы выраз, любую маску? He твар, які ствараеш сам, а твар, створаны другім... He выраз, які выбіраеш сам, а выраз, які выбірае другі... Гэта, напэўна, правільна... Страшыдла — гэта нешта створанае, а значыць, і чалавека можна назваць стварэннем... Творца ж, калі гаворка ідзе пра пісьмо, назва якому — выраз, выступае не як адпраўшчык, а хутчэй як атрымальнік.

Ці не вытлумачвае гэта ўсіх маіх цяжкасцяў з выбарам тыпу твару, усіх маіх бясконцых блуканняў?.. Колькі марак ні наклей на пісьмо без адраса, яно ўсё роўна вернецца назад... Пачакай, ёсць, здаецца, выйсце. Што, калі паказаць каму-небудзь альбом вызначаных тыпаў твару, які выкарыстоўваецца для даведак, і папрасіць, каб выбралі... Але каму ж, каму? Ну хіба не зразумела? Ведама, табе!.. Апрача цябе, ніхто не можа быць атрымальнікам маіх пісьмаў!

Спачатку я сціпла вырашыў, што маё адкрыццё зусім малое, але паступова хвалі святла, што абкружалі мяне, пачалі мяняць даўжыню, сэрца маё зацеплілася ўсмешкаю, і, каб яе не задзьмула, я засланіў яе далонямі і асцярожна, быццам спускаючыся з гары, пакінуў залу.

Напраўду, гэта не маленькае адкрыццё, калі ўдасца яго рэалізаваць... Узнікне, напэўна, мноства праблем лем з пункту погляду працэдуры... Безумоўна, узнікне... Але, тым не менш, такім шляхам, можа, удасца ўсё ўладзіць. Я рашуча пайшоў у рэстаран. Без аніякага вагання я ўварваўся ў такую адметную ад залы «Выстаўка масак Но» распаленую атмасферу вялікага рэстарана, які ў сваім на дзве старонкі меню ахоплівае ўсе без выключэння віды апетыту. I не з вялікай смеласці. Надзея, што мільганула, зрабіла, хутчэй, мяне баязліўцам. У сваім імкненні як найхутчэй наладзіць сувязь паміж пісьмом і адрасам, я зрабіўся дзіцем, якое перабягае цемру, заткнуўшы вушы.

I тут перада мною, загароджваючы дарогу, вырас мужчына. Спакой, з якім ён не спяшаючыся — здавалася, ніколі не адарвецца — разглядаў выстаўленую ў вітрыне яду, якраз павінен быў быць уласцівы чалавеку, якога я так настойліва шукаў. Пераканаўшыся, што гады яго падыходзяць і што на твары ў яго няма шрамаў, я адразу вырашыў — хай будзе ён.

Мужчына, адважыўшыся нарэшце, купіў у касе талон на булён з локшынаю, а ўслед за ім і я купіў талоны на каву і бутэрброды. З бязвінным выразам твару, ды якога твару — у мяне ж яго не было, — я моўчкі сеў за адзін стол з мужчынам, напроці яго. Відно было па ім, што ён незадаволены, бо былі і яшчэ незанятыя месцы, але ён нічога не сказаў. Маладзенькая афіцыянтка пракалола нашы талоны, прынесла вады і пайшла. Я зняў павязку, заціснуў у зубах цыгарэту і, адчуваючы, што чалавек збянтэжаны, пачаў здалёку.

— Даруйце, я вам не замінаю?..





— He, не. Што вы.

— А вунь дзіця так вытрашчылася на мяне, што зусім забылася пра сваё жаданае марожанае. Чаго добрага, яно падумае, што вы мой прыяцель.

— Ну дык перасядзьце куды-небудзь!

— Ведама, гэта можна. Але перш я хацеў бы папытацца ў вас вось пра што, проста, без хітрыкаў... Вы не хочаце атрымаць дзесяць тысяч іен? Калі яны вам не патрэбныя, я адразу перайду на другое месца.

На твары ў майго суседа адбілася такая жывая цікавасць, што нават стала шкада яго; не марудзячы, я пачаў цягнуць сетку.

— Просьба не надта вялікая... Рызыкі ніякае, многа часу не зойме — і дзесяць тысяч іен вашы. Ну, як? Будзеце слухаць, ці мне перасесці?..

Мужчына аблізваў кончыкам языка жоўтыя зубы, ніжняе павека ў яго нервова торгалася. Паводле Бланавай класіфікацыі, у яго быў паўнаваты твар з цэнтрам, зрушаным уніз. Увогуле, гэта быў тып твару — я яго забракаваў — чалавека, засяроджанага на сваім унутраным свеце і антаганістычнага навакольнаму. Але мне была важная толькі будова скуры, і таму тып твару не меў істотнага значэння. У адносінах з людзьмі такога тыпу трэба пільна сачыць, каб не параніць іх самалюбства.

ПАСТСКРЫПТУМ. З усяе сілы адкідаючы твары як мерку на сябе, у адносінах да другіх я лёгка ёю карыстаюся. Падобны падыход вельмі адвольны? Ведама, адвольны, але ставіцца гэтак да сябе было б дужа вялікаю раскошаю. Самымі злоснымі крытыкамі найчасцей становяцца абяздоленыя.

— Але ж... — Як бы даючы зразумець, што мы можам дамовіцца, калі нават ён і не будзе глядзець мне ў твар, ён сядзеў, закінуўшы рукі за спінку крэсла, няёмка круцячыся, з наўмыснаю ўвагаю глядзеў у бок выхаду да ліфта на дах, дзе дзецям раздавалі гасцінцы — паветраныя шарыкі. — Ну што ж, давайце абмяркуем...

— Вы мяне супакоілі. Добра было б нам пайсці куды-небудзь. Надта ўжо тут афіцыянткі няветлыя. Але спачатку я хачу дамовіцца пра адну дэталь. Я не пытаюся ў вас пра ваш занятак — не пытайцеся і вы.

— Урэшце, ці ёсць такі занятак, пра які варта было б пытацца? Дый калі я не буду нічога ведаць, то потым не давядзецца апраўдвацца перад другімі.

— Калі мы ўсё скончым, я хачу, каб вы пра ўсё забыліся, быццам мы ніколі не сустракаліся.