Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 82

— Пан старшыня суда, пазнаёмце мяне з абвінавачаннем! Скажыце мне, якія прычыны такога прыгавору?! Падсудны стоячы чакае вашага адказу!

З туману пачуўся голас, які здаўся яму знаёмым. Ён быў глухі, быццам гаварыў у тэлефонную трубку.

— Адзін з сотні ўрэшце...

— Што такое?

— Я гавару, у Японіі на сто чалавек прыпадае адзін шызафрэнік.

— Даруйце, вы пра што?..

— Дарэчы, клептаманаў таксама адзін на сто...

— Ды пра што гэта вы?

— Калі на аднаполую любоў сярод мужчын прыпадае адзін працэнт, дык, натуральна, такі павінен быць працэнт і сярод жанчын. I калі прадаўжаць — адзін працэнт падпальшчыкаў, адзін працэнт алкаголікаў, адзін працэнт псіхічна адсталых, адзін працэнт полавых маньякаў, адзін працэнт хворых на манію вялікасці, адзін працэнт закаранелых жулікаў, адзін працэнт імпатэнтаў, адзін працэнт тэрарыстаў, адзін працэнт параноікаў...

— Прашу вас, даволі гэтых недарэчнасцей...

— Добра, слухай спакойна. Дадамо боязь вышыні, боязь хуткасці, наркаманію, істэрыю, апанаваных думкаю пра забойства, сіфілітыкаў, прыдуркаватых... — таксама па адным працэнце, і атрымаем у агуле дваццаць працэнтаў... I калі ты можаш такім самым чынам пералічыць яшчэ восемдзесят анамалій... а няма ніякага сумнення, што зрабіць гэта можна... значыць, зусім дакладна, статыстыкай даказана, што ўсе сто працэнтаў людзей ненармальныя.

— Ну што за бязглуздзіца! Калі б не было нейкага эталона нармальнасці, дык нельга было б вызначыць і ненармальнасць!

— He трэба гэтак, я ж проста хацеў цябе абараніць...

— Абараніць?..

— Дык жа ты сам наўрад ці будзеш настойваць, што вінаваты?

— Ведама, не буду!

— Тады трымайся болей памяркоўна. Якое б выключнае ні было становішча, мучыць сябе няма ніякага сэнсу. Людзі не абавязаны ратаваць дзіўнага вусеня, калі ў іх няма права і судзіць яго...

— Вусеня?.. Чаму пратэст супраць незаконнага затрымання ператварыў мяне ў дзіўнага вусеня?

— He прыкідвайся прасцячком... У Японіі, тыповым раёне высокай вільготнасці і тэмпературы, восемдзесят сем працэнтаў стыхійных няшчасцяў прыпадае на паводку, і ў гэтых умовах страты ад пяску, што разносіцца ветрам, складуць тысячную частку працэнта. Браць гэта ў разлік — усё роўна што прымаць спецыяльнае заканадаўства па барацьбе з паводкаю ў Сахары. Пустая гаворка!

— Я пра гэта і не гавару. Гаворка ідзе пра мае пакуты... Незаконнае затрыманне ўсюды незаконнае — няхай сабе гэта ў пустыні ці на балоце!

— А, незаконнае затрыманне... Але ж мяжы людской прагнасці няма... I ты ласы кавалак вяскоўцам...

— Г... таксама яда! Але ў мяне сэнс існавання ў нечым вышэйшым!

— Усё гэта правільна. Значыць, ты лічыш, што табе не пашанцавала з тваім любімым пяском?

— He пашанцавала?..

— Я чуў, на свеце ёсць людзі, якія траха не дзесяць гадоў жыцця патрацілі на тое, каб знайсці лік з дакладнасцю да некалькіх соцень знакаў... Выдатна... У гэтым, напэўна, таксама ёсць свой сэнс жыцця... Але іменна таму, што ты адмаўляеш падобны сэнс жыцця, ты ўрэшце і завалокся ў гэтыя мясціны.

— Няпраўда! I пясок мае іншыя ўласцівасці!.. Хіба не ідзе ён, напрыклад, на формы для выліўкі?.. Потым — ён неабходная сыравіна, якая надае цвёрдасць бетону... Яшчэ выкарыстоўваецца лёгкасць выдалення з пяску бактэрый і пустазелля пры даследаваннях у галіне сельскай гаспадаркі... Нарэшце, рабіліся доследы, каб ператварыць пясок ва ўрадлівую глебу шляхам дабаўлення ў яго энзімаў... Увогуле, пра пясок так проста не скажаш...

— Ну і ну, старанна ж ты схіляеш у сваю веру... А калі ты памяняеш свой погляд, я не буду ведаць, чаму ж нарэшце верыць.

— Мне агідна здохнуць, як сабаку!





— А хіба не ўсё роўна... Рыба, што сарвалася з кручка, заўсёды здаецца большаю за злоўленую.

— Халера на цябе, хто ж ты нарэшце?

Пасмы туману падняліся ўгору. I адказу ён не пачуў.

Цяпер слізганулі ўніз пучкі святла. Святло асляпіла яго. Сціснуўшы зубы, ён не дазволіў стоме, камячку вязкай сажы, што падкаціўся пад горла, вырвацца вонкі.

Каркнула варона. Успомніўшы пра пастку, ён вырашыў пайсці за хату і агледзець сваю «Надзею». Надзеі на поспех амаль няма, але гэты занятак цікавейшы, чым часопіс з карыкатурамі.

Прынада была нечапаная. Рыбіна пратухла і засмярдзелася. З таго часу, як ён змайстраваў «Надзею», прайшло болей за два тыдні — і ніякіх вынікаў. У чым жа прычына? Канструкцыя сіла была як трэба. Калі б варона схапіла прынаду, адразу б усілілася. Але вароны нават не глядзелі ў той бок, і тут ужо нічога не зробіш...

Што ж не падабалася ім у яго «Надзеі»? З якога боку ні зірні, падазронага ў сіле няма нічога. Вароны, шукаючы адкідаў, што пакінуў чалавек, увесь час таўкуцца каля чалавечага жытла, і яны вельмі асцярожныя. Вароны нібыта спаборнічаюць з чалавекам, хто цярплівейшы. Пакуль у іх свядомасці тухлая рыба не ператварылася ў гэтай яме ў нешта зусім звычайнае... Наадварот, калі цярплівасць пачынаеш успрымаць як паражэнне, вось тады і пачынаецца сапраўднае паражэнне. Таму ж ён і выбраў назву «Надзея». Мыс Добрай Надзеі — не Гібралтар, а Кейптаўн.

Паволі цягнучы ногі, мужчына вярнуўся ў хату... Зноў прыйшла пара спаць.

29

Калі жанчына ўбачыла яго, яна патушыла лямпу, быццам цяпер толькі ўспомніла пра гэта, і перасела бліжэй да дзвярэй, дзе было святлей. Няўжо яна яшчэ збіраецца працаваць? Раптам яму нясцерпна захацелася зрабіць што-небудзь. Падскочыўшы да жанчыны, ён скінуў з яе каленяў каробку з пацеркамі. Чорныя шарыкі, падобныя на плады нейкай расліны, рассыпаліся па таку і імгненна патанулі ў пяску. Жанчына спалохана глядзела на яго, не вымавіўшы ні слова. Мужчына стаяў з атупелым тварам. З абмяклых губ разам з жоўтаю слінаю сарваўся жаласны стогн.

— Дарэмна... Непатрэбная трата сілы... Зусім дарэмная гаворка... Ты ўжо атручаная...

Жанчына маўчала. Яна ціха перабірала пальцамі ўжо нанізаныя на нітку пацеркі. Яны зіхацелі, як маленькія кавалачкі жэле. Мужчыну кінула ў дрыжыкі: калатня знізу, ад ног, падымалася вышэй і вышэй.

— Гэта праўда. Скора ўжо нічога нельга будзе змяніць. Калі-небудзь мы ўбачым, што ў вёсцы не асталося ні аднаго чалавека, толькі мы... Я ўсё разумею... Праўда... Праўда... Цяпер гэта нас чакае, і вельмі скора... I калі зразумеем, што нам здрадзілі, будзе позна... Мы аддалі ўсю сілу, але ім на гэта напляваць.

Жанчына, не зводзячы вачэй з пацерак, сціснутых у руках, паволі махала галавою.

— He, не можа гэтага быць. Як яны будуць жыць, калі пойдуць адсюль, — адразу ж не ўладкуешся?..

— А ці не ўсё роўна? Хіба існаванне тут хоць крыху падобнае на жыццё?

— Але ёсць пясок, і таму...

— Пясок? — Мужчына, сціснуўшы зубы, павёў падбародкам. — Пясок, а навошта ён? Капейчыны на ім не заробіш, толькі жыццё марнуецца.

— Няпраўда, яго прадаюць.

— Прадаюць?.. Каму ж яны яго прадаюць?

— Ну, на гэта, на будаўніцтва, ці што... Яго ў бетон дабаўляюць...

— He балбачы! Здорава было б, калі б у цэмент дабаўлялі гэты пясок — у ім жа поўна солі. Па-першае, гэта было б парушэнне будаўнічых законаў ці інструкцый...

— Ну, ведама, употайкі прадаюць... Вывозяць за паўцаны...

— Пляцеш абы-што! Калі падмурак ці плаціна разваляцца, іх не выратуе тое, што пясок быў за паўцаны ці нават дарэмны!

Жанчына зірнула на яго сярдзіта. Потым апусціла вочы, у тоне яе не было ўжо пакорнасці.

— А нам што, не ўсё роўна? He наш гэта клопат, і няма чаго тыцкацца!

Мужчына збянтэжыўся. Перамена, што адбылася ў ёй, вельмі ўражвала — быццам з твару ў яе ўпала маска. Гэта быў перад ім твар вёскі ў абліччы жанчыны. Да гэтага часу вёска была яму толькі катам. Ці шкоднаю драпежнаю раслінаю, ненажэрнаю актыніяй. Сябе ж ён лічыў няшчаснаю, выпадкова схопленаю ахвяраю. Аднак тутэйшыя вяскоўцы лічылі, што гэта яны занядбаныя і забытыя ўсімі. Натуральна, у іх не было ніякіх абавязацельстваў у дачыненні да астатняга свету. Значыць, калі ён быў з тых, хто прычыняе сялянам шкоду, дык іклы, што выставіла вёска, нацэленыя ў яго. Ён яшчэ ні разу гэтак не думаў пра свае адносіны да вёскі. Не дзіва, што вяскоўцы разгубіліся. Хай сабе і гэтак, але адступіць — усё роўна што самому перакрэсліць сваю праўду!