Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 82

Да ўчарашняга дня яго проста ванітавала ад аднае думкі пра гэты пейзаж. I ён думаў са злосцю, што яма і напраўду вельмі падыходзіць такой шэльме, як гэты паштовачнік.

Але навошта, думаючы пра жыццё ў той яме і пра пейзаж, проціставіць адно аднаму? Прыгожы пейзаж не абавязкова павінен быць велікадушны да чалавека.

Нарэшце і яго галоўная ідэя разглядаць пясок як адмаўленне стабільнасці не такая ўжо неразумная. Рух аднае восьмай міліметра. Свет, дзе існаванне — ланцуг станаў... Іншымі словамі, краса яго належыць смерці. Краса смерці, якая праходзіць цераз хараство яго велізарнай разбуральнай сілы, пакінутых ім руінаў... Не, пачакай. Так можа трапіць у няёмкае становішча, калі яму скажуць, што іменна таму ён схапіў і не выпускае з рук білета ў абодва канцы. Фільмы пра звяроў, пра вайну такія праўдзівыя, што могуць нават давесці да сардэчнага прыступу, але выходзіш з кіно — і цябе зноў чакае сённяшні дзень, прадаўжэнне ўчарашняга. У гэтым іх хараство... Дзе знойдзецца дурань, які пойдзе ў кіно, прыхапіўшы стрэльбу, зараджаную сапраўднымі патронамі?.. Хто можа прыстасавацца да жыцця ў пустыні? Некаторыя віды мышэй, якія замест вады п’юць сваю мачу, насякомыя, што кормяцца тухлым мясам, ды яшчэ, напэўна, качэўнікі, якія ведаюць пра білет толькі ў адзін канец. Калі з самага пачатку цвёрда ведаць, што білет заўсёды ў адзін канец, дык можна спакойна жыць, не робячы марных спроб паўзці, прыціскаючыся да пяску, быццам вустрыца да скалы. А гэтыя ж качэўнікі нават назву сваю памянялі і называюцца цяпер жывёлаводамі.

Напраўду, варта было б, напэўна, расказаць пра ўсё гэта жанчыне... Трэба было б праспяваць ёй песню, і такой бяды, калі б сказіў крыху матыў, песню пяскоў, якая не мае нічога агульнага з білетам у абодва канцы... У найлепшым выпадку ён быў бы не болей чым нікчэмным пераймальнікам такога сэрцаеда, які спрабуе злавіць жанчыну на кручок, нажыўлены іншым, адмысловым жыццём. З ног да галавы засыпаны пяском, не маючы сілы паварушыцца, ён падобны на кошку, пасаджаную ў папяровы мяшок.

Раптоўна грыва дзюны патухла... Усё навокал агарнула цемра. Імгненна сціх вецер, набраўшы новае сілы, вярнуўся туман. Можа, таму так хутка зайшло сонца.

...Ну, цяпер у дарогу.

25

Трэба паспець прайсці ўсю вёску да таго, як пераносчыкі кашоў возьмуцца за работу. Астаецца каля гадзіны. Для большай бяспекі скажам — мінут сорак пяць. Мыс, як бы апяразваючы вёску, робіць глыбокі выгін і даходзіць да заліва, што на ўсходзе ад вёскі. Таму праз яе праходзіць толькі адна вузенькая дарога. Але там ужо канчаюцца стромыя скалы, што грувасціліся на мысе, яны згладжваюцца і саступаюць месца невысокім пясчаным дзюнам. Пакінуўшы справа вясковыя агні, што мігацяць праз дымку, і ідучы проста, трапіш іменна на гэтае месца. Адлегласць... кіламетраў два. Там канчаецца вёска, сям-там трапляюцца палі земляных арэхаў, зноў пясок і ніякага жытла. А калі пяройдзеш узгорак, можна ісці і па дарозе. Гэта ўезджаная гліністая дарога, і калі бегчы па ёй колькі ёсць сілы, дык мінут праз пятнаццаць будзеш на шашы. А там ужо ўсё ў парадку. Там і аўтобусы ходзяць, і людзі нармальныя.

У яго астаецца трыццаць мінут, каб прайсці вёску. Ісці па пяску чатыры кіламетры за гадзіну нялёгка. I не столькі праз тое, што грузнуць ногі, колькі з-за непатрэбных намаганняў, якія даводзіцца рабіць, калі пераступаеш. А калі бяжыш, дык яшчэ болей сілы траціш дарэмна. Найлепей ісці, мабыць, шырока ступаючы. Але, высмоктваючы сілу, пясок, нібыта ўзнагароджваючы за гэта, паглынае грук крокаў. Ісці, не баючыся шастання пяску, — у гэтым ёсць таксама свае перавагі.

Глядзі пад ногі!.. Упасці не страшна, а спатыкнешся аб якую-небудзь малюсенькую купінку ці выбоінку і вытнеш калена. Ды калі толькі калена вытнеш — глупства, а раптам звалішся ў другую пясчаную яму, тады што?! Навокал цемра. Як скінуць вокам, скрозь бязладна застылыя хвалі пяску. Вялізныя хвалі зрэзаны дробнымі, а на тых, нібыта брыжы, яшчэ драбнейшыя. Агні ў вёсцы, якія павінны былі служыць арыенцірам, хаваліся за грабянямі гэтых бясконцых хваляў і толькі часам траплялі на вока. Трэба ісці наперад, інтуітыўна трымаючыся правільнага кірунку. Але кожны раз выяўлялася, што дапушчана вялікая памылка. Можа, таму, што імкненне ўбачыць гэтыя агні несвядома прымушала яго ўвесь час вышукваць высокія мясціны.

Ну вось, зноў збіўся! Трэба лявей!.. Прайшоў бы ён гэтак яшчэ крыху, і апынуўся б проста ў вёсцы... Здаравенныя тры дзюны ўжо перайшоў, а агні амаль зусім не пабліжэлі... нібыта ходзіш кругамі. Пот залівае вочы... Прыпыніцца хоць на імгненне і дыхнуць на поўныя грудзі.





Жанчына, напэўна, ужо прачнулася... Што яна падумала, калі расплюшчыла вочы і ўбачыла, што мяне няма?.. Хоць наўрад ці адразу спахапілася... Падумала нябось, што я пайшоў за хату па сваёй патрэбе... Сёння вечарам жанчына ўстала... Здзівілася, што праспала дацямна, і спехам вылезла з-пад коўдры... He астылае ад пацалункаў цела напамінала пра тое, што было паміж імі гэтае раніцы... Намацваючы рукою лямпу, жанчына, пэўна, усміхнулася.

Ды ўсё ж у мяне няма прычын адчуваць сябе абавязаным ёй ці адказным за яе ўсмешку. Што страціць жанчына, калі я знікну? Толькі маленькі кавалачак жыцця. Радыё і люстэрка заменяць ёй мяне.

«Дык вы мне і напраўду вялікая падмога... Усё змянілася з таго часу, як я не адна. Штораніцы я магу спакойна, не спяшаючыся, займацца сваімі справамі, і працу цяпер удаецца канчаць на гадзіны дзве хутчэй... Я думаю, што скора змагу папрасіць арцель даць мне якую-небудзь дадатковую работу, якую я магла б рабіць дома... Назбіраю грошай... I, можа, куплю нарэшце радыё, люстэрка і яшчэ што-небудзь...»

(Радыё і люстэрка... Радыё і люстэрка...) Нейкая дакучлівая ідэя — нібыта ўсё чалавечае жыццё складаецца з гэтых двух прадметаў. Папраўдзе, радыё і люстэрка маюць нешта агульнае: яны звязваюць людзей. А можа, яны адлюстроўваюць гарачае жаданне пранікнуць у сутнасць чалавечага існавання. Добра, як толькі выберуся адсюль, адразу куплю прыёмнік і пашлю ёй. Патрачу ўсе свае грошы, але куплю ёй найлепшы транзістар.

А вось люстэрка — не ведаю, ці варта абяцаць. Люстэрка тут хутка папсуецца... Ужо праз паўгода адстане амальгама, а праз год яно пацямнее ад пяску, які ўвесь час носіцца ў паветры... Як і тое люстэрка, што цяпер у яе: калі бачыш у ім адно вока, дык не бачыш носа, калі бачыш нос, дык не бачыш рота. Не, справа не толькі ў тым, што люстэрка хутка сапсуецца. Люстэрка адрозніваецца ад радыё: каб яно стала сродкам сувязі, патрэбен найперш чалавек, які будзе глядзець на яе. Які толк цяпер з люстэрка, калі яе ніхто не ўбачыць?

Пачакай, трэба прыслухацца!.. Нешта ён вельмі доўга ходзіць па сваёй патрэбе... А можа?.. Во шэльма, уцёк-такі... Цікава, ці нарабіла яна вэрхалу?.. Ашаломленая яна, прыгнечаная?.. А можа, яна проста ціха плача?.. Добра, што б яна ні рабіла — гэта ўжо не мая віна... Ты ж сам адмовіўся прызнаць, што люстэрка патрэбна.

— ...Я недзе прачытаў пра гэта... Цяпер нібыта вельмі часта сыходзяць з дому?.. Гэта, я думаю, таму, што жыццё надта ўжо цяжкае, а можа, і не толькі таму... Вось там якраз і пісалі пра адну такую зусім не бедную сялянскую сям’ю. I зямлі яны сабе прыкупілі, і машыны прыдбалі, і гаспадарку, здавалася, вялі добра, а старэйшы сын, не гледзячы на ўсё гэта, пайшоў з дому. Быў такі талковы, дбалы хлопец. Бацькі галаву ламалі: з-за чаго ён раптам пайшоў? У вёсцы людзі лепей разумеюць свой абавязак, думаюць пра тое, каб зберагчы добрае імя. Таму павінны быць нейкія асаблівыя прычыны, каб наследнік пайшоў з дому...

— Ведама... Абавязак ёсць абавязак...

— Ну, і нібыта нехта з родных знайшоў хлопца і паспрабаваў дапытацца, чаму ён гэта зрабіў. Выявілася, што ён не збег з жанчынаю, яго не выгналі з хаты ні любоўныя прыгоды, ні даўгі, — увогуле, не было ніякай асаблівай прычыны. Дык у чым жа справа?.. Ды ён і сам добра не ведаў, як растлумачыць свой учынак, сказаў толькі, што не мог болей трываць.