Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 82

Узяўшыся праваю рукою за вяроўку прыкладна за метр ад нажніц, ён стаў размахваць ёю над галавою, цэлячыся ў тыя самыя мяшкі, што выкарыстоўвалі замест блокаў на пад’ёме кашоў. Калі яны вытрымліваюць вераўчаныя лескі — значыць, надзейна ўкапаныя. Ён махаў вяроўкаю ўсё хутчэй, потым, прыцэліўшыся, кінуў яе. Але яна паляцела ў другі бок. Не разлічыў. Нажніцы павінны ляцець па датычнай да акружнасці; таму вяроўку трэба выпускаць з рук у той момант, калі яна будзе пад прамым вуглом да цэлі ці за імгненне да гэтага. Гэта праўда... Шкада, нажніцы, стукнуўшыся аб сярэдзіну абрыву, упалі ўніз. Відаць, былі недастатковыя скорасць вярчэння і вугал павышэння.

Робячы новыя і новыя спробы, ён нарэшце дакладна вызначыў адлегласць і кірунак. Да поспеху, праўда, было яшчэ далёка. Ён быў бы рады хоць маленькаму пробліску надзеі. Але пакуль не відаць, каб ён набліжаўся да мэты, — наадварот, стома і нервовасць вялі яго ўсё далей ад яе. А бачылася яму ўсё гэта куды прасцей. Ён нерваваўся, злаваўся і гатовы быў расплакацца, хоць яго ніхто і не абнадзейваў.

А напэўна ж, закон верагоднасці, паводле якога магчымасць прапарцыянальная колькасці спроб, не такі ўжо няправільны. I калі ён, невядома нават які раз, проста так, без ніякай надзеі кінуў вяроўку, яна нечакана проста трапіла на мяшкі. Мужчына аслупянеў, разявіўшы рот. Пацякла з рота сліна. Але радавацца яшчэ рана... У яго ў руках пакуль толькі грошы, на якія можна купіць латарэйны білет... Выйграе білет ці не выйграе — пакажа час. Кожны яго нерв быў нібыта прывязаны да вяроўкі. Ён пацягнуў яе да сябе, асцярожна, быццам ніткаю павуціны падцягваў зорку.

Адчуў супраціўленне. Спачатку цяжка было ў гэта паверыць, але вяроўка напраўду не падалася. Пацягнуў мацней... Наструніўшыся, чакаў — вось-вось сарвецца... Але ўжо ніякіх сумненняў не было. Нажніцы, ператвораныя ў крукі, моцна ўпіліся ў мяшкі. Так пашанцавала!.. Надзвычай пашанцавала!.. З гэтай хвіліны ўсё пойдзе добра! Абавязкова!

Мужчына хутка злез з страхі і падбег да вяроўкі, якая цяпер спакойна звісала ўніз, пераразаючы пясчаную сцяну. Вунь там, там паверхня зямлі... Так блізка, што проста не верыцца... Твар напружыўся, рукі дрыжалі. Калумбава яйцо было, безумоўна, крутое. Але калі зварыць яйцо залішне крута, дык усё сапсуеш.

Ухапіўшыся за вяроўку, ён павіс на ёй усім целам. I адразу яна стала цягнуцца, як гумовая. Ад перапалоху яго кінула ў пот. На шчасце, выцягнуўшыся сантыметраў на трыццаць, вяроўка перастала расцягвацца. Ён зноў павіс на ёй. На гэты раз не было прычыны, каб хвалявацца. Папляваўшы на далоні, ён абхапіў вяроўку нагамі і стаў падымацца. Ён караскаўся, нібыта цацачная малпачка на цацачную пальму. Мабыць, ад узрушанасці пот, што выступіў на лбе, быў халодны. Каб пясок не сыпаўся на яго, мужчына лез, чапляючыся толькі за вяроўку, ад гэтага цела яго вярцелася. Усё ішло намнога павальней, чым ён думаў. Зямное прыцяжэнне напраўду страшнае. I адкуль узяліся гэтыя дрыжыкі? Рукі рухаліся самі па сабе, здавалася, ён сам сябе выкідае наверх. У гэтым не было нічога дзіўнага, калі ўспомніць сорак шэсць дзён, атручаных ядам. Калі ён падняўся на метр, дно ямы сплыло ў глыбіню на сто метраў, калі падняўся на два — дно апусцілася на дзвесце. Глыбіня ўсё большала, нарэшце ператварылася ў бездань. Да смерці стаміўся. He трэба глядзець уніз!.. Ды вось ужо і паверхня. Зямля, аперазаная дарогамі, па якіх можна свабодна ісці куды хочаш, хоць на край свету... Калі ён дабярэцца да верху, усё, што тут было, ператворыцца ў маленькія кветкі, засушаныя на памяць між старонкамі запісное кніжкі... I атрутныя, і драпежныя — усе яны ператворацца ў тонкія, амаль празрыстыя шматкі каляровае паперы, і, папіваючы чай дома, трымаючы іх на святло, ён будзе з задавальненнем расказваць пра ўсё, што з імі звязана.

I якраз таму ў яго прапала ўсякае жаданне вінаваціць жанчыну. Можна даць поўную гарантыю, што яна не была добразычліваю, але не была і прадажнаю. Калі спатрэбяцца рэкамендацыйныя пісьмы, ён гатовы даць іх ёй з радасцю — хоць колькі, хоць дзесятак. Але якая неразумная гэта жанчына, якая толькі і магла, што ўхапіцца са мною за адзін той самы білет у абодва канцы. Дык нават калі білет той самы, калі месца адпраўкі процілеглае, процілеглае будзе, натуральна, і месца прызначэння. I няма ніякага дзіва ў тым, што яго білет назад будзе яе білетам туды.

Хай сабе жанчына зрабіла нейкую памылку... Але ж памылка — гэта памылка, і не болей.

...He глядзі ўніз! Нельга глядзець уніз!

Альпініст, мыйшчык вокан, манцёр на тэлевізійнай вышцы, цыркавы гімнаст на трапецыі, камінар на высокім коміне электрастанцыі — варта любому з іх глянуць уніз, і ён разаб’ецца.

24





Усё ў парадку!

Учапіўшыся ногцямі ў мяшок, абдзіраючы да крыві рукі, ён выкараскаўся з ямы. Ну вось ён і наверсе! Цяпер ужо можна не баяцца, што ўпадзеш, калі расшчэпіш пальцы. Але пальцы ўcё яшчэ моцна трымалі мяшок.

Свабода, здабытая на сорак шосты дзень, сустрэла яго моцным, парывістым ветрам. Калі ён папоўз, пясчынкі сталі балюча секчы па твары і шыі. Ён не разлічваў на такі шалёны вецер... У яме толькі шум мора здаваўся мацнейшым, чым звычайна. Ды цяпер жа якраз пара вячэрняга штылю. Інакш няма ніякай нaдзеі на туман. А можа, неба здавалася зацягнутым дымкаю, калі ён глядзеў на яго з ямы? Ці гэта пясок, што хмарамі насіўся ў паветры, здаўся яму туманам? У любым выпадку — нічога добрага.

He падымаючы галавы, ён стаў трывожна азірацца па баках... У цьмяным святле пажарная вышка здавалася крыху скрыўленай. Яна была нейкая мізэрная, і да яе было даволі далёка. Але адтуль глядзяць у бінокль, таму нельга давярацца адлегласці. Цікава, убачылі яго ўжо ці не?.. Мабыць, не. Бо адразу зазванілі б у звон.

Жанчына расказвала яму неяк, што з паўгода назад уночы разгулялася бура, сцяна ў адной яме на заходняй ускраіне вёскі абвалілася, і хату да палавіны засыпаў пясок. I потым лінуў дождж, мокры пясок стаў у многа разоў цяжэйшы. Хата развалілася, як карабок ад запалак. На шчасце, ахвяр не было, і раніцаю жыльцы гэтае хаты паспрабавалі выбрацца з ямы. Адразу зазваніў звон, і не прайшло і пяці хвілін, як пачуўся плач бабулі, якую валаклі назад... «Кажуць, у гэтай сям’і нейкая спадчынная хвароба мозгу», — дадала яна хітравата...

Ну добра, не трэба марудзіць. Ён падняў галаву. Уздоўж пясчаных хваляў, афарбаваных у чырванаваты колер, леглі доўгія цені. Заслона пяску, паднятая з аднаго ценю, уцягвалася наступнаю і наступнаю. Можа, гэтая заслона лятучага пяску і не дасць заўважыць яго?.. Азірнуўшыся, каб праверыць, ці моцна б’е ў вочы святло, мужчына аслупянеў ад здзіўлення. Значыць, не толькі ад лятучага пяску сонца на захадзе здавалася размаляваным каляровымі алоўкамі, а ўсё навокал — зацягнутым малочнаю дымкаю... Ад зямлі тут і там падымаліся пасмы туману. Развеяныя ў адной мясціне, яны ўзнікалі ў другой, разагнаныя там, зноў кудзеліліся тут... Седзячы ў яме, ён сам пераканаўся, што пясок прыцягвае вільгаць, але не ўяўляў, што да такой ступені... Усё гэта нагадвала пажарышча пасля таго, як яго пакінулі пажарнікі... Туман, праўда, рэдкі і не надта прыкметны, бо святло падае ў яго з-за спіны, ды ўсё ж гэта добрая схованка ад вачэй назіральніка.

Ён абуў чаравікі, што віселі за поясам, скруціў аборку і схаваў у кішэню. Нажніцы, на выпадак чаго, маглі паслужыць і зброяй. Уцякаць трэба на захад — святло, б’ючы назіральніку ў вочы, будзе засланяць яго. Трэба недзе схавацца і перачакаць там да захаду сонца.

Ну, хутчэй жа!.. Прыгніся і бяжы па нізінцы!.. Цяпер смялей... Спяшайся, ды будзь асцярожны... Схаваюся вунь у той лагчыне!.. Што за падазроны гук?.. Благая прыкмета?.. А можа, не... Устану і наперад... Вельмі не бяры ўправа!.. Правы схіл надта нізкі, ужо на сярэдзіне могуць заўважыць...

Ад штоночнай пераноскі кашоў з пяском між ямамі пратаптаны глыбокія простыя хады. Правы іх бок сям-там абваліўся і стаў пакаты. Ніжэй ледзь відны былі грывы стрэх другога раду хат, схаваных у ямах. Іх засланяў трэці рад, бліжэйшы да мора. Тут і ямы былі намнога мялчэйшыя, і плеценая агароджа ад пяску магла яшчэ служыць тут сваю службу. Да вёскі з ям, відаць, можна свабодна выходзіць. Варта было яму крыху падняцца, як стала відаць уся вёска. Каля падножжа хвалістых дзюнаў, разыходзячыся веерам, грувасціліся чарапічныя, бляшаныя і дашчаныя стрэхі... Відаць і хвойнік, праўда, рэдкі, і нешта падобнае на сажалку. I вось дзеля таго каб зберагчы гэты нікчэмны лапік зямлі, некалькі дзесяткаў хат на ўзбярэжжы кінуты ў рабства.