Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 82

Дарога станавілася ўсё круцейшая, і навокал не было ўжо нічога, апрача пяску.

Але дзіўна, тая мясціна, дзе стаялі хаты, ані не павышалася. Толькі дарога ішла ўгору, сама ж вёсачка ўвесь час аставалася нібыта ў нізіне. Зрэшты, угору ішла не толькі дарога. Разам з ёю вышэлі прамежкі між хатамі. Таму здавалася, быццам уся вёска ідзе ўгору і толькі хаты астаюцца на адным узроўні. Гэтае ўражанне мацнела пры руху наперад, да вяршыні дзюны, і неўзабаве яму здалося, што хаты стаяць у вялізазных ямах, выкапаных у пяску. Нарэшце дарога, па якой ён ішоў, і прамежкі між хатамі апынуліся вышэй стрэх. А хаты ўсё глыбей апускаліся ў пясчаныя ямы.

Схіл нечакана стаў амаль стромы. Цяпер ад яго да грываў стрэх было метраў дваццаць, не меней. «Ну што там можа быць за жыццё?» — падумаў ён, зазіраючы, ажно бралі дрыжыкі, у глыбокую яму. Раптам шалёны парыў ветру перахапіў дыханне, і мужчына паспяшаўся адысціся ад краю ямы. Нечакана далёка ўнізе ён убачыў мутнае пеністае мора, якое лізала прыбярэжны пясок. Чалавек стаяў на грыве дзюны — якраз там, куды імкнуўся.

Схіл дзюны, павернуты да мора, адкуль дзьмуць мусоны, як звычайна, быў стромкі і голы. Але на пакатых мясцінах прабіваліся кусцікі вузкалістай травы. Азірнуўшыся, ён убачыў, што вялізныя ямы, усё глыбейшыя, чым бліжэй да грэбеня дзюны, некалькімі ярусамі сходзяцца да цэнтра вёсачкі, нагадваючы пчаліны вулей у разрэзе. Вёска, здавалася, узлазіла на дзюну. А можа, дзюна ўзлазіла на вёску? Ва ўсякім разе, выгляд вёскі раздражняў, прыгнятаў чалавека.

Ну, добра, да жаданых дзюнаў дайшоў, і ўсё ў парадку. Ён раз глынуў вады з біклагі, глыбока ўздыхнуў, але паветра, нібыта вельмі чыстае, апякло горла, як наждак.

Чалавек хацеў папоўніць сваю калекцыю насякомымі, якія водзяцца ў пяску.

Пясчаныя насякомыя невялікія, цьмяна афарбаваныя, але чалавека, апанаванага маніяй калекцыяніравання, не вабяць яркакрылыя матылькі ці стракозы. Ён не імкнецца ўпрыгожыць свае калекцыі нейкімі экзатычнымі ўзорамі, не выяўляе асаблівай цікавасці да сістэматызацыі, не шукае сыравіны для прыгатавання лекаў, якімі карыстаецца кітайская медыцына. У энтамолага ёсць свая простая і непасрэдная радасць — выяўленне новага віду. Удасца гэта — і ў энтамалагічным атласе побач з доўгаю навуковаю лацінскаю назваю знойдзенага насякомага паявіцца і тваё імя, і не выключана, што яно астанецца там на вякі. А калі тваё імя, хай сабе нават дзякуючы насякомаму, надоўга зберажэцца ў памяці людзей, — значыць, старанне не прапала дарам.

Велізарная колькасць відаў насякомых, якія амаль не адрозніваюцца на вока, дае вялікія магчымасці для ўсё новых адкрыццяў. Вось і ён таксама шмат часу аддаў двухкрылым і нават звычайным мухам, якіх ненавідзяць людзі. Відаў мух, надзіва, шмат. Але вывучэнне большасці гэтых відаў амаль закончана, уключаючы і самы рэдкі восьмы мутант, выяўлены ў Японіі, бо думка ўсіх энтамолагаў развіваецца прыкладна ў адным кірунку. Гэта, можа, абумоўлена тым, што жыццё людзей цесна пераплецена з жыццём мух.

Найперш варта засяродзіць увагу іменна на гэтым асяроддзі. Шматлікасць відаў мух, магчыма, тлумачыцца тым, што яны вельмі ўмеюць прыстасоўвацца. Ён проста падскочыў ад радасці, зрабіўшы гэтае адкрыццё. Думка мая не такая ўжо бязглуздая. Найвялікшаю здольнасцю мух прыстасоўвацца якраз і тлумачыцца тое, што яны лёгка пераносяць самыя неспрыяльныя ўмовы, у якіх іншыя насякомыя не могуць існаваць. Яны прызвычаіліся, напрыклад, да жыцця нават у пустыні, дзе гіне ўсё жывое...

Прыйшоўшы да такое высновы, ён стаў выяўляць асаблівую цікавасць да пяску. А неўзабаве меўся і вынік. Аднойчы ў высахлым рэчышчы непадалёку ад хаты ён убачыў малюсенькае жаўтаватае насякомае накшталт шпанскай мушкі з сям’і цвердакрылых (Сісіndela Japonica, Motschulsky). Як вядома, шпанскія мушкі бываюць самых розных колераў і памераў. А пярэднія лапкі ў іх адрозніваюцца вельмі мала. Яны і служаць важным крытэрыем для класіфікацыі, бо адрозненне формы пярэдніх лапак абазначае і відавое адрозненне. Другі сустаў пярэдняй лапкі ў насякомага, што трапілася яму на вочы, сапраўды быў адметны.

Пярэднія лапкі ў насякомых з роду шпанскіх мушак звычайна тонкія, чорныя і вельмі рухавыя, а ў гэтай мухі былі круглыя, тоўстыя, нібыта ў моцным панцыры, і ярка-жоўтага колеру. Можа, на іх наліп пылок. А можа, у насякомага было нават адмысловае прыстасаванне — накшталт валаскоў, — каб збіраць пылок. Калі пры аглядзе ён не дапусціў памылкі, дык, павінна быць, зрабіў важнае адкрыццё.

На жаль, злавіць гэтае насякомае не ўдалося. Ён быў задужа расхваляваны, дый муха лятала неяк вельмі незвычайна. Яна паляцела. Потым вярнулася і стала чакаць яго, нібыта хацела сказаць: «Паспрабуй злаві мяне». Калі ён даверліва падышоў, яна паляцела, пасля вярнулася і зноў стала чакаць. Яна быццам дражніла яго, а потым зусім знікла ў траве.





Так ён стаў нявольнікам гэтай шпанскай мушкі з жоўтымі пярэднімі лапкамі.

Узяўшы пад увагу, што глеба там была пясчаная, ён яшчэ болей паверыў у сваё меркаванне, бо шпанская мушка — тыповае насякомае пустыні. Паводле адной тэорыі, незвычайны палёт гэтых мушак — проста хітрыкі, якімі яны выманьваюць з норак дробных жывёлін. Мышы, яшчаркі, завабленыя такім чынам мушкамі, далёка адбягаюцца ад сваіх нор у пустыню і гінуць там ад голаду і стомы. Мушкі толькі гэтага і чакаюць і з’ядаюць мёртвых жывёлін. Гэтыя мушкі маюць прыгожую японскую назву «пісьманосец». На першы погляд яны зграбныя, а на самай справе ў іх вострыя сківіцы і яны такія крыважэрныя, што з’ядаюць адна адну. Ён не ведаў, ці правільная гэтая тэорыя, але быў запалонены загадкавым палётам шпанскай мушкі.

Натуральна, вырасла ў яго і цікавасць да пяску, які ствараў шпанскай мушцы жыццёвыя ўмовы. Ён пачаў чытаць літаратуру пра пясок, і чым болей чытаў, тым болей пераконваўся, што пясок вельмі цікавая з’ява. У энцыклапедыі, напрыклад, у артыкуле пра пясок можна прачытаць такое:

«Пясок — вялікая колькасць разбуранай горнай пароды. Часам уключае ў сябе магнітны жалязняк, касітэрыт, радзей залаты пясок. Дыяметр ад двух да адной шаснаццатай міліметра».

Вельмі выразнае азначэнне! Карацей кажучы, пясок утвараецца з разбуранай горнай пароды і з’яўляецца нечым сярэднім паміж дробнымі каменьчыкамі і глінаю. Але назваць пясок прамежкавым прадуктам яшчэ не значыць даць вычарпальнае тлумачэнне. Чаму з трох элементаў — камянёў, пяску і гліны, — з якіх у спалучэннях складаецца зямля, толькі пясок бывае ізаляваны і ўтварае пустыні і пясчаныя мясціны? Калі б гэта быў просты прамежкавы прадукт, дык дзякуючы эрозіі між голымі скаламі і зонамі гліны можна было б выявіць незлічоную колькасць прамежкавых прадуктаў, утвораных шляхам узаемнага іх пранікнення. Але ж на самай справе існуюць толькі тры віды парод, якія адрозніваюцца выразна: скальныя, пясчаныя, гліністыя. Дзівіць таксама і тое, што велічыня пясчынак амаль заўсёды аднолькавая: ці пясок гэты з узбярэжжа вострава Энасіма, ці з пустыні Гобі — яна раўняецца ў сярэднім адной восьмай міліметра, і размяшчаюцца пясчынкі па крывой, блізкай да Гаўсавай.

У адным даследаванні давалася зусім спрошчанае тлумачэнне разбурэння глебы эрозіяй: лёгкія элементы разносяцца на вялікія адлегласці. Але ў ім не тлумачылася асаблівасць памеру пясчынак, роўнага адной восьмай міліметра. У другой працы па геалогіі давалася такое тлумачэнне:

«I плыні вады, і плыні паветра ствараюць турбуленцыю. Найменшая даўжыня хвалі турбуленцыі эквівалентная дыяметру пяску ў пустыні. Дзякуючы гэтай асаблівасці з грунту выбіраецца толькі пясок, пры гэтым выбіраецца ён пад прамым вуглом да плыні. Калі сіла счаплення паасобных кампанентаў грунту невялікая, пясок можа падымацца ў паветра нават слабенькім ветрыкам, якому не пад сілу панесці камяні і гліну. Асаблівасці пяску павінны, відаць, разглядацца аэрадынамікаю ».

Прадоўжым прыгаданае азначэнне:

« ...гэта значыць, часцінкі разбураных горных парод маюць такую велічыню, якая робіць іх найболей рухомымі».

Утварэнне пяску непазбежнае, бо на зямлі заўсёды ёсць вецер і плыні вады. I да таго часу, пакуль будуць дзьмуць вятры, каціць свае хвалі моры, з зямлі будзе падымацца і падымацца пясок і ўсюды распаўзацца. Пясок не ведае адпачынку. Непрыкметна, але ўпарта ён захоплівае і разбурае зямлю...