Страница 21 из 32
I калі ўзышло сонца, быў гатовы ісці далей. Збіраўся пабываць на вяршыні і па спадзістым схіле, даўшы трыццацікіламетровага крука, выйсці да ўсюдыхода. Ён ужо збіраўся павярнуць на поўдзень, дзе дарога здавалася больш роўнай, як успомніў Вундэркіндаву знаходку. Было светла, але зоркі на небе не гаслі, праглядаліся. Павел адшукаў Вялікую Мядзведзіцу, апусціў ад яе позірк і наткнуўся на тэрасу, быццам выразаную ў скале, што высілася над шырокай, пакрытай унізе туманам далінай. Шчога адметнага на тэрасе, аднак, не прыкмеціў.
— Дзе ж тое інертнае рэчыва? — на ўсякі выпадак папытаў у робата.
— На месцы,— кібер быццам недаўмяваў ад нездагадлівасці чалавека і нават кпіў з яе.
— То вядзі, калі ты ўсё ведаеш,— і Гушча падумаў, што робату вельмі мала не хапае, каб стаць добрым субяседнікам.
Тэраса знаходзілася крыху ў баку ад намечанага ім шляху. Але да вечара было далёка, і ён не спяшаўся. Тым болей што менавіта тут з’явіўся нейкі повад для агляду.
Павел адчуваў сябе, як у зямным самалёце на завоблачнай вышыні. Далёка ўнізе курганіліся, падобныя на аблокі, светлыя на сонцы лысыя горы. У гэтым дзікім харастве была незвычайная веліч, неадольная сіла. Паўлу стала сумна. Вялікі творца — прырода тут быццам спынілася на паўдарозе. Панаставіўшы гор, панасыпаўшы пяску, яна забылася ўзбагаціць планету вадой, раслінамі, жывёламі...
Вузкая абрывістая цясніна перагарадзіла шлях, калі ўжо да тэрасы было зусім блізка. Павел пакруціў галавой і чмыхнуў. Цясніна, падобна, апяразвала патрэбную ім скалу з тэрасай з усіх бакоў.
— Што той роў сярэдневяковай крэпасці,— ён паказаў таварышам гэту раптоўную перашкоду.
— Ну, то павінен быць і масток,— пажартаваў Сцяпан Васільевіч.
— А ўжо ж, пашукаем.
Пакуль Гушча раздумваў, куды павярнуць, Вундэркінд, паварушыўшы сваімі антэнамі, зрушыў з месца. Дзівячы гаспадара, ён збочыў управа, адышоў назад і спыніўся, утаропіўшы вочы-лінзы ў нешта бачнае яму аднаму. Гушча падышоў і акамянеў.
— Што вы нам гэты роў дэманструеце вось ужо цэлых пяць хвілін? Думаеце, масток сапраўды вырасце? — не вытрымаў капітан.
— А-а,— спахапіўся Павел і накіраваў тэлекамеру на тэрасу.
— Што гэта? — Заўсёды спакойны Бурмакоў не стрымаўся, закрычаў: — Віця! Вікто́р!
На адрэзанай ад гары, прыкрытай скалой тэрасе, ірвануўшыся к небу, але не здолеўшы адарвацца, застыла ў скаванай нерухомасці фігура — ці то помнік, ці то засохлае дрэва.
Пакінуўшы Вундэркінда на месцы, Павел пабег уздоўж абрыву, шукаючы таго, жартам абяцанага Бурмаковым, мастка. Ён спяшаўся, пераскакваў цераз камяні і ямы і спыніўся, задыханы, бледны, толькі тады, калі, аббегшы вакол, наткнуўся на робата. I тады бліснула здагадка, што скала, можа, зусім невыпадкова адасобленая, недаступная. Той, хто пакінуў гэту незразумелую фігуру, напэўна, паклапаціўся пра яе захаванасць. Каго і чаго ён баяўся, для каго ставіў?
— Помнік? — парушыў яго разважанні Бурмакоў.
— Чый? — Хацелася і было боязна паверыць, што перад вачамі нешта рукатворнае, чужое.
3 светла-жоўтага пастамента, які глыбока і моцна ўрос у скалу, імкнуліся ў вышыню спіралепадобныя, парослыя серабрыстымі лісцікамі, пераблытаныя галінкі. Нешта знаёмае было ў гэтай фігуры, несакрушальнай, здольнай выстаяць бясконца доўга перад націскам усіх магчымых марсіянскіх стыхій. Але раней чым ён нарэшце здагадаўся, што азначае фігура, Вундэркінд флегматычна прамовіў:
— Нагадвае макет Галактыкі.
Разгублены, узрадаваны Павел усклікнуў:
— Сапраўды! Га, Сцяпан Васільевіч?
— Падобна...— Капітан таксама быў ашаломлены.
Тысячы думак, меркаванняў мроіліся ў Паўлавай галаве. I ні на адной ён не мог спыніцца. Стараючыся лепш разгледзець гэта галактычнае дрэва, зрабіў некалькі крокаў управа і зноў ахнуў. Побач з ранейшай фігурай стаяла чорная пліта, на якой была выбіта залацістая схема... Сонечнай сістэмы. Толькі нешта ў ёй было не так. У Паўла задрыжалі ногі, ён апусціўся на камень, не адрываючы вачэй ад пліты. На схеме было два сонцы. Адно цяперашняе, другое на месцы Юпітэра — цьмянае, барвовае. Творцы як наўмысля падкрэслілі гэта, знайшоўшы вечныя фарбы велікану. Планет было дзевяць. Дзевяць? Без Юпітэра?
— Віця! — ён чамусьці звярнуўся не да Бурмакова, а да свайго малодшага таварыша. Можа, адчуваў, што пытанне ўвогуле наіўнае? — Колькі ў нас планет? Назаві.
— Усё там правільна, Павел Канстанцінавіч. Лішні Фаэтон. Значыць, ён быў?!
— Не, ты глядзі вышэй. Плутон...
— На месцы,— замест юнака адказаў Сцяпан Васільевіч.
— Я не пра гэта,— загарачыўся Гушча,— зорачка, побач з Плутонам. Чаму толькі каля Плутона спадарожнік?
— Нам яшчэ шмат што спатрэбіцца дазнацца, Павел Канстанцінавіч. Вікто́р, перадай паведамленне ў Цэнтр.
Гушча глядзеў на залацістыя эліпсы з планетамі і адчуваў, як ападае першае ўзбуджэнне, саступаючы месца развазе. Сапраўды, пакуль што яны не гатовыя адказаць, каму і навошта трэба было ставіць гэты, магчыма, помнік на пустынным Марсе, а не на Зямлі, якая і ў тую далёкую эпоху, напэўна, абяцала разумнае жыццё. Але ён ведаў, што ўжо не супакоіцца, будзе шукаць адказы. Потым, калі падрыхтуецца да гэтага.
Дабрацца да тэрасы не было магчымасці — такога доўгага моста касманаўты перакінуць туды не маглі. Павел зрабіў мноства здымкаў, устанавіў аўтаматычную станцыю для пастаяннага назірання за тварэннем рук прышэльцаў і пачаў збірацца ў дарогу назад. Калі ўсё было гатова, ён зірнуў на Вундэркінда. Той стаяў нерухома і глядзеў на скалу. Паўлу падумалася, што робат таксама дзівіцца незвычайнай находцы, і спытаў:
— Што ты скажаш, Вундэркінд? Хаця б пра той шарык каля Плутона?
— Чужы,— адразу, нібы даўно чакаў такога пытання, адказаў робат.
— Чаму? — Павел дапускаў, што Вундэркінд можа памыляцца, але нават яго памылкі вынікалі з пэўных лагічных пасылак.
— Ён мае сваю афарбоўку.
Чалавек у гэтым спрачацца з Вундэркіндам не мог.
— Твой памочнік праўду кажа,— умяшаўся ў размову Бурмакоў.— Гэта пацвердзіла і ЭВМ. Пакуль мы тут з вамі ў далоні ад захаплення пляскаем, яны сваю нараду правялі.
— Сцяпан Васільевіч,— Павел аж падскочыў.— Гэта не спадарожнік... Не, спадарожнік... У тым сэнее, што штучны.
— Спяшаецеся? Ну, ды час пакажа,— задумліва сказаў Бурмакоў.
Павел яшчэ паблукаў вакол Нікс Алімпіка, спадзеючыся, што будуць і новыя сляды знаходжання касмічных гасцей. Аднак больш нічога не было. Ці то яны пакінулі весткі аб сабе ў іншых месцах, ці то ўсё астатняе загінула.
Калі Гушча вярнуўся, пра яго прыгоды ў нетрах вялізнай гары неяк нават не ўспомнілася. Касмічны помнік засланіў усё. Гаварылі толькі пра яго.
— Вашы прапановы, Павел Канстанцінавіч? — спытаў капітан, калі здалося, што ўсё ўжо абмеркавана і абгаворана.— Дарэчы, спецыялісты Цэнтра дапускаюць, што гэта сапраўды штучны спадарожнік.
— Праверыць бы...— Гушча ўхапіўся адразу за гэту пэўную падтрымку яго гіпотэзы ў Цэнтры.
Бурмакоў уважліва паглядзеў на яго, усміхнуўся:
— Вядома, неадкладна? Ты, Вікто́р, што скажаш?
— Я — за! — успыхнуў юнак.
Капітан пасур’ёзнеў, знерухомеў, углядаючыся ў адлюстраванне помніка, якое паказвала аўтаматычная станцыя. Думаў ён доўга. Потым падняў галаву.
— Так і паведамім на Зямлю...— I яго пацяплелыя вочы ласкава глядзелі на таварышаў.
Яшчэ тыдзень прабыў на арбіце каля Марса «Набат». Экіпаж займаўся аналізам сабраных на планеце мінералаў, проб паветра, газаў, вёў візуальныя назіранні. Аднак з ранейшым энтузіязмам працаваў, бадай, адзін Бурмакоў. Ён умеў быць засяроджаным у любых абставінах. Яго ж маладзейшыя калегі гэтай якасцю не валодалі. Марс для іх адразу стаў пройдзеным этапам. Яны ўжо жылі будучым і непакоіліся, як паставіцца кіраўніцтва палётам да іх планаў. Сумненні былі і ў саміх касманаўтаў, і, напэўна, сярод спецыялістаў. Рэйс да Плутона спецыяльна не рыхтаваўся, а гэта ж у шмат разоў далей, чым было да Марса. Праўда, магчымасці «Набата» дазвалялі такі палёт. Але ці прызнаюць здольнымі людзей? Абнадзейвала адно — Цэнтр з адказам не спяшаўся, значыць, там сур’ёзна ўзважвалі ўсе варыянты.