Страница 10 из 32
Не, астраномія мяне не прываблівае. Буду фізікам, як рашыў у школе. Нічога, што сёлета не паступіў у інстытут. Для мяне склалі спецыяльную праграму, каб я не вельмі адстаў ад аднакурснікаў. I я, вядома, выканаю яе.
Падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў хапае. А лабараторыі ў нас такія, што і на Зямлі не знойдзеш. Нездарма ж абсталяванне рабілі спецыяльна для «Набата». У бібліятэцы шмат кніг. Ёсць і сапраўдныя, надрукаваныя на паперы. Ёсць і на крышталіках. Да таго ж я магу атрымаць кансультацыю і ў С. В., і ў П. К., і ў ЭВМ. Даведачны матэрыял па ўсіх галінах ведаў сабраны ў нас багаты. I з Зямлёй сувязь добрая.
29 лістапада. Мінулы раз я, відаць, залішне аддаў увагі сваёй асобе. Сёння выпраўлю гэта самалюбаванне. Час расказаць сёе-тое пра карабель. Увогуле, як ён пабудаваны, вядома ўсім, хто цікавіцца касмічнымі палётамі. Таму пастараюся напісаць пра «Набат», як яго пасажыр, так сказаць асвятліць знутры.
П. К. параўнаў наш карабель з падводнай лодкай. Але гэта знешні выгляд. «Набат» мае дзвесце метраў у даўжыню і дваццаць у дыяметры. Асноўную частку карабля займаюць паліўныя бункеры. Яны надзейна ізаляваны ад памяшканняў, дзе захоўваюцца канцэнтраваныя прадукты харчавання, вада, вадкі кісларод.
Я не ўдакладняў, але думаю, гэтых запасаў хапіла б на невялікі горад. Лішняе нам далі на аварыйны выпадак.
Уздоўж бартоў цэнтральнай часткі карабля змяшчаюцца элінгі, у якіх стаяць два ўсюдыходы, ракетапланы, аўтаматычныя разведвальныя станцыі, здольныя садзіцца на планеты і вяртацца назад.
Пярэдняя частка, значна меншая па плошчы за астатнія, выдзелена пад жытло і сістэмы кіравання.
У кожнага з нас ёсць свая каюта. Будаўнікі паклапаціліся, каб была ў нас гімнастычная зала, дзе мы штодня на спартыўных снарадах выконваем распрацаваныя для нас практыкаванні. Але С. В. прымушае яшчэ і бегаць па трапах, працягнутых уздоўж корпуса «Набата». Пабегаеш гэтак зверху ўніз, знізу ўверх, дык і забудзеш, што ты ў космасе. Такую нагрузку я нават на Зямлі ніколі не браў. А С. В. кажа, што мы павінны падтрымліваць форму, інакш завянем. Мне што, я да трэніровак прывычны. А П. К., бачу, цяжкавата.
Ды што зробіш, вось і стараецца не адставаць ад С. В.
У вольны ад дзяжурства час звычайна працуем.
У бібліятэцы, у лабараторыях. Іх у нас многа, бо хто можа загадзя сказаць, якія даследаванні давядзецца весці на Марсе, з чым мы там сутыкнемся. С. В. добра разбіраецца не толькі ў тэхніцы і касманаўтыцы, а і ў біялогіі, медыцыне. Ён вывучае, як паводзяць сябе ў космасе хларэла, іншыя расліны, а таксама мышы, трусы. Між іншым, трусіная ферма прызначана і для харчавання. А мне дык шкада гэтых ціхіх паслухмяных жывёлін, хай жывуць, прыносяць карысць навуцы.
Неяк неўзабаве пасля старту я практыкаваўся на запасной ЭВМ, спрабуючы вылічыць, ці не перасячэцца арбіта астэроіда Гермес з трасай «Набата». Адказ быў па-сутнасці адмоўным. Сустрэча магла б адбыцца, калі б «Набат» стаў штучнай планетай Сонечнай сістэмы, і то недзе толькі праз трыццаць тысяч гадоў. Дзіўныя гэтыя касмічныя маштабы, да іх не хутка прывыкнеш. I я рашыў заняцца больш канкрэтнымі для сябе разлікамі: праверыць, на які час нам хопіць кіслароду. Здаецца, улічыў усе фактары і рэзервы — рэгенерацыю, хларэлу, кілаграм якой дае за суткі дзесяць кубаметраў кіслароду, у чатыры разы болей, чым патрэбна чалавеку, нават невялікі зялёны куток, створаны ў кают-кампаніі, як мы называем сваю гасціную. Аказалася, што пражывём з гэтымі запасамі крыху больш за паўтара года. Я разгубіўся. Навошта тады ледзь не трохгадовы запас прадуктаў? Праверыў разлікі. Памылкі не было. Звярнуўся да С. В.
— Да Марса будзем ісці пяць месяцаў,— пачаў тлумачыць капітан, не надта, аднак, разжоўваючы сваю думку.
Дарэчы, са мной ён заўсёды так, хоча, каб я сам варушыў мазгамі, а не глытаў гатовенькае. Пяць плюс пяць, плюс два месяцы на Марсе — набіраецца год, і такім чынам, вярнуўшыся, мы не выдаткуем увесь кісларод. Але гэта быў бы надта просты адказ. Наўрад ці С. В. меў яго на ўвазе. А што ён меў? Не марсіянскую ж атмасферу, бедную на кісларод. I вады там на паверхні зусім няма. Тады я рашыў падысці да задачы з другога боку. Пачаў перабіраць па памяці наяўныя карабельныя ўстаноўкі і іх прызначэнне. С. В. паглядаў, як я моршчыў лоб, ёсць у мяне такая прывычка, калі думаю, і пасміхаўся. А я ўспомніў: мы мелі магчымасць здабываць кісларод з мінералаў. А ў марсіянскіх пародах кісларод, як вызначылі аўтаматычныя доследныя станцыі, утрымліваўся. Я хітравата прыжмурыўся (не магу пазбавіцца і гэтай прывычкі) і сказаў:
— Прывалаку вам кавалак скалы, дыхайце.
— Ну, ты ў космасе не прападзеш,— С. В. быў задаволены.
А я не вельмі. Гэта ж задачка для пяцікласніка. Яны зараз не менш нашага ведаюць: акселерацыя не спыняецца.
Аўтаматы сочаць за чысцінёй паветра, станам нашага здароўя, выбіраюць меню на сняданак, абед, вячэру, улічваючы і наша пажаданне і патрэбнасць арганізма. Нават, калі спытаеш, параяць, чым табе лепш за ўсё ў гэты момант заняцца.
Аднойчы я, не ведаючы, ці то пайсці паспаць, ці то пачытаць кніжку, надзеў на руку бранзалет з умацаванымі ў яго датчыкамі, здольнымі вызначаць стан, адчуванне чалавека, і падключыў да ЭВМ. Прыемны голас, як у доктара з Касмічнага цэнтра, прамовіў: «Паглядзіце прыгодніцкі фільм».
С. В. быў побач. Пачуўшы «рэцэпт», зарагатаў.
А праз хвіліну-другую прыйшла мая чарга смяяцца. Яму ЭВМ параіла прагуляцца па высакагорнай дарозе. У нашых умовах — па верхніх трапах, дзе ў падобных выпадках уключаецца ўстаноўка іянізацыі паветра.
— Відаць, запрацаваўся,— збянтэжыўся С. В. і адправіўся на прагулку. У нас правіла: парады ЭВМ выконваюцца абавязкова.
Такія ў нас аўтаматы.
Але што гэта: раптам замігцела сігнальная лямпачка над маім сталом? А-а, нагадвае, што заседзеўся тут. Канчаю.
5 снежня. Ніколі не думаў, што на касмічным караблі, дзе нас толькі трое і выбар заняткаў, па-сутнасці, абмежаваны, будуць так імкліва мінаць дні. Не паспеў, як кажуць, азірнуцца, а тыдня няма. Гэтак аднойчы прачнешся, а ў ілюмінатар — Марс глядзіць. Бо ён быццам на вачах расце і ўжо выглядае нават большым, чым вячэрняя Венера з Зямлі. Але на Марс П. К., наш галоўны астраном, глядзіць мала. Кажа, нідзе не дзенецца, а патрэбную інфармацыю загадзя дадуць аўтаматычныя станцыі. П. К. цікавіць Венера. Колькі ўжо апаратаў пабывала на яе паверхні, частка нават вярнулася, і людзі, такім чынам, маюць даволі дакладныя звесткі пра гэту планету. А ўсё мала. Астраномы мараць знайсці шчыліну ў венерыянскіх хмарах, каб на свае вочы пабачыць, што там робіцца, ухапіць карціну маштабна. Тэхнічныя дасягненні пазбавілі чалавека прыгожай мары аб планеце, на якой жыццё толькі нараджаецца,— бушуюць акіяны, бліскаюць маланкі, грымяць вулканы. Сапраўднасць аказалася больш сумнай і пры ўсім пры тым усё роўна вабіць даследчыкаў. Вось і П. К. гадзінамі не адрываецца ад нацэленага на Венеру тэлескопа. Учора нават насмяшыў усіх.
Глядзеў-глядзеў у акуляр і раптам радасна крыкнуў:
— Бачу паверхню. Цыклон неверагоднай магутнасці раскруціў шматкіламетровую варонку. Горы, кратэры... Апарат! Плёнку!
Тэлескоп, вядома, заўсёды злучаны з прыстасаваннем для фатаграфавання касмічных аб’ектаў. Але ад хвалявання П. К., падобна, забыўся на гэта. Пакуль ён уцяміў, што ўсё патрэбнае пад рукой, аўтаматыка спрацавала сама. П. К. доўга вывучаў здымак, а потым перадаў яго С. В.
— Здаецца, нешта ёсць,— але сказаў гэта без ранейшага натхнення.
Капітан доўга разглядаў здымак, потым уставіў плёнку ў павелічальнік. На экране сапраўды быццам бы ўзніклі нейкія нагрувашчванні скал. Чым жа незадаволены П. К.?
— Надобна... — С. В., аднак, скептычна глядзеў на акран.— Вікто́р,— звярнуўся ён да мяне,— падай светафільтр.
I тады перад намі, як жывое, але імгненна застылае, праяснілася глыбокае завіхрэнне шматпластовых хмар і аблокаў — ад цёмна-сініх да светла-шэрых колераў і адценняў. А тое, што без светафільтра ўяўлялася паверхняй планеты, аказалася яшчэ адным, ніжнім пластом карычневых хмар, зафіксіраваных апаратам у момант вялікага ўзбуджэння. Відаць, шалёныя шквалістыя вятры не заціхалі на Венеры ва ўсёй яе атмасфернай тоўшчы.