Страница 2 из 3
Аднойчы, калі я праходзіў міма лавачкі, на якой сядзела Стася са сваімі сяброўкамі, мая дзяўчына акінула мяне хуткім позіркам. Мне здалося, што гэты позірк быў насмешлівы. Мой твар гарэў ад сораму, мне было ў той вечар балюча і крыўдна як ніколі. Не сказаўшы нічога сваім сябрам, я падаўся дадому. І тут, па дарозе да роднай хаты, на адзіноце, я неяк нечакана ўпершыню паглядзеў на самога сябе збоку, чужымі вачамі.
Так, выгляд мой быў зусім не фацэтны, ён ніяк не падыходзіў для таго, каб знаёміцца з гэтай чыстай, белай дзяўчынай. На нагах у мяне было штосьці накшталт чаравікаў. Але што гэта былі за чаравікі! Гэта былі нейкія чарапахі, шырокія, распоўзлыя. Чаму я не заўважаў раней, што мае штаны даўно час павесіць на пудзіла ў агародзе? Гэтыя штаны мелі дзве латкі на каленях і ў дадатак яшчэ два агромністыя акны ззаду. Вырас я і з сарочкі; тое, што ў мяне былі закасаны рукавы, мабыць, мала дапамагала справе. Эх ты, кавалер, закаханы рыцар!..
У тую ноч я не спаў. Выхаду са свайго становішча я не бачыў ніякага. Святочных гарнітураў у мяне не было, і зарабіць або купіць іх па тым часе нечага было і думаць.
Памятаю, што такія разважанні мяне нават супакоілі, а тоненькая чыстая дзяўчына зрабілася для мяне крыху далёкай і чужой. «Няхай ходзіць у сваёй чысценькай сукенцы, - помсліва думаў я. - Справа ж не ў капялюшыках і сукенках. Знайшлася княгіня!..»
Некалькі дзён я не хадзіў у скверык. Якраз у гэты час разнесліся чуткі, што немцы думаюць аднаўляць чыгунку. Чуткі гэтыя пацвердзіліся, бо на чыгунцы ішла ліхаманкавая работа. Мы вырашылі, што надышоў час дзейнічаць. Мікола Біцюг высушыў аманал на печы, Цішка Дрозд сцягнуў старую бабуліну кофту з шырокімі рукавамі. Адзін рукаў мы напакавалі аманалам, зашылі і гэтую нашу міну схавалі да часу. Было аднагалосна вырашана, што сваёй мінай мы ўзарвём масток кіламетры за чатыры ад станцыі. Масток хоць і невялікі, але ў вызначаны дзень немцы па нашай чыгунцы не паедуць. Паедуць яны жыватамі...
Якраз у гэты час адбыліся падзеі, якія прымусілі нас яшчэ больш сур'ёзна паставіцца да задуманай дыверсіі. У ясную вясновую ноч ні з таго ні з сяго згарэла парня. На гэтай парні гнулі вобад, які адпраўлялі некуды на нямецкіх машынах. Апрача гэтага, у некалькіх месцах нашага раённага гарадка былі расклеены антыфашысцкія лістоўкі, надрукаваныя на машынцы. Гэтыя падзеі нас і ўзрадавалі, і засмуцілі.
Мы былі перакананы, што спалілі парню і расклеілі лістоўкі партызаны, якія ноччу прабраліся ў гарадок. З невялікім партызанскім атрадам, які дзейнічаў кіламетраў за сорак ад нас, у другім раёне, мы мелі ўжо сувязь, хоць і нетрывалую. Калі ўсё гэта зрабілі нашы партызаны, то чаму яны наважыліся абысціся без нас? Сякія-такія паслугі мы ж ім ужо рабілі. Можа, партызаны нам больш не давяраюць?
Каб вывесці ўсё гэта на чыстую ваду, Сымон Біцюг адправіўся ў госці да сваёй цёткі. Цётка, канечне, была тут толькі прыклёпам, Сымон пайшоў на сувязь з нашымі партызанамі.
Мы ж утраіх таксама не спалі ў шапку. У гэтыя дні мы выказалі вялікае жаданне нанасіць сваім маткам арэхавых кійкоў на фасолю і пад памідорныя кусты. Кійкоў мы нанасілі на пяць гадоў уперад, але справа зноў жа была не ў кійках. Арэшнік рос якраз недалёка ад мастка, які мы наважылі пусціць у паветра. Масток і подступы да яго мы агледзелі добра, самаробную міну занеслі і схавалі паблізу ад мастка.
Былі ў нас поспехі і ў справе самаўзбраення. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Цяпер мы ў дадатак да абрэза мелі сапраўдную вінтоўку, з якой не сорамна было прыйсці да партызан.
Праўда, на грунце асабістай прыналежнасці вінтоўкі паміж намі адбылася спрэчка. Мікола Біцюг патрабаваў, каб вінтоўку аддалі яму. Свае патрабаванні Мікола падмацоўваў тым, што ён здаў норму на поўнага варашылаўскага стралка, а мы з Цішкам - толькі на юных стралкоў. Міколу мы далі суровы адпор, і ён, пакіпяціўшыся, быў вымушаны здацца.
Адным словам, цяпер мы адчувалі сябе больш упэўнена. Мы чакалі Сымона, чакалі вестак ад партызан, і ва ўсіх нас быў прыўзняты, гераічны настрой. У адзін з тых дзён я зноў пайшоў у скверык і зноў убачыў Стасю.
Праходзячы паўз яе, я стараўся не пазіраць у яе бок. І не вытрымаў. А яна - мне гэта ніколькі не здалося - паглядзела на мяне зусім сур'ёзна. Яна не насміхалася з мяне! Я зноў стаў вясёлы, расказваў цікавыя гісторыі сваім сябрам, і яны смяяліся. Я хацеў, каб Стася звярнула ўвагу на наш смех, на мяне. Здаецца, яна глядзела ў мой бок.
Раптам я прыдумаў выхад, адзіны, які толькі мог быць на свеце. Мой бацька, чыгуначнік, яшчэ да вайны выпісаў сабе форменны сіні касцюм. Гэта быў выдатны касцюм, нездарма з бацькавага заробку вылічвалі за яго пакрысе амаль цэлы год. Цудоўнае сіняе сукно было, мабыць, самага вышэйшага гатунку. Бацька толькі і паспеў адзін раз на Першае мая перад самай вайной апрануць касцюм. Цяпер касцюм быў клапатліва схаваны, як самая каштоўная рэч у хаце, і неаднойчы ў цяжкія часіны я чуў, як асцярожна маці намякала, што за яго, каб прадаць, далі б хлеба пудоў дзесяць...
Разлічваць на тое, што мне дадуць апрануць сіні касцюм, не прыходзілася. Прасіць аб гэтым было б проста сорамна. Я наважыў зрабіць усё інакшым парадкам. Прасцей за ўсё было вынесці адзенне ў адрыну і там паціху апрануцца, а пасля скінуць. Тым больш што ўвесь касцюм мне быў не патрэбен. З мяне хопіць адных сініх штаноў. І нічога ім за адзін вечар не зробіцца...
План мой быў разлічан да дробязей. Увесь наступны дзень я гарэў ад нецярпення, уяўляючы, як падыду да Стасі, як загавару з ёй, што ёй скажу. Пад вечар мне ўдалося ажыццявіць першую частку майго плана як найлепш. Я выйшаў агародам у новых сініх штанах, з-пад якіх зусім не відаць было маіх чаравікаў-чарапах, у вымытай кашулі. Я быў ужо ў скверыку і чакаў, што вось-вось прыйдзе мая белая дзяўчына...
Але прыйшла не Стася. Прыбег узбуджаны Мікола Біцюг і рашуча пацягнуў мяне ў цёмны куток сквера.
- Цімох, пайшлі, - уладарна сказаў ён мне. - Заўтра раніцай першы цягнік пойдзе. Хутчэй...
Што ж, трэба было ісці...
Я нічога не сказаў Міколу наконт новых сініх штаноў, а ён, усхваляваны, нават не заўважыў іх. Трэба было зайсці яшчэ па Цішку Дразда. Ён жыў на Вакзальнай вуліцы, якая цягнулася поруч з чыгункай, і ад яго нам лепш за ўсё было выходзіць, бо не трэба было перасякаць пераезда.
Дачакаўшыся, пакуль зусім сцямнее, мы выйшлі. Мы захапілі з сабой абрэз і дзве гранаты, вінтоўка была схавана ў лесе. Да арэшніку мы зрабілі вялікі крук на поплаве, потым ішлі жытамі. Мае новыя сінія штаны прамоклі ад расы да самых каленяў, але я лічыў, што гэта дробязь - высахнуць. Ішлі мы смела, бо ў нас была зброя.
Нам прыйшлося чакаць у арэшніку да самай поўначы. Запелі першыя пеўні, дзесьці ў кустах трывожна закігікала нейкая птушка. Тады мы, прыгнуўшыся, пабеглі да мастка. Мы ведалі, што чыгунка ахоўваецца не надта. Узброеная варта была толькі ў будках. У паўкіламетры ад мастка гарэў агонь, і каля яго сядзелі дзядзькі з доўгімі кійкамі.
Гэта была так званая «добраахвотная» варта чыгункі, у якую фашысты заганялі сілком.
Мікола з вінтоўкай залёг на насыпе, а мы з Цішкам завіхаліся каля міны. Пад мастком было сыра і глуха. Здаецца, прайшло вельмі многа часу, пакуль мы прыладзілі бікфордаў шнур і ўставілі запал. Чыркнулі сярнічкай, і шнур затрашчаў, выпускаючы цэлыя пучкі іскраў. Мы беглі ад мастка што было сіл.
Выбух засціг нас ужо ў арэшніку. Гэта быў страшэнны выбух. Здаецца, асвяціўся ўвесь лес. Мы ўпалі, потым зноў пабеглі ў самы гушчар. З будкі пачалася бязладная страляніна. Мы адбегліся, мабыць, кіламетраў пяць. З мяне пот ліў цурком, а мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далоняй.
Каля будкі ўжо не стралялі, і мы прыпыніліся. Трэба было вызначыць цяпер, дзе мы. Моўчкі мы прайшлі цугам, адзін за другім, яшчэ з паўкіламетра і выйшлі на сенажаць. Над ёй густой шчыльнай заслонай вісеў туман. Гэта была Гарадзінка, асушанае яшчэ да вайны балота. Тут мы адшуквалі некалі яйкі дзікіх качак, кнігавак, пекураў, аднойчы збіралі стрэленыя гільзы пасля вайсковых манеўраў. Сенажаць мы ведалі, і можна было тут, у кустах, схаваць нашу зброю. Але рабіць гэтага ніхто з нас не захацеў. Упершыню ў жыцці мы адчулі, што значыць зброя ў руках. З ёю можна было ісці смела, не баючыся ніякага д'ябла. Са зброяй мы крочылі гаспадарамі па роснай топкай Гарадзінцы.