Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 3



Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу.

Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз. Бэз расцвітаў якраз у час нашых школьных экзаменаў. Букет ружова-сініх кветак заўсёды стаяў на стале, засланым чырвоным абрусам. За сталом сядзелі строгія экзаменатары, а на стале былі акуратна раскладзены білеты. Зверху білеты былі ўсе аднолькавыя. Які выбраць?

Падыходзячы да стала, я заўсёды хваляваўся. У такія хвіліны я, вядома, не звяртаў увагі на бэз, хоць стаяў ён у мяне пад самым носам. Затое пасля экзамену пах бэзу да самага вечара п'яніў мне галаву...

Ніколі яшчэ бэз не расцвітаў так, як сёлета. Ён сінеў цэлымі азяркамі па садах, палісадніках, у нашым станцыйным скверыку.

Але бэз у гэтую вясну на першым часе не хваляваў мяне і не радаваў зусім. Упершыню за многія гады і мне, і маім сябрам не трэба было здаваць экзаменаў. Не было і настаўнікаў, якія вучылі нас у школе. Адны з іх пайшлі на фронт і ваявалі пад Ржэвам, а можа, пад Севастопалем, а другія таксама не задавалі нам урокаў, бо на фасадзе нашай школы трапятаў чужы сцяг з чорнай свастыкай.

У нашай школе цяпер размясціўся нямецкі камендант. Ён не думаў аб тым, што нам трэба вучыцца. Камендант дбаў аб другім. Ён павесіў загад, за невыкананне якога дакляраваў адну толькі смяротную кару. Камендант абяцаў смерць кожнаму, хто захоўваў агнястрэльную зброю, хто распаўсюджваў злосныя чуткі пра непераможную германскую армію, хто мог паявіцца на вуліцы ў начны час.

Што датычыць мяне і маіх сяброў - Цішкі Дразда, Міколы і Сымона Біцюгоў, - то мы пакуль што добрасумленна выконвалі толькі апошні пункт загаду. Як гэта і было дазволена, мы расхаджвалі па вуліцы толькі да адзінаццаці гадзін вечара.

Часцей за ўсё мы наведваліся ў наш станцыйны скверык. Пад вечар там збіралася моладзь. На лавачках сядзелі хлопцы і дзяўчаты. Яны размаўлялі і нават іншы раз смяяліся, быццам на свеце не было ні каменданта, ні вайны. Іншы раз у скверыку рыпаў гармонік, а на заасфальтаванай яшчэ да вайны пляцоўцы наладжваліся танцы. Ніхто з нашай чацверкі ні разу не пайшоў танцаваць. Мы лічылі, што весяліцца, танцаваць у такі час, калі ідзе вайна, калі ліецца кроў, проста ганебна.

- Здраднікі, - са злосцю пазіраючы на тых, што танцуюць, шаптаў Мікола Біцюг. - Знайшлі час весяліцца - гранату б сюды.

- Не трэба раскідвацца гранатамі, - падсякаў Міколу Сымон Біцюг. - Дый у цябе ж яна толькі адна.

Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў, а ў вачах у Цішкі Дразда запальваліся вясёлыя агеньчыкі. Цішка наогул любіў пасмяяцца, любіў вясёлыя гісторыі, і цяпер пасля Сымонавых слоў ён, мабыць, маляваў сабе карціну, як доўгі і няскладны Мікола шпурляе гранату ў дзяўчат, што танцуюць на заасфальтаванай пляцоўцы.

Нягледзячы на рознасць поглядаў і характараў, мы ўчатырох сыходзіліся ў адным: нельга сядзець склаўшы рукі, трэба дзейнічаць. Мы лічылі сябе баявой групай, і на гэта былі ўсе падставы. На нашым узбраенні ўжо быў вінтовачны абрэз, дзве лімонкі з капсулямі, з паўпуда аманалу і кавалак бікфордавага шнура. Мы былі заклапочаны планамі далейшага ўзбраення і ў хуткім часе збіраліся аб'явіць германскаму фашызму бязлітасную вайну.

А пакуль што мы з горда ўзнятымі галовамі праходзілі па скверыку, скоса пазіраючы на нямецкія франтавыя зводкі, павешаныя на дошцы аб'яў. Па праўдзе кажучы, асаблівай увагі на гэтыя зводкі не звяртаў ніхто. Дый весялосць тут, у скверыку, працягвалася нядоўга. У палавіне адзінаццатай на алеі паяўлялася здаравенная постаць паліцэйскага Кірылы Сёхмана, і ўсе збіраліся дамоў. Кірыла тут, у скверыку, адчуваў сябе вельмі значнай асобай. Ён быў важны, надзьмуты і раз-пораз пазіраў на свой наручны гадзіннік, які раздабыў нядаўна.

Цішка Дрозд у такія хвіліны сіпеў прыдушаным смехам, і мы, каб быць далей ад граху, шыбавалі дадому. Мы добра ведалі, што за птушка Кірыла Сёхман. Да вайны стаяў ён пры дзвярах клуба кантралёрам, але абакраў касіра, і яго засудзілі. А цяпер ён зноў аднекуль прыплыў. Не варта было з такім тыпам звязвацца.

Адным словам, на нашу агульную думку, усе мы ўчатырох былі добрымі хлопцамі. Мы ні разу не паддаліся на прыманку маладосці, не пайшлі танцаваць, не зналіся з дзяўчатамі. Мы рыхтавалі з сябе барацьбітоў, бязлітасных, мужных, зацятых. І хоць на зямлі была вясна, хоць так прывабна расцвітаў бэз, мы трымаліся стойка, адкладваючы сардэчныя справы на час пасля вайны.



Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна і калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам.

Пачалося ўсё вось з чаго. Аднойчы ў скверыку я ўбачыў незнаёмую дзяўчыну. У белай сукенцы, з белым капялюшыкам на галаве, яна мне адразу кінулася ў вочы. Яна была зусім не падобная на дзяўчат, якіх я сустракаў дагэтуль. Трымалася яна смела, незалежна і, шчабечучы нешта вясёлае, звонка смяялася.

Я ўбачыў белую тоненькую дзяўчыну і ў першы вечар, і ў другі, і ў трэці. І ўвесь час яна была вясёлая, смяялася.

Першы час я праходзіў міма дзяўчыны з самым незалежным выглядам. Я не кінуў у яе бок ніводнага прыязнага позірку, стараўся на яе не паглядаць. Я лічыў яе асобай пустой, нікчэмнай, не вартай увагі наогул. У думках я вінаваціў тоненькую дзяўчыну за яе бестурботны смех, за яе звонкае шчабятанне. Як магла яна смяяцца ў такі час!

Вядома, дзяўчына ў белай сукенцы нічога не ведала пра мае абвінавачванні. Яна кожны вечар прыходзіла ў скверык, яе жывыя сінія вочы весела пазіралі на свет, і яна, нібы назло мне, звонка шчабятала.

Я быў поўны абурэння і гневу. Справа ў тым, што хоць я яшчэ і не зрабіў ніводнага подзвігу, але ў глыбіні душы лічыў сябе здольным на гераічныя ўчынкі. У сваім уяўленні я маляваў сябе ў розных геройскіх ролях. Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю Кірылу Сёхмана, забіваю цэлы дзесятак фашыстаў, нарэшце, падаю забіты сам... Белая дзяўчына перастала смяяцца, у яе вачах захапленне, роспач, пакута. Яна плача, вінаваціць сябе за свой смех. Яна становіцца другой...

Адзін раз дзяўчына прыйшла ў сквер з кветкамі. У яе руках быў бэз і белая чаромха. Яна трымала кветкі беражна, як трымаюць якую-небудзь вельмі каштоўную рэч. Яшчэ праз колькі часу я пачуў, як яна спявала. Яе голас можна было пазнаць сярод тысячы другіх галасоў... І вось хутка я адчуў, што мне няма куды схавацца ад жывых сініх вачэй з-пад белага капялюшыка, ад звонкага шчэбету, ад гэтай цудоўнай белай птушкі. Яе вобраз стаяў перад маімі вачамі, дзе б я ні быў, што б я ні рабіў. Я ўжо не мог пражыць дня, каб пад вечар не схадзіць у скверык, не пабачыць тоненькай дзяўчыны.

Я стаў задумлівы, разгублена адказваў на пытанні сваіх сяброў і свой душэўны стан не змог схаваць ад іх вачэй.

- Ты гэта што ж, Цімох, можа, хочаш у кусты? - грозна падступіў да мяне аднойчы Мікола Біцюг. - Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Ты вады не муці, кажы праўду. Спалохаўся?..

Я ледзь не кінуўся на Міколу з кулакамі, каб змяшаць яго з граззю за яго дурныя здагадкі. Цішка Дрозд мірыў нас пасля гэтага цэлую гадзіну. Сябры ўздыхнулі лягчэй, бо ўбачылі, што адступацца ад іх я не збіраюся. І ўсё ж я не мог расказаць ім праўды.

Хутка я ўжо ведаў імя дзяўчыны - Стася. Нядаўна яе прыслалі аднекуль працаваць у нашу аптэку. Там жа ў аптэцы, у доміку, схаваным у засені бэзавых кустоў, Стася і жыла.

Мне было непрыемна, што Стася працуе ў нямецкай установе. З другога боку я апраўдваў Стасю тым, што аптэка нарэшце не такая ўжо фашысцкая ўстанова. Можа, Стасю прымусілі працаваць, можа, без працы ёй нельга. Яна ж жыве адна, без бацькі і без маці...

Я нячутна паўтараў імя Стасі тысячу разоў у дзень, яно звінела ў маіх вушах як музыка. Я мог думаць пра сваю дзяўчыну цэлымі гадзінамі, прыдумваў розныя варыянты нашай размовы, нашай сустрэчы. Але пакуль што ніякай размовы не было, я не сказаў сваёй каханай ніводнага слова. Я прыходзіў у скверык, і калі заўважаў Стасю, сэрца ў грудзях пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло.