Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 4



Калі да гэтага дадаць, што ўвесь месячны ганарар раённай газеты лёгка можна было спусціць за гадзіну з добрым знаёмым каля піўнога ларка, то стане зусім зразумела, што газета трымалася на Панасюку і на тых адданых ёй энтузіястах, якіх ён здолеў вакол яе згуртаваць. Дзякуючы ім, Панасюк рабіў газету досыць цікавай. Ён неяк заўсёды ўмеў быць у самым цэнтры падзей, ведаў, дзе што робіцца, хто чым дыша, каго трэба падтрымаць, а каго «стукнуць». У нядзельныя дні, калі рэдактар быў дома, ён нязменна ішоў на кірмаш. Яго вёў туды, вядама, не меркантыльны інтарэс. Кірмаш даваў рэдактару матэрыял самы рознастайны. Тут ён сустракаўся са знаемымі калгаснікамі і брыгадзірамі, размаўляў з імі ў абстаноўцы, што выключае ўсялякую афіцыйнасць. Прыглядаўся Панасюк і да тых, у каго ўжо завялося пастаяннае месца на кірмашы. Пазней у газеце паяўляліся з’едлівыя фельетончыкі і заметкі.

Калі Панасюк сядзеў за сваім рэдактарскім сталом, рэдка так здаралася, каб у яго нікога не было. У рэдакцыю ведаў дарогу самы рознастайны люд. Аднойчы, калі я сядзеў у Панасюка, дзверы расчыніліся і на парозе нерашуча астанавіўся высокі чарнявы юнак з прыгожымі рысамі твару. «Заходзь, Коля, заходзь»,— у голасе рэдактара загучалі нейкія новыя, незнаёмыя мне ноткі. Юнак сеў на стул і маўчаў. Ён хацеў, відаць, нешта сказаць, але не адважваўся пры пастароннім чалавеку.

— Вершы прынёс? — запытаў рэдактар.— Не саромейся, гэта свой, ён таксама ў рэдакцыі працуе.

Коля выцягнуў з-за пазухі цэлы стус вершаў, і мы пачалі іх чытаць. Вершы былі яшчэ слабенькія, але трапяталася ў іх нешта жывое і свежае. Коля пісаў пра трактары, пра сяўбу ў калгасе, пра лес і салаўёў — пра тое, што ён бачыў і чуў. I ў гэтай непасрэднасці была свая шчырая паэзія. Адзін верш Панасюк паабяцаў надрукаваць, і Коля паляцеў з рэдакцыі, як на крыллях.

— Харошы хлопец, — сказаў мне рэдактар, калі юнак выйшаў,— Можа паэтам стане. Здаецца, ёсць здольнасці. Скончыць дзесяцігодку, забяру ў рэдакцыю, Валя, мабыць, к таму часу замуж выйдзе...

Ён стаў нечага задуменным і маўклівым. А прыцемкам, калі мы сядзелі на прыступках рэдакцыйнага ганка і слухалі размаітыя галасы вячэрняга раённага гарадка і ціхае шаптанне таполяў, што абступалі рэдакцыю, Панасюк расказаў мне адну гісторыю:

— Ведаеш, выратаваў мне жыццё ў сорак другім годзе адзін хлопец, яшчэ падлетак. Смелы быў хлопец, баявы. Нас прывязлі сюды ў раён на самалёце шасцярых. Вылецелі з падмаскоўнага аэрадрома мы вечарам, а ў поўнач былі ўжо тут, на месцы. Лётчык усё кружыў над самым лесам, шукаў умоўленых сігналаў. Надвор’е сапсавалася, хмары, хоць выкалі вока, не відаць нічога. Лётчык крычыць: «Паляцім назад, не маю права высаджваць вас, сігналаў няма». Але хіба прыемна лінію фронта яшчэ два разы пралятаць ды разрывы зенітак лічыць. «Высаджвай! — патрабуем.— Мы сігналы на зямлі самі знойдзем». Высадзіў ён нас-такі. Скочыў я з парашутам, вопыту вялікага ў мяне не было, толькі два разы і скакаў на трзніроўках. Раскрыў парашут высока над зямлёй, ну, і панесла мяне. Думаў ужо, што якраз у самыя лапы фашыстаў занясе. Зачапіўся за нейкае дрэва і, не разгледзеўшыся, давай хутчэй вызваляцца ад парашута. Рукі і твар абдзёр, пакуль прымасціўся на галіне. Памацаў рукой — сяджу на дубе, ля самай вершаліны. Паспрабаваў злазіць, да самай ніжняй галіны дабраўся. Але скакаць небяспечна, дуб, адчуваю, высокі. Таварышаў маіх таксама не чуваць, паразносіла ветрам. Знойдуць, думаю, вызваляць з бяды...

А на світанні, як глянуў уніз, дык і галава кругам пайшла. Стаіць мой дуб на ўзлеску адзін адным, бы той рэкрут на часах, як у песні пяецца. Недалёка вёска відна, крыху збоку — другая. А дуб мне трапіўся высачэзны, ствол у тры абхваты, ад ніжняй галіны да зямлі метраў восемнаццаць. Скочыш — і касцей не збярэш.

Хоць бы смерць людская трапілася, думаю. А то саб’юць, як варону, і каркнуць не паспееш. Але нічога не папішаш, сяджу на гэтым самым дубе, замаскаваўшыся. Назіраць мне адгэтуль добра — усё бачу, што ў адной і ў другой вёсцы робіцца. Нічога, здаецца, страшнага: бабы кароў выганяюць, са стрэльбамі нікога не відаць. I вось, гляджу: гоніць хлапчук кароў пад гэты самы дуб. Прыгнаў, размясціўся пад дубам і цяпельца сабе раскладае — ужо на восень бралася. Прыгледзеўся, нікога не відаць паблізу, і крычу зверху: «Хлопчык, немцы ў вёсцы ёсць?» А ён як кінецца наўцёкі з-пад дуба. Ну, думаю, цяпер прапаў, пойдзе і раскажа ўсім. А ён адбегся крыху і разглядваецца: хто гэта і адкуль крычыць. Нічога ён не ўбачыў, але ісці пад дуб баіцца. Тут я галінай зашастаў, і ён убачыў мяне. Бачу, паспакайнеў, падыходзіць. «Як ты туды залез! — дзівіцца. — Я думаў на такі дуб век не ўзлезеш». А я сваё: «Немцаў, — крычу, — няма ў вёсцы?» «Няма, — адказвае, — і паліцэйскія паўцякалі, партызан баяцца». Тут я зусім супакоіўся.



Папрасіў яго знайсці астровіну, каб з дуба як-небудзь злезці. Але дзе ж ты такую жардзіну знойдзеш! Мой пастушок усё-ж не разгубіўся. Пачухаў патыліцу і пабег. Бачу, цягне бярэмак сена. Палажыў і зноў пабег. Шчасце маё, што копы блізка стаялі. Цэлых дзве капы перацёг ён пад гэты дуб. «Ну, цяпер скакай, — крычыць. — Толькі на сена, не разаб’ешся». Скочыў я і, як бачыш, не разбіўся...

Панасюк змоўк. У той вечар неяк асабліва шасцелі лісцямі таполі. 3 цэнтра гарадка даносіўся вясёлы смех і маладая гамонка. Бярэзнікі ў вячэрнія часы заўсёды прыгажэлі і гарадок набываў нейкую задуменнасць і ціхую прывабнасць. Можна было да самай глыбокай ночы сядзець вось так на ганку і слухаць, як паволі заціхае жыццё. Першым змаўкаў рэпрадуктар на плошчы, вясёлай талакой праходзілі гледачы з апошняга кіносеанса, і толькі закаханыя шапталіся ў скверыку насупраць. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання.

— А дзе цяпер гэты пастушок?

Ён адказаў мне не адразу. Ён яшчэ доўга маўчаў і думаў.

— Таго пастушка няма больш на свеце. Павесілі немцы ў сорак трэцім годзе. Ведаеш, пасля таго дуба ён стаў нашым сувязным. Кожнага тыдня за дзесяць вёрст прыбягаў за газетай. Адзін раз нават свой верш напісаў: «Нам з фашыстам нельга жыць, нам фашыста трэба біць». Злавілі яго аднойчы з газетаміі і павесілі... Можа б, паэт з яго вырас...

Панасюк любіў газету. Вось чаму ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці. Паедзе ўпаўнаважаным на раён і дыктуе па тэлефоне заметкі з сельсовета. Пісаў ён не вельмі выдатна і заўсёды зайздросціў тым, у каго «лёгкая рука». Але ў яго затое было надзвычай тонкае чуццё на факты. Добрага факта Панасюк не прамінаў ніколі. Ён умеў яго павярнуць такім бокам, што прыходзілася дзіву давацца: як ты не падумаў пра гэта сам...

Ён быў яшчэ ў прыдачу і надзвычай шчодрым чалавекам. Не ўсякі рэдактар выкладзе перад прыезджым карэспандэнтам усе найлепшыя козыры свайго раёна. Ён жа і сам можа напісаць і ў абласную, і ў рэспубліканскую газету. Панасюк жа шчодра раздаваў братам па пяру і тэмы, якія падказвала яму жыццё раёна, і факты, сабраныя ім самім. 3 гэтай багатай крыніцы чэрпаў не раз і я сам. Ездзіў у тыя калгасы, куды Панасюк мне раіў паехаць, гаварыў з людзьмі, прозвішчы якіх ён мне называў.

Аднойчы я рашыў аддзячыць Панасюку за гэтую яго шчодрасць і дапамогу. Напісаў нарыс, прачытаў яму, а пасля падпісаў пад ім не толькі сваё, але і яго прозвішча. 3 рэдакцыі прыслалі Панасюку ганарар.. Але ён не спяшыў атрымоўваць грошы па паштоваму пераводу. Гэты перавод валяўся ў яго на стале да таго часу, пакуль яго не выявілі мае ж сябры-карэспандэнты. Выявілі і, канешне, далі належны ход грошам„ якія так недарэчна заляжаліся недзе на пошце...

Так мы працавалі. Прайшоў год, і другі, і трэці. За гэты час адбыліся, вядома, пэўныя змены і ў Бярэзніках, і ў самой рэдакцыі. Выйшла замуж і якраз за лейтэнанта адказны сакратар Мялешка Валя. Газету яна пакінула без ніякіх хістанняў. Сакратаром стаў той самы дзесяцікласнік, які некалі чытаў Панасюку і мне свае вершы. 3 ім рэдактару стала, вядома, лягчэй. Старэйшы панасюкоў сын Пятрок паступова расчараваўся ў футболе. Ён пераключыўся на авіяцыю. Клеіў планеры, майстраваў мадэлі і быў цвёрда пераконаны, што ўсе тыя, хто проста ходзіць па зямлі, а не лятае ў паветры, не варты яго ўвагі.